• Навiны
  • “А мне важна — выстаяць. У першую чаргу для сябе самога”

“А мне важна — выстаяць. У першую чаргу для сябе самога”

Апошняе абнаўленне: 12 снежня 2022
“А мне важна — выстаяць.  У першую чаргу для сябе самога”
humanrightshouse.org
Прамова Таццяны Нядбай на факельным шэсці ў гонар сёлетніх лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру

Нобелеўская прэмія міру для Алеся Бяляцкага – гэта ўзнагарода Алесю за ягоную шматгадовую працу, але таксама магчымасць прыцягваць увагу ўсяго свету (вашу ўвагу) да сітуацыі ў Беларусі. 

Алесь Бяляцкі сёння ў турме за праваабарончую дзейнасць, за абарону іншых людзей і іх правоў.

Тысячы іншых беларусаў таксама арыштаваныя і знаходзяцца ў невыносных умовах, якія міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вызнаюцца як катаванні.

Гэта адбываецца ў Еўропе. Свет павінен ведаць пра гэта і памятаць кожны дзень.

Сёння я стаю тут, перад вамі, але я не з’яўляюся сабой. Сёння я Алесь Бяляцкі і тысячы іншых зняволеных па палітычных матывах у Беларусі. Я – іх голас, іх цела, гляджу на ўсё іх вачыма. І дзякую ім за іх працу і адвагу. 

Хацела б прачытаць урывак з кнігі Бяляцкага, якая выйшла некалькі дзён таму. На англійскую мову ўрывак з кнігі пераклала з беларускай Вальжына Морт.

Калі мяне пытаюць, ці не хацеў бы я зьехаць зь Беларусі, дзе час, здаецца, спыніўся дзесяць гадоў таму, мой адназначны адказ —не… Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, хачу жыць і працаваць у Беларусі.

Многія людзі падтрымліваюць нас і зьвязваюць з намі свае надзеі. Мы распачалі дэмакратычны рух у краіне не для таго, каб спыніцца на паўдарозе да мэты. Мы, беларускія праваабаронцы, ідзём па нашай зямлі з упэўненасьцю. Мы ўпэўненыя ў канчатковым выніку нашай барацьбы. Няма сумневу, што было б немагчыма рабіць усё, што мы робім, без аднадумцаў і паплечнікаў.

Нармальнае, годнае жыцьцё — гэта калі жывеш і ведаеш, што ты пад аховаю права, Канстытуцыі. Адчуваеш абароненасьць сваёй прасторы. Але цяпер у нас няма такіх магчымасьцяў. Бо ў аўтарытарнай дзяржаве няма справядлівага суда, сумленнай міліцыі, справядлівых выбараў. Тут народ імкнуцца зрабіць вінцікам. А мы мусім зарадзіць грамаду адчуваньнем, смакам свабоды. Атрымаецца — тады і зломім рэжым.

Што ж мы будзем рабіць пасьля?

Як толькі зьменіцца грамадзка-палітычнае становішча ў нашай краіне, трэба дасягнуць найхутчэйшай, наколькі гэта ў людзкіх сілах, дэлукашызацыі нашага грамадзтва.

Нам спатрэбіцца выкрыць усе злачынствы, зьдзейсьненыя ўладамі, дамагчыся афіцыйнага разьвянчаньня і асуджэньня ідэалогіі, люстрацыі сярод яе паборнікаў, ідэолагаў, пракурораў, судзьдзяў, чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэта дзяржаўнай бясьпекі ды іншых органаў перасьледу, што бралі ўдзел у сістэматычным парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Нам спатрэбіцца неадкладная рэформа турэмнай сістэмы, што на цяперашні момант стварае бесчалавечныя ўмовы зьняволеньня.

Нам трэба будзе ўсталяваць эфектыўнае праваабарончае назіраньне і правесьці адпаведныя зьмены ў беларускім заканадаўстве.

Нам трэба будзе ўвесьці такую праваабарончую адукацыю ў школах і ўніверсітэтах, якая была б адначасова захапляльнай і дзейснай.

У нас будзе поўна справаў.

І нам спатрэбіцца прыкласьці ўсе намаганьні, сілы і практычны досьвед, каб забясьпечыць незваротны адыход эпохі дыктатуры і таталітарызму ў мінулае.

…Разумею, такі вось аптымістычны погляд у персьпектыву можа падацца некаму штучным, найграным, бо ён належыць чалавеку за кратамі.

Зьняволенаму. Палітвязьню. Сьведку і ўдзельніку новага беларускага Адраджэньня.

Я кажу шчыра, бо ведаю, пра што, і веру ў сябе.

Веру ў нас.

Веру ў Беларусь.

Гісторыя вучыць: не заўсёды пацярпелыя прайграюць. І не заўсёды той, хто выйграў, становіцца пераможцам.

Цяжкі, драматычны, пакручасты шлях самапошуку, самаўсьведамленьня і стварэньня новым вольным народам новай дэмакратычнай дзяржавы мусіць урэшце скончыцца перамогаю.

Як у нашых суседзяў-братоў па Вялікім Княстве Літоўскім.

…Гэта яшчэ будзе. Абавязкова.

Ну а пакуль я зноў у фокусе ўвагі і ў цэнтры выпрабаваньняў.

Для сістэмы важна зламаць мяне, каб усе ведалі, на чыім баку сіла.

А мне важна — выстаяць.

У першую чаргу для сябе самога.

Але ж гэта важна і для тых, хто спачувае і перажывае за мяне, хто з волі назірае за тым, як я паводжуся, як трымаюся.

Калі чую крытыку наконт марнасьці нашых намаганьняў, маўляў, штогод — усё тыя ж ганеньні, ахвяры, канфіскацыі, гвалт, звальненьні, выключэньні, я заўжды адказваю: не здавайцеся, супраціўляйцеся!