Сёння стала вядома, што інфармацыя пра смерць украінскага пісьменніка Уладзіміра Вакуленкі (Володимир Вакуленко) ад рук расійскіх акупантаў пацвердзілася. У сакавіку 2022-га яго выкралі з вёскі на Ізюмшчыне – і шмат месяцаў ніхто не ведаў, дзе ён. Пасля вызвалення Ізюма ўкраінскімі войскамі ў горадзе знайшлі масавае пахаванне, у якім было больш за 400 цел. Вынікі ДНК-экспертызы сведчаць, што сярод забітых быў і Уладзімір Вакуленка.
Уладзімір – вядомы дзіцячы пісьменнік, аўтар шматлікіх кніг, лаўрэат літаратурных прэмій. У яго застаўся непаўналетні сын з інваліднасцю, якому патрэбная дапамога.
У 2020-м Уладзімір Вакуленка быў адным з першых украінскіх літаратараў, хто адгукнуўся на пратэсты і рэпрэсіі ў Беларусі. Ён звярнуўся да паэтаў і перакладчыкаў і падрыхтаваў анталогію беларускай паэзіі «Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!»
Рада Беларускага ПЭНа спачувае родным пісьменніка і ўсёй украінскай літаратурнай супольнасці і зноў выказвае абурэнне расійскай агрэсіяй ва Украіне, што ўжо забрала тысячы жыццяў і скалечыла мільёны.