26 верасня Еўрапейскі дзень моў святкуецца ва ўсіх краінах Еўропы. З 2001 г. Дзень моў спрыяе асэнсаванню багатай палітры разнастайных моў, на якіх размаўляюць у Еўропе і па-за яе межамі. У гэты дзень праект EWC #FreeAllWords звяртае ўвагу грамадскасці на няспынныя парушэнні моўных правоў не толькі пісьменнікаў, але і ўсіх грамадзян Беларусі і Украіны.
Парушэнні моўных правоў ва Украіне
«На акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях Украіны адбываецца мэтанакіраванае знішчэнне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, гэта значыць усяго, што мае дачыненне да ўкраінскай мовы і культуры,
— тлумачыць Ніна Георге (Nina George), раманіст і прэзідэнт EWC.
— Наўзамен гвалтоўна насаджаецца руская мова, руская культура, расійскі светапогляд і ідэалогія, а людзей, якія размаўляюць па-ўкраінску, катуюць і забіваюць».
У Марыупалі акупацыйныя ўлады замяняюць украінскія падручнікі на рускія і ўкараняюць расійскую вучэбную праграму, запалохваючы бацькоў вучняў.
У Балаклеі падчас акупацыі нельга было размаўляць па-ўкраінску, толькі па-руску. Людзі з праўкраінскай пазіцыяй і тыя, у каго знаходзілі ўкраінскую нацыянальную сімволіку, знікалі без вестак.
На акупаваных тэрыторыях расіяне знішчаюць украінамоўныя кнігі ў бібліятэках.
Дэпартаваных у Расію ўкраінскіх дзяцей прымусова русіфікуюць.
Парушэнні моўных правоў у Беларусі
У Беларусі дыскрымінацыя і прыцясненне беларускай мовы і яе носьбітаў ажыццяўляюцца самой дзяржаўнай сістэмай цягам двух дзясяткаў гадоў. За гады кіравання Лукашэнкі колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшылася з 85,6% (1999) да 61,2% (2019). Беларускамоўныя школы наведваюць толькі 11,1% вучняў, а самі школы пераважна знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Дзеці, якія навучаюцца па-беларуску, не маюць магчымасці працягнуць сваю адукацыю на беларускай мове ва ўніверсітэтах, паколькі ў Беларусі няма аніводнай вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай выкладання. Мова беларускага друку і медыя — пераважна руская. Мова дзяржаўнага справаводства і арміі — руская.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сітуацыя істотна пагоршылася. Да ўжо існай цэнзуры, унясення вялікай колькасці беларускамоўных аўтараў у чорныя спісы (іх кнігі не могуць трапіць у бібліятэкі і кнігарні, іх творы выключаныя з падручнікаў, немагчыма ладзіць публічныя сустрэчы з чытачамі) дадаўся пераслед не толькі беларускамоўных творцаў, але і ўласна носьбітаў мовы. У 2022 годзе ў Беларусі людзей саджаюць у турмы за сам факт выкарыстання беларускай мовы, а беларускамоўныя кнігі ўключаюць у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Падрабязней з аглядам моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі, падрыхтаваным грамадскай арганізацыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў», можна пазнаёміцца тут.
Пачынаючы з 2020 года Беларусь знаходзіцца ў стане «прававога дэфолту», усе незалежныя медыя, якія рабілі дакладныя маніторынг і фактчэкінг, вымушана пакінулі краіну, а бальшыня праваабаронцаў знаходзіцца за кратамі.
«Мы не павінны рабіць выгляд, што нічога дрэннага не адбываецца, ці спакойна прымаць нападкі на ідэнтычнасць і свабоду волевыяўлення. Знішчэнне мовы — гэта знішчэнне народа і яго гісторыі. Абарона фундаментальных каштоўнасцей Еўропы таксама ўключае ў сябе і абарону моў нашых суседзяў»,
— кажа Ніна Георге.
Разам з арганізатарамі праекта EWC #FreeAllWords мы заклікаем міжнародную супольнасць далучыцца да захавання і абароны дзвюх еўрапейскіх моў, украінскай і беларускай, з дапамогай любых магчымых сродкаў.
Нашы прапановы ўключаюць:
- зварот да міжнароднай супольнасці ствараць праекты перакладаў, праграмы падтрымкі ці рэзідэнцый і стыпендый дзеля захавання беларускай і ўкраінскай моў;
- зварот да кнігавыдаўцоў публікаваць беларускія і ўкраінскія кнігі ў арыгінале, асабліва тых твораў, якія былі забароненыя ці абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»;
- заклік да прыняцця Камітэтам па правах чалавека Парламенту Еўрапейскага Звязу адпаведных мер, каб абараніць культурную і лінгвістычную спадчыну Украіны і Беларусі;
- заклік да ЮНЭСКА даследаваць сітуацыю ў Беларусі і ва Украіне з пункту гледжання моўнай разнастайнасці, парушэнняў правоў чалавека і лінгвістычнай спадчыны.
Пра #FreeAllWords
#FreeAllWords — гэта праект падтрымкі для беларускіх і ўкраінскіх аўтараў ва ўсіх жанрах, арганізаваны пад эгідай Рады еўрапейскіх пісьменнікаў (EWC). #FreeAllWords быў заснаваны пісьменніцкімі саюзамі A*dS (Пісьменнікі Швейцарыі), Forfatterforbundet (Нарвегія) і Супольнасці беларускіх пісьменнікаў (Беларусь).
У межах праекта #FreeAllWords кароткія, актуальныя і арыгінальныя тэксты, інтэрв’ю, рэпартажы, эсэ, вершы і іншыя літаратурныя формы перакладаюцца на еўрапейскія і міжнародныя мовы і распаўсюджваюцца праз вялікую колькасць разнастайных каналаў сувязі — лічбавыя, друкаваныя, блогі, СМІ і г. д. Першыя творы і пераклады 30 аўтараў з Беларусі, Украіны і Расіі будуць выдадзеныя ў 31 краіне ў бліжэйшыя шэсць месяцаў.
Мэта — адзін мільён надрукаваных слоў для захавання міру і свабоды самавыяўлення, для паразумення паміж культурамі і народамі. Гэта наш унёсак, каб пераканаць людзей у тым, што нам усім трэба імкнуцца пабудаваць вольнае, дэмакратычнае, мірнае і інклюзіўнае грамадства.
Для дасылкі твораў для ўдзелу ў праекце: [email protected]
Для СМІ: Susanne Tenzler-Heusler, сувязь з прэсай і СМІ, падзеі і кнігі, +49 173 378 6601, [email protected]