• Навiны
  • Улады Саудаўскай Аравіі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць актывістку па абароне правоў жанчын Сальму аль-Шэхаб

Улады Саудаўскай Аравіі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць актывістку па абароне правоў жанчын Сальму аль-Шэхаб

Апошняе абнаўленне: 31 жніўня 2022
Улады Саудаўскай Аравіі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць актывістку па абароне правоў жанчын Сальму аль-Шэхаб

Мы, ніжэйпадпісаныя НДА, заклікаем міжнародную супольнасць аказаць ціск на ўлады Саудаўскай Аравіі, каб яны неадкладна і безумоўна вызвалілі актывістку па абароне правоў жанчын Сальму аль-Шэхаб, якая нядаўна была асуджаная на 34 гады турэмнага зняволення за твіты ў падтрымку жанчын і захаванне асноўных правоў і свабод. Гэта самы вялікі тэрмін, вынесены мірнаму актывісту, які адстойвае свабоду слова ў Саудаўскай Аравіі. Гэта сведчыць аб пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Сальма Аль-Шэхаб, 34-гадовая маці дваіх дзяцей – гігіеніст-стаматолаг і аспірантка Універсітэта Лідса ў Вялікабрытаніі, дзе яна пражывала да затрымання. Яна была арыштаваная 15 студзеня 2021 года падчас адпачынку ў Саудаўскай Аравіі. Яе дапытвалі на працягу дзевяці з паловай месяцаў і трымалі ў адзіночным зняволені. Пасля Аль-Шэхаб паўстала перад спецыяльным крымінальным судом (СУС), які выкарыстоўваецца як інструмент рэпрэсій для падаўлення іншадумства ў каралеўстве. Аль-Шэхаб належыць да мусульманскай меншасці шыітаў, якія даўно пакутуюць ад рэпрэсій ўрада.

9 жніўня 2022 года Апеляцыйны суд па крымінальных справах прысудзіў Аль-Шэхаб 34 гады турэмнага зняволення. Прысуд стаў вынікам абуральна несправядлівага судовага разбіральніцтва, за якім рушыла забарона на выезд на такі ж тэрмін. Прад’яўленыя ёй абвінавачванні ўключалі “падтрымку тых, хто імкнецца парушыць грамадскі парадак” і публікацыю твітаў, якія “парушаюць грамадскі парадак”. Такімі, на думку ўладаў, сталі твіты, у якіх Аль-Шэхаб выказвала падтрымку вязням сумлення, у тым ліку актывістцы Руху за правы жанчын Луджайн аль-Хатлул. Прысуд таксама прадугледжвае закрыццё яе акаўнта ў Twitter і дэактывацыю яе нумара тэлефона.

Аль-Шэхаб была асуджана ў адпаведнасці з жорсткімі законамі Каралеўства аб барацьбе з тэрарызмам і кіберзлачыннасцю. Заканадаўства ўключае невыразныя фармулёўкі, якія крыміналізуюць правы на свабоду слова, асацыяцый і мірных сходаў у Саудаўскай Аравіі. У сакавіку 2022 года, праз 14 месяцаў пасля затрымання, ёй быў вынесены шасцігадовы прысуд, але ў ходзе апеляцыйнага працэсу тэрмін пакарання быў павялічаны, што прывяло да самага доўгага тэрміна мірнаму актывісту ў краіне. Гэта рашэнне можа быць абскарджана ў Вярхоўным судзе.

Мы рашуча асуджаем адвольны арышт і незаконны прысуд Аль-Шэхаб, які азначае далейшую эскалацыю падаўлення свабоды слова ў Саудаўскай Аравіі. У адрозненне ад рыторыкі ўладаў аб правах чалавека, уключаючы правы жанчын і прававыя рэформы, рэальныя рухаючыя сілы рэформаў – актывісты, якія выступаюць за асноўныя правы – працягваюць бязлітасна пераследавацца. Рэпрэсіўныя законы, у сваю чаргу, выкарыстоўваюцца для крыміналізацыі мірных выказванняў і актывізму.

Несправядлівы прысуд Аль-Шэхаб быў вынесены адразу пасля візіта прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Саудаўскую Аравію, а таксама за тым, як прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прыняў у Парыжы наследнага прынца Саудаўскай Аравіі і дэ-факта кіраўніка Мухамеда бін Салмана. Падобныя сустрэчы на высокім узроўні без вылучэння жорсткіх папярэдніх умоў толькі падштурхнулі кіраўніцтва каралеўства да далейшых парушэнняў, пра што многія з нас папярэджвалі яшчэ да паездкі Байдэна.

Паколькі глабальныя заклікі прыцягнуць кіраўніцтва Саудаўскай Аравіі да адказнасці – у прыватнасці, за забойства Джамаля Хашогі ў 2018 годзе, здзейсненае пры падтрымцы дзяржавы – становяцца ўсё цішэй, улады вяртаюцца да звыклай рэпрэсіўная мадэлі паводзінаў, якая з’яўляецца пастаяннай рысай праўлення кронпрынца з 2017 года. Гэта ўключае адвольныя арышты і затрыманні людзей, якія мірна ажыццяўляюць свае асноўныя правы і свабоды; працяглыя турэмныя тэрміны для мірных крытыкаў; адвольнае ўжыванне забароны на падарожжы супраць актывістаў, адбыўшых свой турэмны тэрмін; наўмысная медыцынская і адміністрацыйная халатнасць, якая прыводзіць да смерцяў у зняволенні; бесчалавечныя ўмовы ў цэнтрах утрымання пад вартай працоўных-мігрантаў і іх сем’яў.

Між тым, сёлета ўлады Саудаўскай Аравіі прывялі ў выкананне 120 смяротных прысудаў, што больш чым удвая  перавышае лічбу за 2021 год. Гэта ўключае і смяротнае пакаранне 81 чалавека 12 сакавіка 2022 года —  найбуйнейшае масавае пакаранне за апошнія дзесяцігоддзі.

Толькі бесперапынны міжнародны ціск на ўлады Саудаўскай Аравіі прывядзе да значнага прагрэсу ў справе поўнага захавання правоў і свабод чалавека ў краіне. Таму мы заклікаем міжнародную супольнасць, асабліва дзяржавы, якія валодаюць дыпламатычным уплывам, такія як ЗША і Вялікабрытанія, аказаць ціск на ўлады Саудаўскай Аравіі з мэтай неадкладнага і безумоўнага вызвалення Сальмы Аль-Шэхаб і адмены яе прысуду, а таксама вызвалення ўсіх іншых асоб, затрыманых у цяперашні час у каралеўстве за мірнае ажыццяўленне сваіх асноўных правоў і свабод.

Падпісаліся:

  1. ACAT-France
  2. Access Now
  3. ALQST for Human Rights
  4. Americans for Democracy & Human Rights in Bahrain (ADHRB)
  5. Amnesty International
  6. ARTICLE19
  7. Danish PEN
  8. Democracy for the Arab World Now (DAWN)
  9. Electronic Frontier Foundation
  10. English PEN
  11. European Centre for Democracy and Human Rights (ECDHR)
  12. European Saudi Organisation for Human Rights (ESOHR)
  13. FEMENA
  14. Freedom House
  15. The Freedom Initiative
  16. Freedom Now
  17. Gulf Centre for Human Rights (GCHR)
  18. Human Rights First
  19. Human Rights Foundation (HRF)
  20. Human Rights Sentinel
  21. IFEX
  22. The International Campaign for Freedom in the United Arab Emirates (ICFUAE)
  23. International Federation for Human Rights (FIDH), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
  24. International Service for Human Rights (ISHR)
  25. MENA Rights Group
  26. Peace Action
  27. PEN America
  28. PEN Belarus
  29. PEN International
  30. Project on Middle East Democracy (POMED)
  31. Red Line for Gulf (RL4G)
  32. Scholars at Risk
  33. SMEX (Social Media Exchange)
  34. The Tor Project
  35. Vigilance for Democracy and the Civic State
  36. World Organisation Against Torture (OMCT), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders