Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягваннем прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Разгляд такіх спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.
Нам вядома пра асуджэнне:
Паўла Абуховіча да прымусовага псіхіятрычнага лячэння паводле ч. 1 арт. 130, 369, ч. 1 арт. 368 КК за размешчаныя ў Інтэрнэце каментары ў сацыяльнай сетцы, утрыманне якіх у пастанове суда не прыводзіцца і якія змяшчаюць крытыку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, абразу былога начальніка ГУБАЗіК, намесніка міністра ўнутраных спраў М. Карпянкова і А. Лукашэнкі; у адсутнасць прыкмет грамадскай небяспекі абвінавачанага, калі ён мог бы нанесці шкоду навакольным і/ці сабе, змяшчэнне яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар разглядаецца намі як адвольнае пазбаўленне свабоды;
Аляксея Грыцкевіча да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі паводле арт. 368 і 130 КК за абразу А. Лукашэнкі і каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да “сацыяльнай групы”;
Паўла Бабчонка да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі паводле ч. 1 арт. 130 КК за размешчаны ў сацыяльнай сетцы каментар з меркаваннем аб прыцягненні ў будучыні да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць правоў і свабод;
Уладзіміра Рабчанку да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў паводле ч. 1 арт. 130 і арт. 369 КК за абразу прадстаўнікоў ОУС і іншых дзяржаўных органаў, датычных да парушэння правоў і свабод грамадзян, і выказванне меркавання пра неабходнасць прыцягнуць іх да адказнасці ў будучыні;
Уладзіміра Прадкіна да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 342-1 КК за размешчаныя ў сацыяльных сетках свае фатаграфіі з кіназдымак у форме афіцэра нямецкага войска, публікацыю ў сацыяльнай сетцы мемуараў нямецкага генерала з апраўданнем нацызму і прапанову паведаміць жадаючым спосабы самагубства; публікацыю мемуараў абвінавачаны растлумачыў цікавасцю да гісторыі і спосабам апраўдання злачынстваў нацызму; адносна акалічнасцяў дзеянняў, кваліфікаваных паводле арт. 342-1 КК, сцвярджаў, што гэта жарт;
Івана Супрунчыка да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў паводле арт. 179 і ч. 1. арт. 13, ч. 3 арт. 130 КК за перадачу звестак супрацоўніка органаў унутраных спраў у “экстрэмісцкі” тэлеграм-канал;
Віталя Гузава ў закрытым судовым пасяджэнні да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі паводле арт. 368 і ч. 1 арт. 130 КК за абразу А. Лукашэнкі і “распальванне сацыяльнай варожасці”;
Аляксея Парэцкага ў закрытым судовым пасяджэнні да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў папраўчай калоніі паводле ч. 2 арт. 367 і ч. 1 арт. 130 КК за паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі і “распальванне сацыяльнай варожасці”;
Роберта Кузняцова ў закрытым судовым пасяджэнні да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі паводле ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 361, арт. 370 КК за абразу А. Лукашэнкі, заклікі да захопу ўлады і да санкцый у дачыненні да Беларусі, “распальванне сацыяльнай варожасці”, знявагу дзяржаўных сімвалаў у сетцы Інтэрнэт;
А таксама Аляксея Багдзея паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293 КК да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў — публікацыю ў сетцы Інтэрнэт заклікаў да звяржэння ўлады, супраціву прадстаўнікам улады, блакавання праездаў.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Паўла Абуховіча, Аляксея Грыцкевіча, Паўла Бабчонка, Уладзіміра Рабчанкі, Уладзіміра Прадкіна, Івана Супрунчыка, Віталя Гузава, Аляксея Парэцкага, Роберта Кузняцова, Аляксея Багдзея з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Human Constanta.