#FreeAllWords: Еўрапейская рада пісьменнікаў распачынае праект дзеля падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў

Апошняе абнаўленне: 5 жніўня 2022
#FreeAllWords: Еўрапейская рада пісьменнікаў распачынае праект дзеля падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў

Еўрапейская рада пісьменнікаў (European Writers’ Council (EWC) распачынае праект #FreeAllWords, каб падтрымаць беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, якія працягваюць займацца творчасцю ва ўмовах расійскай ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Украіны і жорсткага падаўлення свабоды слова і самавыражэння ў Беларусі.

Галоўная мэта #FreeAllWords — даць удзельнікам праекта пляцоўку, з дапамогай якой яны змогуць распавесці еўрапейскай аўдыторыі пра падзеі ў сваіх краінах, мець магчымасць быць пачутымі ў грамадствах, якія не ведаюць, што такое вайна, рэпрэсіі і дыктатура.

На сайце #FreeAllWords будуць публікавацца творы ўкраінскіх і беларускіх пісьменнікаў у перакладах на іншыя еўрапейскія мовы. Усяго плануецца апублікаваць не меней за 100 твораў (тэксты, эсэ, інтэрв’ю, вершы). Таксама творы будуць друкавацца ў прэсе і размяшчацца на некамерцыйных партнёрскіх рэсурсах той краіны, на мове якой здзейснены пераклад.

Праект запрашае да ўдзелу беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, а таксама перакладчыкаў на еўрапейскія мовы!

Праект #FreeAllWords дасць магчымасць аўтарам размаўляць і быць пачутымі, нягледзячы на ўвесь жах вайны і рэпрэсій, дапаможа еўрапейскай аўдыторыі праз творчасць пісьменнікаў яшчэ больш даведацца пра Украіну і Беларусь.

Калі вы перакладчык, дашліце свае кароткае рэзюмэ на адрас з пазнакай “перакладчык/перакладчыца”: [email protected]

Калі вы паэт ці празаік, дашліце вашыя тэксты (не болей за 7 тысяч знакаў з прабеламі) з пазнакай “аўтар/аўтарка” на адрас: [email protected]

У першую чаргу будуць разглядацца тэксты, якія адпавядаюць тэме праекта і на якія аўтар валодае эксклюзіўнымі правамі.

Адбіраць тэксты да ўдзелу ў праекце будзе спецыяльная камісія #FreeAllWords, якая складаецца з прадстаўнікоў пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый.

Падрабязней.