Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 18 ліпеня 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2022 года)

У перыяд 1–15 ліпеня 2022 года ў Беларусі відавочна павялічыліся рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры, узмацнілася цэнзура, дзяржаўнае змаганне з нацыянальнымі сімваламі і беларускай мовай. Затрыманні адбываліся з катаваннямі і гвалтам. Паводле крымінальных палітычна матываваных спраў асуджаны: Данута Перадня, Ігар Фалейчык, Аляксей Вячэрні, Кацярына Андрэева (Бахвалава), Зміцер і Наста Дашкевічы, Ігар Галушка, Анастасія Малашук і яе муж Аляксей Кедыш. Дзяржава імкнецца манапалізаваць права на вызначэнне зместу нацыянальнай памяці і кантроль за сферай культуры. На фоне абвешчанага «Года гістарычнай памяці» адбываецца дзяржаўны вандалізм у дачыненні да месцаў памяці і пахаванняў Другой сусветнай вайны: знішчылі могілкі вайскоўцаў Арміі Краёвай у Ваўкавыску, магілы вайскоўцаў Арміі Краёвай ля вёскі Качычы і вёскі Мікулішкі Гродзенскай вобласці. Працягваюцца палітычна матываваныя арышты дзеячаў культуры, звальненні за грамадзянскую пазіцыю.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 ліпеня суд Кіраўска Магілёўскай вобласці асудзіў Дануту Перадню на 6 гадоў і 6 месяцаў у калоніі за «нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі» (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і «абразу прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Дануту Перадню затрымалі 28 лютага ў маршрутцы за рэпост у адным з магілёўскіх чатаў тэксту з крытыкай Пуціна і Лукашэнкі за вайну ва Украіне, таксама там змяшчаўся заклік да вулічных выступаў і канстатавалася адсутнасць перспектыў для беларускай арміі ў выпадку яе ўступлення ў вайну. Данута Перадня вывучала рамана-германскую філалогію ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, яе адлічылі адтуль пасля затрымання ў лютым 2022 г. 10 чэрвеня КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» – туды дадалі 9 чалавек, сярод якіх была і Данута Перадня.

2. 7 ліпеня суд Баранавіцкага раёна вынес прысуд дыджэю Ігару Фалейчыку. Яму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 2 гады. Ігара Фалейчыка абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1. арт. 368 Крымінальнага кодэкса) за рэпост камедыйных відэаролікаў.

3. 8 ліпеня суд Віцебскага раёна вынес прысуд у крымінальнай справе Аляксея Вячэрняга, абвінавачванага ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Аляксей Вячэрні напісаў антываенны верш на тэму абстрэлу Украіны з тэрыторыі Беларусі, запісаў яго на відэа і выклаў у TikTok. Рашэнне суда – 1 год і 9 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

4. 13 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе палітзняволеная журналістка і нон-фікшн літаратарка Кацярына Андрэева (Бахвалава) асуджана на 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Кацярына Андрэева ўжо 1 год і 8 месяцаў знаходзілася за кратамі, калі 4 чэрвеня распачаўся новы судовы працэс паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справа мае грыф сакрэтнасці. Кацярына Андрэева – аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс» (2020, напісана разам з мужам, журналістам Ігарам Ільяшом). У кнізе адлюстраваны вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе. Прэзентацыя кнігі ў Беларусі адбылася 19 лютага 2020 года ў амбасадзе Украіны ў Мінску. 26 сакавіка 2021 года ў Беларусі кнігу прызналі экстрэмісцкай. 15 лістапада 2020 года Кацярыну Андрэеву затрымалі разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з мірнай акцыі «Я выходжу». У той дзень тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага мастака Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

5. 11 ліпеня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Змітра і Насты Дашкевічаў, якім інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак) – абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. Падчас следства, пакуль Зміцер Дашкевіч знаходзіўся за кратамі, Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця. У апошнім слове на судзе Зміцер Дашкевіч заявіў пра катаванні, якія ўчынялі супрацоўнікі міліцыі за тое, што ён гаварыў на беларускай мове: «Падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». 14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска быў агучаны прысуд: Змітру Дашкевічу – 1 год і 6 месяцаў калоніі, Насце Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі». Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

6. 14 ліпеня Гомельскі абласны суд вынес прысуд паводле крымінальнай справы краязнаўцы, вандроўніка, укладальніка турыстычных маршрутаў Ігара Галушкі, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Ігара Галушку затрымалі яшчэ 1 сакавіка 2022 года, трымалі ў гомельскім СІЗА № 3. Прысуд – 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

7. 15 ліпеня ў Ленінскім судзе Мінска адбыўся суд над керамісткай, заснавальніцай брэнда «PIUceramics» Анастасіяй Малашук і яе мужам Аляксеям Кедышам, абвінавачванымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Вынік суда: кожнаму – 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

8. 15 ліпеня ў судзе Заводскага раёна Мінска разглядалі пазоў «Мінсктранса» да журналіста і аўтара нон-фікшн літаратуры Алега Груздзіловіча за ўдзел у мірным шэсці на Партызанскім праспекце 18 кастрычніка 2020 года, калі ўдзельнікі перакрылі рух транспарту. Алег Груздзіловіч адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі за асвятленне акцый 2020 года. 15 ліпеня «Мінсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі патрабавання, распавяла жонка Алега Мар’яна Груздзіловіч, якая была на працэсе: «Прадстаўніца «Мінсктранса» – грамадзянскі пазоўнік. Алегу выставілі суму 5980 рублёў 11 капеек. Аднак пазоўніца паведаміла, што ўсю гэту суму ўжо цалкам аплацілі іншыя асобы. Таму пракурор папрасіў лічыць гэты пазоў выкананым. Пазоўніца паўтарыла тое самае. Суддзя прыняла гэта «да ўвагі» і абʼявіла, што пасяджэнне, на якім вынесуць канчатковае рашэнне, пераносіцца на 25 жніўня 2022 года». 

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 1 ліпеня ў Полацку на 15 сутак асудзілі салістку гурта «Варган» Ксенію Глот, затрыманую 30 чэрвеня. Муж Ксеніі Глот паведаміў у сацсетках: «Яна пайшла ў РАУС даваць тлумачэнні ў справе пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях». З міліцыі Ксенію Глот не выпусцілі.

2. 6 ліпеня ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці перад канцэртам супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным затрыманы Уладзімір Булаўскі – музыка, арт-менеджар, арганізатар канцэртаў з Віцебска. Уладзімір Булаўскі планаваў удзельнічаць у канцэрце «Купальскае кола», які праходзіў у Сянне, – граць з этнагрупай «Гук». Пра свой намер ён паведаміў у сацыяльных сетках. 7 ліпеня ў Віцебску яго асудзілі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту за «несакцыянаванае пікетаванне».

3. 6 ліпеня ў вёсцы Козенкі Мазырскага раёна затрыманы музыка з Мазыра Арцём Савіцкі, яго асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

4. 15 ліпеня ў Віцебску затрымалі каталіцкага святара Андрэя Вашчука, пробашча парафіі Святога Духа, якога абвінавачваюць у «парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч. 1. арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Прычынай затрымання, магчыма, стаў рэпост апошняга слова Змітра Дашкевіча ў судзе.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Нон-фікш аўтара, блогера і актывіста Паўла Вінаградава ў ваўкавыскай калоніі № 11 змясцілі на 5 сутак у штрафны ізалятар, дзе вязняў трымаюць у нялюдскіх умовах. 

IV. Арышты і катаванні за беларускую сімволіку і выказванні

1. 13 ліпеня ў Іванаве Брэсцкай вобласці затрыманы Андрэй Дражын, яго асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд праходзіў у закрытым рэжыме паводле двух артыкулаў, за пікетаванне і непадпарадкаванне. Пікетаваннем палічылі намаляваны на гаражнай браме герб «Пагоня», які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Падчас затрымання супрацоўнікі міліцыі збілі Андрэя Дражына – на «пакаянным» відэа відаць разбіты твар, кроў, сінякі на руках і нагах.

2. 13 ліпеня ў Іванаве Брэсцкай вобласці затрымана былая настаўніца рускай мовы Алена Пуцыковіч, якая ўжо адбывае пакаранне – 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») за два рэпосты з інфармацыяй пра супрацоўніка міліцыі. Затрыманне адбывалася з выкарыстаннем зброі, супрацоўнікі міліцыі стралялі ў сабаку Алены Пуцыковіч.

V. Дэбеларусізацыя

Рускамоўныя банеры, прысвечаныя беларускім літаратарам (Максіму Танку, Якубу Коласу, Янку Купалу) і культурным падзеям, ставяць па ўсёй Беларусі. Міністэрства культуры распрацавала эскізы банераў, што адлюстроўваюць юбілейныя даты 2022 года. Гэтыя эскізы, згодна з заключэннем працоўнай групы Міжведамаснага савета па рэкламе ад 4 мая 2022 года № 6-2022, прызнаны сацыяльнай рэкламай і могуць выкарыстоўвацца ўсюды.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да месцаў памяці і пахаванняў Другой сусветнай вайны

8 ліпеня ў Ваўкавыску знішчылі могілкі вайскоўцаў Арміі Краёвай. Таксама знішчаны магілы вайскоўцаў Арміі Краёвай ля вёскі Качычы і вёскі Мікулішкі Гродзенскай вобласці.

VII. Рэпрэсіі ў дачыненні да кніжнай сферы

1. 5 ліпеня суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць кнігарні «Асвета». 8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэння, а пазней склала пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Кнігарні прызначылі штраф 150 базавых велічынь (4800 рублёў). У 2022 годзе ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі»: кнігу Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Анатоля Тараса «Беларусь на раздарожжы», выданне Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя» і кнігу Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы».

2. 9 ліпеня стала вядома, што Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт выдавецтва «Arche». Агучаная прычына – «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» галоўны рэдактар выдання Валер Булгакаў. «Arche» – беларускі незалежны навуковы, навукова-папулярны, грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс.