Людзі Слова ў няволі (29)
Пошук

19 чэрвеня адбылася цырымонія ўручэння Прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год


19 чэрвеня ў Варшаве адбылася цырымонія ўганаравання лаўрэатаў Прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год.

Сёлета журы абрала чатырох пераможцаў: газету “Новы час” і яе рэдактарку Аксану Колб – за шматгадовую ўвагу да тэмаў культуры, гісторыі, правоў чалавека; за магчымасць для беларускіх палітвязняў атрымліваць папяровую версію газеты ў час, калі незалежнай прэсы ў друкаваным выглядзе ў Беларусі ўжо не засталося; кнігу «(Не)расстраляныя» (укладальнікі Сяргей Будкін, Віктар Жыбуль) – за вяртанне імёнаў і твораў рэпрэсаваных дзеячоў беларускай культуры; Дзмітрыя Строцава і яго кнігу “Беларусь перакуленая” (Дмитрий Строцев. Беларусь опрокинута) – за моцны паэтычны дакумент 2020 году і праўдзівае сведчанне аб пратэстах і салідарнасці, нянавісці і любові, аб роспачы і перамозе; Вольгу Шпарагу і яе кнігу “У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі” (Ольга Шпарага. У революции женское лицо. Случай Беларуси) – за аўтарскае эсэ пра ролю жанчын у беларускіх пратэстах, эмансіпацыю ўсіх слаёў грамадства і сястрынства ў турме.


Вольга Шпарага:

“Для мяне вялікі гонар быць разам з Алесем Бяляцкім, Валянцінам Акудовічам, Настай Захарэвіч, Ірынай Раманавай – тымі, хто атрымліваў гэту прэмію. Я лічу, што слова “салідарнасць” – гэта галоўнае слова і яно павінна нас аб’ядноўваць, яно павінна заставацца галоўным словам. Я па-ранейшаму веру ў нашае грамадства і мая кніга пра гэтую веру, пра тое, як мы будавалі салідарнасць у 2020 годзе. Мы не павінны адмаўляцца ад таго, што мы перажылі ў 2020 у тым ліку таму, што нашыя шаноўныя паплечніцы і паплечнікі застаюцца ў турмах і я думаю, што гэтая імпрэза адбываецца таксама дзякуючы ім”.

Дзмітрый Строцаў:

“Я вельмі здзіўлены і крануты тым, што мой паэтычны дзённік, мой паэтычны рэпартаж так пачуты, бо мая кніга гэта зборнік вершаў. <...> Мне важна сказаць, пра што я сведчыў: з аднаго боку – гэта было ўзрушэнне і перажыванне гвалту, звернутага да цэлага грамадства, а з другога боку – перажыванне неверагоднага шчасця ад таго, што на тваіх вачах нараджаецца новая Беларусь”.

Аксана Колб:

“Для мяне было вельмі нечакана атрымаць прэмію, але разам з тым я ганаруся, што наша рэдакцыя, “Новы час”, абраныя лаўрэатамі. Гэта вялікі гонар. <...> Спадзяюся, будуць іншыя часы, іншыя прэміі, будзем усе разам сустракацца, абдымацца, віншаваць адзін аднаго – дома. <...> Наколькі важна кожнаму з нас ведаць, чуць, адчуваць, што твая праца камусьці трэба. І сёння я думаю, што ўся рэдакцыя “Новага часа” адчула, наколькі запатрабаваная наша праца і колькі яшчэ працы наперадзе”.

Сяргей Будкін:

“Гэта не памінальная справа, гэта не пра трагічнасць, гэта пра жыццё і любой. Мы хацелі ўшанаваць творцаў не за тое, што іх забілі, а за тое, што яны зрабілі цягам свайго жыцця; прыняць іх у сваім часе, паспрабаваць распавесці пра іх на новы лад. Кніга і праект пачыналіся з неперажытай траўмы, якую атрымала наша грамадства 85 год таму. <...> Тады, на пачатку рэалізацыі, у 2017-2018, было цяжка ўявіць, што праз уласны досвед, у рэальнасці давядзецца перажываць нешта падобнае. <...> Разам з тым я веру, што ўсё адно будуць іншыя часы, светлыя, і гэтую прэмію я б хацеў прысвяціць палітычным вязням”.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і мас-медыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Мэтамі прэміі з’яўляюцца ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і вылучэнне найлепшых публіцыстычных твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці.