• Навiны
  • Абвешчаны поўны спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года

Абвешчаны поўны спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года

Апошняе абнаўленне: 10 красавіка 2026
Абвешчаны поўны спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць поўны спіс кніг, намінаваных на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года.

Сёлета перад журы паўстаў квяцісты хор галасоў і інтанацый, а таксама шырокая панарама паэтычных светаў. Кожная пададзеная кніга – прастора адметнага жыццёвага досведу, светаўспрымання і настрою.

Журы разгледзела ўсе заяўкі і сфармавала поўны спіс, у які ўвайшло 19 паэтычных кніг:

  1. «2/3» – Фелікс Аксёнцаў (hochroth Minsk, 2025)
  2. «Кабайн» – Мефедрон Бясєцкі, Налыса Альтанкавіч (Гніль) (Лысы чэрап, 2025)
  3. «А на вёсцы пануе ціша» – Марта Дамаўчанка (зашыфраваны ўдзел, 2025) 
  4. «Цемра сыдзе» – Бервета Ірзвіцкая, Конрад Жывойта (аўдыякніга, audiobooks.by, 2025) 
  5. «Анатомія» – Артур Камароўскі (Skaryna Press, 2025)
  6. «Белая рака» – Леў Капыльскі (зашыфраваны ўдзел, 2025)
  7. «Мы» – Хведар Крапіва (зашыфраваны ўдзел, 2025) 
  8. «Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў (Янушкевіч, 2025)
  9. «Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)
  10. «Ляці ляці сюрыкен» – Лусінэ (hochroth Minsk, 2025)
  11. «Той, хто смяецца» – Ілона Мядунка (зашыфраваны ўдзел, 2025)
  12. «Праспект Нежалезнасці» – Мікіта Найдзёнаў (Янушкевіч, 2025)
  13. «Сойка» – Захар Саковіч (зашыфраваны ўдзел, 2025)
  14. «Прыпадзь нічыя царыца» – Яфім Сойка (зашыфраваны ўдзел, 2025)
  15. «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, 2025)
  16. «Ich zerschneide die Geschichte / Рэжу гісторыю сабой» – Юлія Цімафеева (Edition frölich, 2025)
  17. «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)
  18. «Надзейны сродак ад прывідаў» – Ганна Янкута (hochroth Minsk, 2025)
  19. «Śviata žyćcia» – Frydrych Samotny (hochroth Minsk, 2025)

Гэты спіс адлюстроўвае, наколькі разнастайнай і жывой застаецца сучасная беларуская паэзія: ад інтымных, амаль шэптам надыктаваных тэкстаў – да выразных, вострых выказванняў пра час, у якім мы жывём.

Згодна са статутам прэміі, аўтары і аўтаркі могуць захоўваць ананімнасць з меркаванняў бяспекі. У такіх выпадках творы ўдзельнічаюць у конкурсе без раскрыцця імёнаў і назваў. Аўтарства будзе абвешчана толькі тады, калі гэта стане бяспечна.

Журы прэміі

Сёлета ў складзе журы – пяць галасоў, кожны з уласным досведам чытання і разумення паэзіі. Разам ім належыць прайсці шлях ад першага ўражання да ўдумлівага, уважлівага перачытвання, каб вызначыць паэтычную кнігу года.

Сярод публічных сябраў журы:

Андрэй Хадановіч
Паэт, перакладчык, літаратуразнаўца. Ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар  беларускай літаратуры ў Еўропе. Лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў і перакладаў з англійскай, французскай, польскай і ўкраінскай  моў.

Дар’я Бялькевіч
Паэтка, перакладчыца, аўтарка песень, арт-менеджарка. Лаўрэатка прэміі Наталлі Арсенневай, рэдактарка паэтычных кніг, вядоўца літаратурнага падкасту «Спіс на лета». Удзельніца міжнародных літаратурных фестываляў і рэзідэнцый.

Віталь Рыжкоў
Паэт, перакладчык, арганізатар літаратурных праектаў. Лаўрэат прэмій «Дэбют» і «Залаты апостраф», удзельнік міжнародных паэтычных форумаў.

Наста Кудасава
Паэтка, перакладчыца. Лаўрэатка прэміі імя Міхася Стральцова, прэміі Беларускага ПЭНа «Кніга году» і іншых літаратурных узнагарод. Аўтарка сямі паэтычных кніг, удзельніца міжнародных літаратурных праектаў.


Запрашаем чытачоў і чытачак далучыцца да гэтага паэтычнага руху: якія кнігі са спісу ўжо адгукнуліся вам? Якія радкі засталіся ў памяці? Наперадзе – доўгі і кароткі спісы, дыскусіі і новыя адкрыцці.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёр цырымоніі: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава).

Пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» ды «Belarusian Charitable Trust».

Сачыце за навінамі на сайтах арганізатараў penbelarus.org і bellit.info, а таксама ў сацыяльных сетках!