«Новы Час» – штотыднёвік, заснаваны Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, выданне на беларускай мове, што надае значную ўвагу тэмам культуры, гісторыі, правоў чалавека, палітвязням, мае супольны з Саюзам беларускіх пісьменнікаў дадатак «Літаратурная Беларусь». Газета «Новы Час» выходзіла на паперы, калі незалежнай прэсы ў друкаваным выглядзе ў Беларусі ўжо не засталося. На «Новы Час» былі падпісаны ўсе палітвязні. У жніўні 2021 года рэдакцыя газеты «Новы Час» паведаміла, што больш не будзе выходзіць у друкаваным выглядзе – друкарні адмовіліся яе друкаваць. Выданне працягнула працу ў інтэрнэце – мае сайт, сацыяльныя сеткі і Telegram-канал.
20 кастрычніка 2021 года ў рэдакцыі «Новы Час» адбыўся ператрус. Аксану Колб павезлі на допыт у Следчы камітэт, дзе яна была дапытана ў межах крымінальнай справы і адпушчана пад падпіску аб нераскрыцці інфармацыі.
20 красавіка 2022 года Аксана Колб была затрымана групай сілавікоў са шчытамі і кувалдамі ў сваёй кватэры і дастаўлена на допыт у Следчы камітэт. Аксана Колб была змешчана пад варту, першапачаткова на 10 сутак.
22 красавіка сваякі Аксаны Колб паведамілі, што ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Аксану Колб з ІЧУ на вуліцы Акрэсціна перавялі ў СІЗА на Валадарскага.
26 красавіка 2022 года Аксана Колб прызнана палітзняволенай.
15 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд Аксане Колб паводле па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Рашэнне суда – 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Аксану Колб вызвалілі ў залі суда да накіравання адбыцця тэрміну.
У жніўні 2022 пакінула Беларусь.
28 кастрычніка МУС унёс Аксану Колб у «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».