Успаміны пра нараджэнне праваабарончай арганізацыі былі напісаны праваабаронцам і літаратарам Алесем Бяляцкім у 2011 годзе за кратамі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску і надрукаваныя ў кнізе “Халоднае крыло Радзімы” (2014 год).
Гарачая вясна 96-га
Вясна 1996 года была вельмі гарачаю. Шматлюдныя акцыі 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі, 25 сакавіка ў Дзень Незалежнасці, 2 красавіка — супраць падпісання чарговай саюзнай дамовы і, урэшце, 26 красавіка — Чарнобыльскі Шлях літаральна скаланалі Мінск.
Пасля дэманстрацыі на 25 сакавіка, якая патрабавала прамога эфіру для дэмакратаў, была ўзбуджана крымінальная справа і пачалося паляванне на Зянона Пазьняка. Ён хаваўся.
На Чарнобыльскі Шлях сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Дэманстрацыя, якая ішла ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці, набрала сілу на плошчы Коласа. Тая была ўся запруджана народам. Відовішча было надзвычай маляўнічае: сотні бел-чырвона-белых сцягоў, транспаранты, плакаты, гербы розных гарадоў, стужкі, група студэнтаў з мастацкай акадэміі, апранутых у балахоны і процівагазы. Людзі сабраліся, каб сказаць “Не!” анексіі Беларусі Расіяй і прэзідэнцкаму свавольству. Але выхад з плошчы на праспект быў перакрыты міліцыяй. Упоперак дарогі былі пастаўлены нават некалькі міліцэйскіх легкавікоў. Дэманстрацыя была выключна мірная, але на Чарнобыльскі Шлях прыехалі з дзясятак гарачых украінскіх хлопцаў. Яны, напрактыкаваныя змагацца з экіпіраванымі міліцыянтамі, голымі рукамі пры падтрымцы іншых удзельнікаў узламалі міліцэйскі завал, які перакрываў праспект. Распаленыя дэманстранты кульнулі адзін з легкавікоў, які перагароджваў шлях. Міліцыянты спрабавалі ўтрымаць грамаду, замільгалі дубінкі, але іх лёгка адсунулі, і людская маса паваліла далей.
Там знаходзіўся і я. Я, наколькі памятаю, не быў гэтым разам ні заяўнікам, ні арганізатарам і не быў у месцы прарыву міліцэйскага кардона ў першых радах, а апынуўся каля міліцэйскіх аўтамабіляў, калі яны ўжо былі перакуленыя. Прайшоўшы трохі па праспекце разам з людзьмі, я ўбачыў свайго кума, беларускага літаратара Язэпа Янушкевіча, які бегаў ад аднаго міліцыянта да другога і спрабаваў утрымаць іх: “Хлопцы! Хлопцы!” А хлопцы, самі страшэнна напалоханыя, махалі сваімі гумовымі дручкамі і мясілі людзей. Я быў схапіў адзін такі ўзняты над галавою міліцыянта дручок, рэзка таргануў яго на сябе, міліцыянт ледзь не перакуліўся. Затым людская плынь, можа, у дзесяць рук падхапіла яго і адкінула да дома.
На перасячэнні з вуліцамі Казлова і Варвашэні праспект перагароджвалі зялёныя накрытыя тэнтамі грузавікі. Дэманстранты рассунулі іх рукамі і пайшлі далей. Але вось за цыркам, за перакрыжаваннем з вуліцай Янкі Купалы, на горцы праспект быў перакрыты вялізнай гурмою міліцыянтаў з дубінкамі і шчытамі. Ісці на іх азначала ісці на адкрыты штурм. Дэманстранты спыніліся на скрыжаванні, пастаялі, пакуль падцягнуліся заднія шэрагі, а затым, ухіляючыся ад сутычак, павярнулі направа.
Дэманстранты прайшлі па вуліцы Купалы, затым павярнулі налева, на вуліцу Багдановіча. Тут проста пасярэдзіне вуліцы стаялі нечакана заспелыя грузавікі, запоўненыя спецназам. Людзі абыходзілі іх без усялякай агрэсіі. Хтосьці спрабаваў шлёгнуць вудзільнам па тэнце грузавіка, яго адразу спынілі: “Яны ж не вінаватыя!” Калі дэманстранты прайшлі мост праз Свіслач, міліцыя з дубінкамі зноў атакавала людзей, збягаючы яшчэ з гары Верхняга горада. Ізноў завязаліся дробныя сутычкі.
Мітынг прайшоў каля Палаца спорту.
Увечары міліцыя спрабавала штурмаваць памяшканне Управы БНФ, шукаючы Зянона Пазьняка. Ён выйшаў праз другія дзверы ва ўнутраны дворык, сеў у машыну і з’ехаў незаўважаным. Апоўначы па Мінску прайшлі арышты кіраўніцтва БНФ. Былі арыштаваны амаль усе намеснікі старшыні і сакратары. Засталіся толькі мы з Анатолем Крываротам. Памятаю тое ўнутранае напружанне, якое было ў мяне на наступны дзень. Мы сабралі рэшткі Управы ў арцы дома на праспекце Скарыны, насупраць Акадэміі міліцыі, вёў лятучае пасяджэнне я. І галоўным пытаннем было — што рабіць у бліжэйшыя дні? Мы адразу ж пачалі збіраць звесткі пра арыштаваных. Было цяжка, бо міліцыя нічога не паведамляла пра затрыманых, панавала атмасфера разгубленасці.
Затым у прэсе з’явілася інфармацыя з афіцыйных крыніц пра тое, што распачата крымінальная справа, пералічваліся прозвішчы арганізатараў “масавых беспарадкаў”, патэнцыяльных падазроных, сярод якіх было і маё прозвішча. Ніякага страху не было. Я нават і ў думках не ўяўляў сабе, што можна з’ехаць куды-небудзь за мяжу і перачакаць там ці папрасіць палітычнага прытулку. Гэта быў не мой шлях.
Але было зразумела, што ў нашым жыцці і ў гісторыі Беларусі пачаўся новы перыяд, перыяд цяжкай і доўгай, зацятай барацьбы за незалежнасць, дэмакратыю і правы чалавека. Цягам сямі гадоў, з Дзядоў 88-га года, улады асцерагаліся ўжываць гвалт да мірных дэманстрантаў. Як высветлілася, было арыштавана каля двухсот чалавек, мастаку Аляксею Марачкіну, які нёс абраз Маці Божай Чарнобыльскай, ударам дубінкі ледзь не выбілі вока. Гэта быў жорсткі, бязлітасны, цынічны гвалт. Для мяне стала відавочным, што наперадзе нас чакае шмат людскога цярпення і шмат ахвяр.
Тады і выспела ў мяне думка пра стварэнне праваабарончай арганізацыі, якая дапамагала б ахвярам палітычных рэпрэсій, бо вельмі важна, каб у часы рэпрэсій і пераследу людзі не заставаліся сам-насам з бяздушнай машынай гвалту. Так, з першай акцыі дапамогі пацярпелым за ўдзел у Чарнобыльскім Шляху распачаў сваю працу Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Праз тры дні пасля дэманстрацыі выйшлі на свабоду з ІЧУ Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч. А праз нейкі час мяне ў пракуратуру выклікаў следчы і паведаміў, што па справе аб масавых беспарадках 26 красавіка ўзбуджана крымінальная справа, па якой ён хоча дапытаць мяне ў якасці сведкі. Яго цікавіла мая роля як удзельніка і арганізатара акцыі. На ўсе пытанні я адказваў адмоўна ці няпэўна: не памятаю, не магу дакладна сказаць, не ўпэўнены. Следчы бойка адклацваў двума пальцамі па гузіках друкавальнай машынкі, запісваючы свае пытанні і мае адказы. А затым ён паказаў мне два невялікія чорна-белыя здымкі, уклееныя ў тоўсты следчы том, дзе я стаяў каля перакуленых міліцэйскіх машын з малітоўна складзенымі ад здзіўлення рукамі.
“Вы ўдзельнічалі ў сутычках?” — спытаўся следчы. “Ды не”, — адказаў я. “А гэта вы?” — удакладніў ён. “Не ўпэўнены, — паўтарыў я. — Можа, так, а мо і не…” Дзякуй Богу, болей ніякіх здымкаў у справе не было.
Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык яшчэ сядзелі на Валадарцы і трымалі галадоўку. Было зразумела, што калі ўлады захочуць зладзіць паказальны працэс над актывістамі апазіцыі, тады на лаву падсудных да іх могуць далучыць і іншых. Але, кажуць, званок Ельцына Лукашэнку з просьбай спыніць ціск даў станоўчы вынік. Праз тры тыдні пасля затрымання Хадыка і Сіўчык былі адпушчаны, а крымінальная справа, па ўсім відаць, была спынена, бо ні сядзельцаў, ні сведкаў па ёй болей ніхто не турбаваў.
Калі б мне хто тады сказаў, што гэты перыяд няспыннага супраціву, незлічоных грамадскіх ахвяр, зламаных лёсаў працягнецца сямнаццаць, а мо і болей гадоў, я б нізашто ў гэта не паверыў. Але ж, калі ўрэшце сітуацыя ў нас зменіцца на лепшае, хто тады асмеліцца сказаць, што незалежнасць краіны, грамадскія і палітычныя правы і свабоды дасталіся беларусам задарма? Цяпер ужо ніхто. Ніхто.