На працягу апошняга стагоддзя ПЭН-клуб Амерыкі і сусветная сетка ПЭН-клубаў абаранялі правы пісьменнікаў і інтэлектуалаў на свабоднае самавыяўленне і выступалі ад імя тых, хто сутыкнуўся з пагрозамі ў сувязі з іх пісьменніцкай дзейнасцю або іншымі формамі самавыяўлення.
Як праўдашукальнікі, творчыя празорцы і дакументалісты, пісьменнікі заўсёды былі ў авангардзе супраціву аўтарытарызму. Гэта заўсёды рабіла пісьменнікаў мішэнню для нападаў з боку ўладаў. 2021 год не стаў выключэннем.
У 2021 годзе, паводле дадзеных, сабраных для Freedom to Write Index, прынамсі 277 пісьменнікаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскай інтэлігенцыі ў 36 краінах ва ўсіх геаграфічных рэгіёнах былі несправядліва затрыманыя або заключаныя пад варту ў сувязі з іх пісьменніцкай дзейнасцю, працай або іншай формай ажыццяўлення права на свабоду слова. Гэта колькасць крыху большая за 273 чалавека, якія налічваў Індэкс 2020 года, і значна большая, чым у 2019 годзе (238 чалавек). Самы значны рост колькасці творцаў, якія трапілі ў спіс Індэкса, адбыўся ў М’янме ў выніку рэпрэсій, якія рушылі за ваенным пераваротам 1 лютага 2021 года, падчас якога мэтанакіравана пераследаваліся пісьменнікі і прадстаўнікі творчай супольнасці ў цэлым.
У Беларусі рэзкі рост колькасці затрыманняў – многія з іх былі кароткатэрміновымі – выкліканы пратэстамі пасля выбараў у жніўні 2020 года, пайшоў на спад. Хоць у 2021 годзе пачасціліся выпадкі мэтанакіраваных арыштаў пісьменнікаў і іншых асоб, якія працягвалі выказваць сваё меркаванне, а таксама больш доўгатэрміновыя затрыманні.
Беларусь другі год запар трапляе ў антытоп краінаў па колькасці пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Сёння Беларусь займае 8 месца разам с такімі краінамі як Кітай, М’янма, Саудаўская Арабія, Іран, Турцыя, Эрытрэя і інш.
ПЭН Амерыка ўключыў у спіс 10 беларускіх аўтараў:
- Валерыя Касцюгова
- Ігар Банцар
- Уладзімір Мацкевіч
- Эдуард Пальчыс
- Андрэй Пачобут
- Алесь Бяляцкі
- Мікола Дзядок
- Мікола Папека
- Алесь Пушкін
- Аляксандр Фядута
Цалкам азнаёміцца з Freedom to Write Index можна на сайце Амерыканскага ПЭНа па спасылцы.