У сяле Капытоліўка Харкаўскай вобласці расійскія акупанты затрымалі пісьменніка і валанцёра Уладзіміра Вакуленку разам з сынам. Былая жонка Уладзіміра кажа, што прычынай стала праўкраінская пазіцыя пісьменніка. Апошні раз з ім удалося выйсці на сувязь 7 сакавіка. Украінскі ПЭН заклікае усіх гаварыць і пісаць пра справу Уладзіміра на ўсіх магчымых платформах. Словы – гэта таксама зброя.
Што адбываецца?
- Расія працягвае здзяйсняць ваенныя злачынствы і забіваць мірных жыхароў Украіны. Ва ўсходняй і паўднёвай частках Украіны Расія наносіць ракетныя, авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па гарадах і вёсках. 8 красавіка ў выніку ўдару па чыгуначным вакзале Краматорска – цэнтральным вузлу для мігрантаў з Данецкай і Луганскай абласцей – Расія забіла прынамсі 57 чалавек, 109 атрымалі раненні.
- У нядаўна вызваленых Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцях працягваюць фіксавацца сведчанні ваенных злачынстваў расійскіх акупантаў. Жахлівыя фатаграфіі мёртвых жыхароў Кіеўскай вобласці, чые целы былі пакінутыя на вуліцах або спехам закапаныя, працягваюць шакаваць украінцаў і ўвесь свет. “Спецаперацыя” расійскіх войскаў – гэта ў літаральным сэнсе генацыд украінскага народа.
- У вызваленым Ірпене з’явіліся сведчанні таго, што расіяне разбурылі Дом творчасці пісьменнікаў, дзе працавалі і жылі вядомыя ўкраінскія аўтары. У Барадзянцы расійскія салдаты пашкодзілі помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку. У старажытным горадзе Чарнігаве расійскія акупанты здзейснілі больш за 20 злачынстваў супраць культурнай спадчыны, уключаючы старажытныя саборы, прыгонныя валы і Цытадэль.
- У Марыупалі расійскія акупанты арганізавалі пункт збору цел сваіх ахвяраў і выкарыстоўваюць мабільныя крэматорыі, каб схаваць свае вайсковыя злачынствы. У Бучы і іншых гарадах Кіеўскай вобласці Расія пакінула неабвержныя доказы катаванняў, забойстваў, згвалтаванняў і рабаванняў. Цяпер Крэмль хавае доказы сваіх ваенных злачынстваў у Марыупалі, дзе, па дадзеных уладаў, рускія забілі больш за 10000 мірных жыхароў.
- Па словах віцэ-прэм’ер-міністра Украіны Ірыны Верашчук, 1700 украінцаў у цяперашні час ўтрымліваюцца ў расійскім палоне і прарасійскімі сепаратыстамі. Прэзідэнт Зяленскі заявіў, што сотні тысяч грамадзян у акупаваных рэгіёнах былі дэпартаваныя ў расійскія канцэнтрацыйныя лагеры.
Расійскія злачынствы супраць медыя
- 2 красавіка ў Мелекіне пад Марыупалем памёр журналіст Яўген Баль. 18 сакавіка ён быў самавольна затрыманы расійскімі жаўнерамі. Вайскоўцы ўварваліся ў дом Яўгена, пасля чаго ўзяліся яго катаваць. Моцна збіты, ён быў вызвалены праз тры дні. Смерць Яўгена Баля з’яўляецца прамым следствам траўмаў, нанесеных яго выкрадальнікамі. Яўген памёр за шэсць дзён да свайго 79-годдзя. Баль быў аўтарам шматлікіх рэпартажаў пра вайну ва Украіне, пісьменнікам і валанцёрам.
- 3 красавіка ў Новай Кахоўцы расійскія акупанты выкралі мясцовага журналіста і пісьменніка, рэдактара інтэрнэт-выдання “Горад Новая Кахоўка” Аляксандра Гунько. Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены ператрус. За некалькі гадзін да гэтага Nova Kakhovka.City апублікавала рэпартаж аб гвалтоўным разгоне праўкраінскага мітынгу ў акупаваным горадзе.
- 11 красавіка стала вядома, што рускія забілі відэаінжынера Чарнігаўскага абласнога тэлеканала “Дзяцінец” Рамана Нежыборца.
- Даведацца больш пра злачынствы Расіі супраць СМІ ва Украіне можна ў справаздачы Украінскага ПЭНа.
Сайт Украінскага ПЭНа пра вайну
Украінскі ПЭН запусціў сайт з апошнімі навінамі і матэрыяламі пра вайну Расіі супраць Украіны, на якім размешчана інфармацыя аб сітуацыі ва Украіне, спасылкі на важныя матэрыялы і інфармацыйныя рэсурсы, петыцыі, звароты, спіс выданняў пра Украіну для чытання на англійскай мове, а таксама кнігі ўкраінскіх аўтараў, рэкамендаваныя для перакладу. Старонка пастаянна абнаўляецца. Заклікаем усіх неабыякавых пераходзіць на старонку і дзяліцца матэрыяламі з калегамі: war.pen.org.ua