• Навiны
  • Навіны Украінскага ПЭНа (5 красавіка)

Навіны Украінскага ПЭНа (5 красавіка)

Апошняе абнаўленне: 6 красавіка 2022
Навіны Украінскага ПЭНа (5 красавіка)
З інфармацыйнай рассылкі Украінскага ПЭНа (5 красавіка)

На 41-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны высветлілася сапраўдная мэта Расіі – знішчыць украінцаў і Украіну на ўсіх магчымых узроўнях. Рускія працягваюць знішчаць украінцаў, пакуль свет назірае за гэтым. Вайна Расіі супраць Украіны забрала тысячы нявінных жыццяў, выклікала велізарныя разбурэнні грамадскай інфраструктуры, знішчыла архітэктурную і культурную спадчыну украінскіх гарадоў.

Што адбываецца?

  • Пасля вызвалення ўкраінскай арміяй прыгарадаў Кіева, якія знаходзіліся пад расійскай акупацыяй з пачатку поўнамаштабнай вайны, вайскоўцы знайшлі целы мірных жыхароў, зверскі забітых расійскімі войскамі. На некаторых трупах былі выяўленыя прыкметы катаванняў: звязаныя за спінай рукі, дзіркі ў патыліцы, прыкметы гвалту. Некаторыя з ахвяраў былі абезгалоўленыя. Амаль 300 чалавек знойдзеныя пахаванымі ў брацкай магіле ў Бучы пад Кіевам.
  • Жанчыны і дзяўчаты з вызваленых раёнаў распавядаюць аб групавых згвалтаваннях расійскімі жаўнерамі, нападах пад дуламі аўтаматаў і згвалтаваннях на вачах у дзяцей. У перахопленых размовах рускія салдаты распавядаюць сваякам як гвалтуюць непаўналетніх, ядуць сабак і марадзёрствуюць. Акупанты арганізавалі ў Беларусі рынак, на якім распрадаюць нарабаванае ва Украіне.
  • У бібліятэках на часова акупаваных тэрыторыях акупанты канфіскуюць украінскую мастацкую літаратуру і кнігі па гісторыі, якія не адпавядаюць ідэалогіі Расіі. Акупанты прымушаюць настаўнікаў і выхавальнікаў аднавіць навучальны працэс на рускай мове. У той жа час агенцтва ААН па культуры пацвердзіла, што прынамсі 53 украінскіх гістарычных аб’ектаў, рэлігійных будынкаў і музеяў былі пашкоджаныя падчас ўварвання Расіі ва Украіну.
  • Расійская прапаганда адкрыта заяўляе аб жаданні Расіі знішчыць украінцаў як нацыю. 83% насельніцтва Расіі падтрымлівае фашысцкую праграму Пуціна.

Украінскія пісьменнікі і журналісты падчас вайны

  • Гэтая вайна яшчэ раз паказала нам, што асадка, мікрафон, ноўтбук або фотаапарат у руках прафесіяналаў не менш магутныя, чым “Байрактар”. Паглядзіце наша відэа пра ўкраінскіх пісьменнікаў і журналістаў падчас вайны (з субтытрамі на англійскай мове).

10 літаратурных рэпартажаў, каб зразумець Украіну

  • Да ўварвання Расіі ў 2022 годзе многія людзі з цяжкасцю маглі знайсці Украіну на карце свету. Цяпер назвы ўкраінскіх гарадоў гучаць у штодзённых навінах па ўсім свеце. На жаль, у самым трагічным кантэксце. Аднак іх асабістыя даваенныя гісторыі – якія змяшчаюць мноства лёсаў, мар і штодзённай барацьбы – застаюцца ў асноўным невядомымі для знешняга свету. Нядаўна ПЭН Украіны апублікаваў спіс мастацкай і немастацкай літаратуры на англійскай мове, каб дапамагчы міжнароднай аўдыторыі лепш зразумець Украіну. 

Сайт Украінскага ПЭНа пра вайну 

  • Украінскі ПЭН запусціў сайт з апошнімі навінамі і матэрыяламі пра вайну Расіі супраць Украіны, на якім размешчана інфармацыя аб сітуацыі ва Украіне, спасылкі на важныя матэрыялы і інфармацыйныя рэсурсы, петыцыі, звароты, спіс выданняў пра Украіну для чытання на англійскай мове, а таксама кнігі ўкраінскіх аўтараў, рэкамендаваныя для перакладу. Старонка пастаянна абнаўляецца. Заклікаем усіх неабыякавых пераходзіць на старонку і дзяліцца матэрыяламі з калегамі: war.pen.org.ua.