У перыяд 17–31 сакавіка 2022 года ў Беларусі ўзмацніўся палітычны пераслед за антываенную пазіцыю і сімволіку. Узмацненне палітычных рэпрэсій у тым ліку супраць аўтараў і выканаўцаў адбывалася на фоне ўварвання Расеі ва Украіну. За краты паводле крымінальных артыкулаў змешчаны сацыёлаг Таццяна Вадалажская, керамістка Анастасія Малашук, аўтар і рэдактар «Вікіпедыі» Марк Бернштэйн; распачата крымінальная справа супраць аўтара і рэдактара «Вікіпедыі» Паўла Пернікава. Пагроза крымінальнай справы з’явілася ў Змітра Дашкевіча, аўтара кнігі «Чарвяк», які знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам. Вынесены прысуд у крымінальнай справе палітвязня, мастака і перформера Алеся Пушкіна – 5 гадоў пазбаўлення волі. За антываенную пазіцыю арыштаваны два святары. Працягнуліся звальненні і выключэнні з навучальных устаноў за грамадзянскую пазіцыю. Не спыняецца ціск на незалежныя кніжныя выдавецтвы.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 23 сакавіка 2022 года сацыёлага Таццяну Вадалажскую затрымалі падчас візіту ў Следчы камітэт, куды яна звярнулася з хадайніцтвам пра дазвол выехаць на лячэнне ў Літву. У Следчым камітэце выдалі пастанову пра змяшчэнне яе пад варту і адвезлі Таццяну Вадалажскую ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Упершыню Таццяну Вадалажскую затрымалі разам з філосафам Уладзімірам Мацкевічам 4 жніўня 2021 года і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак, адпусцілі ў статусе падазраванай у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). 6 жніўня 2021 года яна прызнана палітзняволенай. Таццяна Вадалажская – сацыёлаг, метадолаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта. Аўтарка кніг і артыкулаў на тэмы: метадалогія гуманітарных навук, культурная палітыка, беларускае сучаснае мысленне.
2. 23 сакавіка стала вядома, што ў Мінску за ўдзел у мірных пратэстах арыштавалі керамістку і заснавальніцу брэнда «PIUceramics» Анастасію Малашук і яе мужа Аляксея Кедыша. Яны абвінавачваюцца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Анастасію Малашук і Аляксея Кедыша змясцілі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
3. 27 сакавіка ў дачыненні аўтара і рэдактара «Вікіпедыі» Марка Бернштэйна распачалі крымінальную справу, ён падазраваны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Марк Бернштэйн – аўтар, рэдактар, папулярызатар свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя». З 2009 года ўваходзіць у лік 50 найлепшых рэдактараў рускамоўнай «Вікіпедыі». Аўтар шматлікіх артыкулаў на тэму Халакосту, аўтар артыкула пра цэнзуру ў Савецкім Саюзе, у якім ён працытаваў каля 250 крыніц. 10 сакавіка 2022 года расійскі праўладны Telegram-канал «Мракоборец» апублікаваў асабістыя звесткі Бернштэйна і абвінаваціў яго ў парушэнні новага расійскага закона аб публікацыі фэйкавых навін. Канал заявіў, што рэдагаванне Маркам Бернштэйнам артыкулаў «Вікіпедыі» пра ўварванне Расіі ва Украіну парушае новы «закон аб фэйках». 11 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн быў затрыманы ў Мінску. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа апублікавалі фота Марка Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы». 12 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў). Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю.
4. 28 сакавіка пракуратурай Брэсцкай вобласці перададзена ў суд крымінальная справа рэдактара свабоднай інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» Паўла Пернікава, які абвінавачваецца ў публікацыі «заведама ілжывых звестак» (арт. 369-1 Крымінальнага Кодэкса. Паводле пракуратуры, з 29 снежня па 30 красавіка 2021 года Павел Пернікаў публікаваў у «Вікіпедыі» і на сайце Міжнароднага таварыства правоў чалавека (ISHR) «заведама ілжывыя звесткі» аб працы беларускай міліцыі і органаў улады. 29 сакавіка ў Брэсцкім абласным судзе распачалося закрытае пасяджэнне з удзелам Паўла Пернікава. У графе «Сутнасць матэрыялу (скаргі)» пазначана: «Скаргі на затрыманне, заключэнне пад варту, хатні арышт, падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай і хатняга арышту, а таксама на прымусовае змяшчэнне ў судова-псіхіятрычны экспертны стацыянар». Павел Пернікаў рэдагуе «Вікіпедыю» з 25 жніўня 2014 года, зрабіў больш чым 84 тысячы правак. У 2021 годзе рэдагаваў артыкулы, прысвечаныя беларускім СМІ, затрыманаму журналісту выдання «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзю Мажэйку, журналістцы TUT.by Кацярыне Барысевіч, гуртам «IQ48» і «Ляпіс Трубяцкой».
5. 30 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе палітвязня, мастака і перформера Алеся Пушкіна. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Суд прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым і прызначыў пакаранне – пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі строгага рэжыму шляхам частковага складання прысуду: 4,5 года калоніі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (рэабілітацыя нацызму) і год «хіміі» паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 25 сакавіка Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць уласнага зняволення і пяці тысяч палітычных крымінальных спраў, а таксама патрабаваў вызваліць палітвязняў. За гэта мастака змясцілі на 13 сутак у карцар. 30 сакавіка ў дзень абвяшчэння прысуду была затрымана сястра Алеся Пушкіна Святлана за спробу сфатаграфаваць брата, пасля затрымання яе даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска. Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. Падчас следства прэтэнзіі паўсталі да цыкла карцін «Беларускі супраціў», мастак ствараў яго з 90-х гадоў XX стагоддзя. Акрамя гэтага, Алеся Пушкіна абвінавачваюць, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года ён зладзіў у Кіеве перформанс, «падчас якога зневажаў дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», г. зн., яго абвінавачваюць у паўторы ў сакавіку 2021 года (падчас выставы сучаснага беларускага мастацтва ў Кіеве) перформанса «Гной для прэзідэнта», упершыню выкананага мастаком у 1999 годзе. У 2019 годзе Алесь Пушкін за кнігу «Турэмны альбом» стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
II. Затрыманні і суды за антываенныя дзеянні і выказванні
1. 23 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Брэста вынесена рашэнне ў адміністрацыйнай справе Алега Вялава, якога судзілі за кветкі, прынесеныя да помніка Тарасу Шаўчэнку. Прысуд – 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Афіцыйна Алег Вялаў пакараны за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
2. 24 сакавіка ў гарадскім пасёлку Лынтупы Віцебскай вобласці быў затрыманы Аляксандр Баран – пробашч касцёла Святога апостала Андрэя. Ксёндз быў змешчаны ў ІЧУ ў Паставах. На святара склалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях за тое, што на фота ў сацыяльнай сетцы ксёндз Аляксандр размясціў сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг 24 лютага – у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны. Калі прайшло трое сутак пасля затрымання і паводле закону святара абавязаны былі або судзіць, або вызваліць, на яго склалі новы пратакол і такім чынам падоўжылі арышт яшчэ на тры дні. На гэты раз абвінавацілі ў «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях. 6 сутак святар быў за кратамі. Суд над святаром паводле двух пратаколаў прызначаны на 4 красавіка. Ён пройдзе аб 11-й гадзіне ў Паставах.
3. 28 сакавіка ў Магілёве святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы Васіль Ягораў, настаяцель прыхода Божай Маці Бялыніцкай, аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Святар быў затрыманы 25 сакавіка за налепку на аўтамабілі з надпісам «Украіна, даруй». З 25 па 28 сакавіка ён утрымліваўся ў ізалятары часовага ўтрымання.
III. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 сакавіка ў Мінску непадалёку ад украінскай амбасады затрымалі доктара гісторыі і блогера Алеся Белага, арт-менеджара Алега Ларычава і TikTok-блогера Мікіту Бялевіча. Затрыманых асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі ў Цэнтральным РУУС».
2. 24 сакавіка Зміцер Дашкевіч асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, змешчаны ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. 23 сакавіка ў Мінску ў кватэры Змітра Дашкевіча адбыўся ператрус, забралі тэхніку і сродкі сувязі. ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале напісаў пра затрыманне Змітра Дашкевіча і паведаміў, што на актывіста «сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, таксама ідзе праца для кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальвання нянавісці праз адміністраваныя інтэрнэт-супольнасці». Актывіст Зміцер Дашкевіч змешчаны ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Зміцер Дашкевіч – аўтар турэмнай літаратуры, кнігі апавяданняў «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Працягваюцца абмежаванні ў ліставанні – ужо месяц няма лістоў ад праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага, які дасылаў з-за кратаў успаміны пра Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску, дырэктарам якога ён быў. Эсэісту і журналісту Андрэю Пачобуту не даходзяць у турму лісты, а ягонай жонцы Аксане Пачобут перасталі прыходзіць лісты ад мужа. Цэнзура не прапускае малюнкі з-за кратаў журналіста і нон-фікшн пісьменніка Алега Груздзіловіча.
2. Ліставанне Міколу Дзядку ў калоніі Горак фактычна заблакавалі. Лісты, што яму дасылаюць у калонію, адміністрацыя нішчыць. Аляксандр Дзядок, бацька Міколы Дзядка, 22 сакавіка спрабаваў перадаць сыну належную яму паводле закону рэчавую перадачу, але яе не прынялі, медыцынскую перадачу таксама адмовіліся прымаць. Міколу Дзядку патрэбныя медыцынскія прэпараты, атрымліваецца, што адміністрацыя калоніі пазбавіла яго медыцынскай дапамогі.
3. Мастак Алесь Цыркуноў (73 гады) падчас знаходжання за кратамі захварэў на каронавірус. Алесь Цыркуноў быў затрыманы 10 сакавіка на судзе над Алесем Пушкіным і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У ізалятары на вуліцы Акрэсціна ў Мінску Алесь Цыркуноў прабыў 13 сутак з 15. На двое апошніх яго адправілі ў Магілёў. Алесь Цыркуноў распавёў пра катаванні за кратамі: «Віталя Борыса, якога затрымалі разам са мной, білі пры мне, прычым без дай прычыны. Кажуць, ану задзяры рукі, тварам да сценкі стань, і як урэжуць па рэбрах. На мяне: «Адвярніся, чаго глядзіш». Вельмі зверскія замашкі. Сагнецца чалавек, то ззаду зноў умажуць. Я б сказаў, што падыходы СС. Калі ім ветліва, спакойна адказваюць, то іх яшчэ больш раздражняе, бо ім трэба нагнаць на цябе страху».
V. Пераслед за ўкраінскую і беларускую нацыянальную сімволіку
1. 24 сакавіка затрыманы Уладзімір Яроменак. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што ён «на сваім працоўным месцы, акрамя збору мэблі, займаўся вырабам і распаўсюджваннем пратэснай сімволікі». Паводле праўладных каналаў, ён абвінавачваецца ў крымінальнай справе на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). На «пакаянным відэа» Уладзімір Яроменак выглядаў збітым.
2. 31 сакавіка ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска адбыўся суд над настаўніцай гісторыі Ларысай Секержыцкай, якая прыйшла ў школу з блакітна-жоўтай стужкай у валасах. Суд прыняў рашэнне: аштрафаваць настаўніцу школы № 27 Ларысу Секержыцкую на 70 базавых велічынь (2030 рублёў). Суддзя палічыла, што сваім з’яўленнем у школе з жоўтай і сіняй стужкай у валасах Ларыса Секержыцкая правяла «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». 4 сакавіка ў Бабруйску дырэктарка школы № 27 выклікала на яе АМАП. Настаўніцу затрымалі на ўроку гісторыі.
VI. Звальненні і выключэнні з навучальных устаноў за грамадзянскую пазіцыю
1. 17 сакавіка стала вядома, што рэжысёр, педагог і акцёр Андрэй Саўчанка, які кіраваў народным студэнцкім драматычным тэатрам «На балконе» пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, звольнены 15 сакавіка «паводле пагаднення бакоў». 23 лютага тэатральны рэжысёр быў затрыманы на ганку тэатра перад рэпетыцыяй спектакля. Ён правёў на Акрэсціна некалькі сутак, пасля яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. 4 сакавіка Андрэя Саўчанку адпусцілі, але пакінулі пад следствам. У чым яго абвінавачваюць, невядома, ён пад падпіскай аб нераскрыцці. Андрэй Саўчанка працаваў у тэатры «На балконе» з 2019 года. Пад яго кіраўніцтвам былі пастаўлены спектаклі «Гаральд», «Азірніся ў гневе», «Баладына», «Страта», «Рытуал». Адзін з апошніх праектаў тэатра – серыя маналогаў-інтэрв’ю з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры – «Інтэрв’ю»
2. 23 сакавіка стала вядома, што не працягнулі працоўны кантракт з Альбінай Семянчук, кандыдатам гістарычных навук, дацэнткай кафедры беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Альбіна Семянчук прыйшла працаваць ва ўніверсітэт у 1996 годзе, займалася вывучэннем гістарычнай думкі ў ВКЛ, беларуска-літоўскіх летапісаў і польскіх хронік, яна аўтарка часопіса «ARCHE». Працу ў Гродзенскім унівэрсітэце страцілі таксама прафесар Аляксандр Мурашоў, які ў жніўні-2020 напісаў адкрыты ліст Лукашэнку, старэйшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Валянцін Аскірка, кандыдат педагагічных навук, дацэнтка Марына Салтыкова-Валковіч.
3. 29 сакавіка Яўгенію Субат і Любоў Субат, дачок пісьменніцы і даследчыцы гісторыі літаратуры Ганны Севярынец, адлічылі з філалагічнага факультэта БДУ. Яўгенія Субат і Любоў Субат былі затрыманы на антываеннай акцыі 28 лютага і асуджаны на 15 сутак.
VII. Ціск на незалежныя выдавецтвы
21 сакавіка незалежнае кніжнае выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі офіса. Вызваліць памяшканні іх папрасіў арэндадавец – кампанія «Маллс 40». Выдавецтва «Янушкевіч» працуе ў Беларусі з 2014 года. Яго спецыялізацыя – гістарычная і нон-фікш літаратура.