27–28 лютага ў Беларусі адбыліся акцыі супраць ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Антываенныя акцыі ў Беларусі праходзілі на фоне рэферэндуму аб унясенні змен у Канстытуцыю. У асноўны дзень галасавання 27 лютага людзі выйшлі на пратэсты супраць рэферэндуму, а таксама супраць удзелу Беларусі ў вайне з Украінай.
Падчас мірных акцый 27 лютага ў Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, былі затрыманы каля 800 чалавек, сярод якіх дзеячы культуры, аўтары і выканаўцы. 28 лютага на антываенных акцыях былі затрыманы больш за 60 чалавек. На затрыманых пратэстоўцаў складалі пратаколы паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (удзел у масавых мерапрыемствах), арт. 19.1 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства) або арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне).
У перыяд перад рэферэндумам па ўсё Беларусі адбываліся прэвентыўныя адміністрацыйныя затрыманні, арышты, ператрусы, датычныя ў тым ліку і дзеячаў культуры.
На рэферэндуме аб унясенні змен у Канстытуцыю было парушана права на карыстанне беларускай мовай, якая з’яўляецца дзяржаўнай. У камісіях не было бюлетэняў па-беларуску.
У перыяд 16–28 лютага 2022 года пачаўся суд паводле дзвюх крымінальных палітычна матываваных спраў у дачыненні дзеячаў культуры.
Працягнуўся адміністрацыйны і крымінальны пераслед за нацыянальную сімволіку.
I. Затрыманні падчас антываенных акцый дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 27 лютага ў Мінску была затрымана перакладчыца Вольга Калацкая каля выбарчага ўчастка на тэрыторыі школы № 134. Вольга Калацкая пераклала на беларускую англамоўныя тэксты пра Беларусь Тыматы Снайдэра ды іншых даследчыкаў, у тым ліку самы вялікі англамоўны тэкст пра беларускую літаратуру (і пра Беларусь увогуле) Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» (Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day), а таксама мастацкія творы Вірджыніі Вулф, Уільяма Голдынга, Тэнесі Уільямса, Дэна Браўна, Пола Остэра, Гаральда Пінтэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, Маргарэт Этвуд і іншых брытанскіх і амерыканскіх аўтараў. 15 студзеня 2021 года Вольгу Калацкую затрымалі і змясцілі ў ІЧУ Мінска на вуліцы Акрэсціна, потым у турму № 8 Жодзіна і, урэшце, у СІЗА № 1 Мінска. Спачатку яна праходзіла як падазраваная паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней Вольгу Калацкую абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) – нібыта падчас адной з мірных акцый пратэсту яна двойчы дала поўху прапагандысту дзяржаўнага канала СТВ Рыгору Азаронку. Да суда Вольга Калацкая знаходзілася за кратамі. У сакавіку 2021 года крымінальную справу разглядаў Фрунзенскі суд Мінска. 24 сакавіка суддзя А. Скуратовіч пакарала перакладчыцу двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). У траўні 2021 года Следчы камітэт скасаваў рашэнне аб спыненні вядзення справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. У выніку Вольга Калацкая зноў падазраваная паводле гэтага артыкула Крымінальнага кодэкса і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. За кратамі Вольга Калацкая вяла турэмны дзённік, які публікуе. Адбывае пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».
2. 27 лютага Таццяна Гацура-Яворская была затрымана ў Мінску на антываеннай акцыі. Яе збілі пры затрыманні, пратрымалі ў двары РУУС на холадзе, уначы адпусцілі. Цяпер яна чакае суда. Таццяна Гацура-Яворская – кіраўніца грамадскага аб’яднання «Звяно» з 2014 года, сузаснавальніца Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно аб правах чалавека «WATCH DOCS Belarus».
3. 27 лютага Зміцер Дарашэнка быў затрыманы ў Мінску на антываеннай акцыі. Зміцер Дарашэнка (aka Doctor_oy) – мастак, графік.
4. 27 лютага Максім Шышко быў затрыманы ў Мінску на антываеннай акцыі. Максім Шышко – акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
5. 27 лютага Елеўферый Гайко быў затрыманы ў Мінску на антываеннай акцыі. Елеўферый Гайко – віяланчэліст гуртоў «Irdorath», «Pylai».
6. 28 лютага ў Мінску затрымалі экс-працаўніцу Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталлю Дуліну. Да звальнення паводле палітычных матываў у 2020 годзе Наталля Дуліна працавала дацэнткаю кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ. У кастрычніку 2020 года яна была арыштавана на 14 сутак.
II. Парушэнне права на карыстанне роднай мовай
На рэферэндуме аб унясенні змен у Канстытуцыю было парушана права на карыстанне беларускай мовай, якая з’яўляецца дзяржаўнай. У камісіях не было бюлетэняў на беларускай мове. Тэкст бюлетэня быў толькі ў рускім варыянце і нават назва краіны толькі па-руску: «Республика Беларусь».
III. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 лютага затрымалі студэнта, музыку (праект «COLDЗИМА») Канстанціна Зімніцкага. У кватэры адбыўся ператрус, канфіскаваны тэлефон і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Родныя Канстанціна Зімніцкага паведамілі праваабаронцам, што яго забралі ва ўпраўленне КДБ.
2. 24 лютага ў Мінску на ганку тэатра БДУ «На балконе» затрымалі рэжысёра Андрэя Саўчанку. 28 лютага стала вядома, што Андрэй Саўчанка пераведзены ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. У чым яго абвінавачваюць, пакуль невядома.
3. 25 лютага стала вядома, што ўтрыманне Андрэя Пачобута пад вартай працягнулі на тры месяцы. Пра гэта паведаміла на сваёй Facebook-старонцы жонка палітвязня – Аксана Пачобут. Андрэй Пачобут (Andrzej Poczobut) – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), сябра Саюза палякаў на Беларусі. Аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» (System Białoruś, 2013).
4. 28 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко. У залу суда пусцілі толькі 12 чалавек, з іх 6 сваякоў. Андрэй Скурко – аўтар газеты «Наша Ніва» і часопіса «Наша гісторыя», а таксама вандроўных нататак, казак, вершаў̆, сцэнарыяў і коміксаў для дзіцячых выданняў. 8 ліпеня 2021 года Андрэй Скурко быў затрыманы разам з трыма нашаніўцамі. Пазней следчыя выпусцілі бухгалтарку Вольгу Раковіч і галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя» Андрэя Дынько. За кратамі засталіся Андрэй Скурко і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. Андрэй Скурко першапачаткова быў падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), яго трымалі ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна як падазраванага. Па заканчэнні трох сутак арышту абвінавачванне за падрыхтоўку пратэстаў не было выстаўлена, але затрыманне працягнулася ўжо паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання).
IV. Затрыманні і арышты ў палітычна матываваных адміністрацыйных справах дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
18 лютага ў Гомелі ў журналісткі, прамоўтаркі культуры і гісторыі Ларысы Шчыраковай адбыўся ператрус, яе затрымалі, але адпусцілі ўвечары. У дачыненні Ларысы Шчыраковай пасля выбараў некалькі разоў складалі пратаколы паводле арт. 23.34 за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Двойчы яе пры гэтым пакідалі ў ізалятары да суда, чатыры разы штрафавалі.
17 лютага затрымалі Анатоля Шалковіча, ягоную адміністрацыйную справу разгледзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна, рашэнне суда – 15 сутак паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Гэта пяты 15-сутачны арышт Анатоля Шалковіча за апошнія два месяцы. Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, у дзень, калі яму споўнілася 65 гадоў, арыштавалі на 15 сутак за тое, што ён вырабляў дома нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. «Пакаяннае» відэа з удзелам Анатоля Шалковіча зрабілася мэмам: ён тлумачыў, што любіць спалучэнне белага з чырвоным, бо любіць памідоры са смятанай. На сваёй Facebook-старонцы Анатоль Шалковіч размяшчае казкі і «турэмную прозу» – апісанне досведу за кратамі.
20 лютага затрымалі былую выкладчыцу факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Таццяну Сініцу. Яе асудзілі на 15 сутак за «дробнае хуліганства», гэты артыкул Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях улады выкарыстоўваюць для пераследу паводле палітычных матываў. Таццяну Сініцу затрымлівалі ў 2020 годзе за тое, што выкладчыца падтрымала забастоўку студэнтаў.
21 лютага віцебскага фотамастака, краязнаўцу, аўтара мастацкіх фотапраекцый, што дазваляюць пабачыць страчаныя помнікі архітэктуры, Віктара Барысенкава арыштавалі на 10 сутак. Фотамастак быў арыштаваны за той жа фотаздымак, за які ў жніўні 2021 года ён ужо быў зняволены: 3 жніўня 2021 года Віктара Барысенкава асудзілі на 7 сутак за размяшчэнне ў сацыяльных сетках фота вызваленага Віцебска, дзе савецкія салдаты разглядаюць трафейны сцяг са свастыкай. Віктара Барысенкава абвінавацілі ў прапагандзе нацысцкай сімволікі (ч. 1 арт. 19.10 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях).
V. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 17 лютага зняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку, абвешчаную 4 лютага ў СІЗА № 1 Мінска. Як ён кажа: «Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў дактароў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушыла з мёртвага пункту. Супадзенне гэта ці не, я не ведаю. Я спыніў галадоўку». Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года, з таго часу ён застаецца за кратамі – спачатку ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна, потым у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Філосафу Уладзіміру Мацкевічу прад’явілі абвінавачванне паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
2. 19 лютага стала вядома, што з калоніі вяртаюць лісты, дасланыя журналістцы Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) з адзнакамі «У калоніі ВК-4 не ўтрымліваецца». Відаць, Кацярына Андрэева (Бахвалава) пераведзена з калоніі ў СІЗА. Пакуль невядома, з якой прычыны Кацярыну перавялі ў СІЗА: узмацненне жорсткасці рэжыму – або новы крымінальны артыкул. Кацярына Андрэева (Кацярына Андрэеўна Бахвалава) – журналістка, аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс» (2020, напісана разам з мужам – журналістам Ігарам Ільяшом). У кнізе адлюстраваны вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе.
3. 20 лютага Максім Знак напісаў у лісце свайму бацьку, што палітычным на адзенне нашываюць жоўтыя трыкутнікі. «Паколькі я на асаблівым уліку, колер трыкутнікаў – як у лісця клёнаў і бяроз увосень». Максім Знак – адвакат, сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, паэт, бард. У жніўні – верасні 2021 года ў Мінскім абласным судзе адбыўся закрыты судовы працэс над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Максім Знак і Марыя Калеснікава асуджаны паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Максім Знак асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
4. 22 лютага бацька Міколы Дзядка, Аляксандр Дзядок, распавёў газеце «Новы час», як на сына здзяйсняецца ціск адміністрацыяй калоніі Горак. Сярод метадаў: пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання, змяншэнне «атаваркі» да 2 базавых, 7 сутак у ШІЗА. Аляксандр Дзядок распавёў: «Ён прыбыў у калонію 12 лютага, і адразу яму паспрабавалі ўручыць так званую нізкастатусную працу – прыборку тых месцаў, якія, паводле няпісаных законаў, выконваюць людзі з пэўным статусам. Натуральна, ён ад гэтага адмовіўся, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус. Ну і тут жа атрымаў 7 сутак штрафнога ізалятара, пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання і змяншэнне «атаваркі» да 2 базавых». Да Міколы Дзядка не даходзяць лісты ад людзей, якія не з’яўляюцца ягонымі блізкімі сваякамі, і ад яго лістоў таксама не выпускаюць. Мікола Дзядок – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага сусвету», блогер, актывіст анархічнага руху. Прысуд яму вынеслі 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе. Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікалая асудзілі на 5 гадоў калоніі.
VI. Пераслед за нацыянальную сімволіку
23 лютага затрымалі на лецішчы пад Лепелем віцебскага доктара Уладзіміра Мартава. Суд у Лепелі вынес рашэнне – 7 сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белы сцяжок на аватарцы паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Доктар Уладзімір Мартаў удзельнічаў у закрытай уладамі ў красавіку 2021 года выставе «Машына дыхае, а я не», прысвечанай працы медыкаў у 2020 годзе.
25 лютага ў Маладзечне затрымалі Вольгу Барунову, якая выйшла на антываенны пікет з бел-чырвона-белым сцягам.
VII. Пераслед інтэрнэт-рэсурсаў, што асвятлялі падзеі ў сферы культуры
25 лютага на падставе заявы пракуратуры Брэста інфармацыйная прадукцыя інтэрнэт-сайта «Беларускага Радыё Рацыя» www.racyja.com, на якім быў раздзел «Культура», прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. «Беларускае Радыё Рацыя» – першая незалежная FM-станцыя. Вяшчае на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. У 2021 годзе сайт «Беларускага Радыё Рацыя» быў заблакаваны ў Беларусі паводле рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.