У перыяд 1–15 лютага 2022 года вынесеныя прысуды паводле 3 крымінальных палітычна матываваных спраў у дачыненні дзеячаў культуры і распачатыя 2 новыя крымінальныя справы. Узмацніўся ціск на дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў у месцах пазбаўлення волі. Шэраг катаванняў звязаны з пазбаўленнем магчымасці чытаць і пісаць, абмежаваннем у ліставанні. У месцах пазбаўлення волі былі абвешчаныя 2 галадоўкі. Працягнуўся адміністрацыйны і крымінальны пераслед за нацыянальную сімволіку.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.
1. 1 лютага стала вядома, што следства ў крымінальнай справе Алега Груздзіловіча скончанае і чакаецца перадача справы ў суд. Алег Груздзіловіч – журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» – 23 снежня 2021 года затрыманы пасля таго, як МУС прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» інтэрнэт-рэсурсы «Радыё Свабода». Алега Груздзіловіча змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Алег Груздзіловіч – падазраваны паводле крымінальнай справы «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
2. 4 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска вынеслі прысуд у крымінальнай справе Аляксандра Васілевіча паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»: 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Аляксандра Васілевіча вызвалілі ў зале суда ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці. Аляксандр Васілевіч – сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і «The Village Беларусь», уладальнік агенцтва «Vondel/Hepta» і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», аўтар напісанай у зняволенні кнігі казак «Папа и пингвин». Быў арыштаваны 26 жніўня 2020 года паводле крымінальнага абвінавачвання, суд пачаўся 24 студзеня, праходзіў у закрытым рэжыме.
3. 4 лютага ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў) распачаў крымінальную справу на Паўла Латушку «паводле факту атрымання хабару». Згодна з версіяй ДФР, адзін з кіраўнікоў беларускай кампаніі, што займаецца вытворчасцю кіна- і відэапрадукцыі, расказаў пра перадачу Латушку ў 2012 годзе хабару. На той момант Латушка быў міністрам культуры. Гэта восьмы крымінальны артыкул, паводле якога Паўла Латушку абвінавачваюць у Беларусі.
4. 7 лютага ў судзе Пінскага раёна і Пінска гульцу КВК Васілю Краўчуку прысудзілі пакаранне ў выглядзе 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і 1000 рублёў штрафу. Васіля Краўчука асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса «Абраза прадстаўніка ўлады». Васіль Краўчук напісаў у каментарыях жарт пра супрацоўніцу міліцыі, які раней гучаў на тэлебачанні ў праграме КВК – перароблены фрагмент дзіцячай песні «Пусть бегут неуклюже».
5. 7 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна віяланчэліста Іллю Ганчарыка асудзілі на 4 гады «хіміі» за прыватнае паведамленне ўчастковаму ў сацыяльнай сетцы.
II. Затрыманні і арышты паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў у дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.
1. 2 лютага Рэгіну Лавор, стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур, асудзілі на 10 сутак за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі». Рэгіна Лавор абвясціла за кратамі галадоўку. У верасні 2021 г. Рэгіну Лавор прызналі вінаватай у абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старэйшага інспектара і асудзілі на два гады «хатняй хіміі». У студзені Рэгіна Лавор запісалася на прыём да старшыні райвыканкама і атрымала на гэта пісьмовы дазвол у інспектара мясцовага РАУС, але наведванне райвыканкама было расцэненае як парушэнне рэжыму «хатняй хіміі».
2. 1 лютага ў Маладзечне праваабаронцу, краязнаўцу і арганізатара культурных мерапрыемстваў Алеся Капуцкага чацвёрты раз запар арыштавалі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Алеся Капуцкага затрымалі 17 снежня 2021 года. 1 лютага на яго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. 15 лютага Алесь Капуцкі выйшаў на волю пасля 60 сутак адміністрацыйнага арышту.
3. 4 лютага ў Мінску затрымалі фатографа Уладзя Грыдзіна. Уладзь Грыдзін рабіў фотаздымкі для нон-фікшн кніг «Бібліятэкі Свабоды», ягоныя здымкі публікавалі сусветныя агенцтвы і СМІ. 7 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна разгледзелі адміністрацыйную справу Уладзя Грыдзіна паводле арт. 24.3 «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў». Фатографа абвінавацілі ў тым, што 4 лютага 2022 года падчас ператрусу ў ягонай кватэры ён «не падпарадкаваўся законным распараджэнням супрацоўніка ГУУС Мінгарвыканкама Сазонава, не пускаў у кватэру». Рашэнне суда – 13 сутак адміністрацыйнага арышту.
4. 10 лютага ў Мастах затрыманы Зміцер Цеслянок – паэт, аўтар кнігі вершаў «Каля нуля», што выйшла ў 2020 годзе.
5. 15 лютага ў Гродне затрымалі намесніцу старшыні Саюза палякаў у Беларусі Рэнату Дземянчук. Увечары 15 лютага Рэнату Дземянчук адпусцілі, з’явілася інфармацыя, што яе абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў – гульняў «Што? Дзе? Калі?» для слухачоў «Універсітэта трэцяга ўзросту» пры Саюзе палякаў.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі.
1. 1 лютага стала вядома, што ў СІЗА № 1 не прынялі кнігу для перадачы Алегу Груздзіловічу – «1984» Джорджа Оруэла.
2. На паэта-пчаляра Міколу Папеку ажыццяўляецца ціск на «хіміі» – у папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазыры. Паводле сведчанняў іншых зняволеных, «Папеку зачынілі на 10 сутак за электрапліту на працы, потым дадалі 15 сутак, сказалі што на «хімію» ён не вернецца». МІколу Папеку асудзілі на 2 гады «хіміі» паводле «карагоднай справы».
3. 2 лютага Рэгіна Лавор абвясціла за кратамі ў ІЧУ пры Іўеўскім РАУСе галадоўку і трымала яе 4 дні. 2 лютага яна атрымала 10 сутак за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы. Рэгіна Лавор – стваральніца і першая дырэктарка Іўеўскага музея нацыянальных культур. 10 сутак арышту Рэгіну Лавор утрымлівалі ў адзіночнай камеры, пры гэтым забаранілі ліставанне, адмаўлялі перадаваць лекі. Матрац, коўдру, падушку давалі з 22:00 да 6:00, вада была халодная, святло гарэла ўвесь час, прагулак не было, перадач яе пазбавілі.
4. 14 лютага пра стан літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты ў СІЗА № 1 паведаміла ў «Фэйсбуку» ягоная жонка Марына Шыбко: «Яшчэ не прыйшоў у норму пасля адмовы ад лекаў, мучыць арытмія і сэрца «даецца ў знакі», падагра. Вось такі вынік «забастоўкі», хоць рукапіс паабяцалі вярнуць, калі пачне знаёміцца са справай, а пакуль, відаць, вывучаюць самі, а можа, і Караткевіча перачытваюць». У студзені Аляксандр Фядута абвяшчаў медыцынскую забастоўку – адмову ад лекаў у знак пратэсту супраць абмежавання ў ліставанні. Канфіскаваны рукапіс – даследаванне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык. У дачыненні Аляксандра Фядуты распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).
5. 4 лютага ў СІЗА № 1 Мінска абвясціў галадоўку Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, эсэіст, публіцыст, грамадскі дзеяч і тэлевядоўца. 14 лютага Уладзімір Мацкевіч перайшоў да «сухой» галадоўкі – перастаў піць ваду.
Стан Уладзіміра Мацкевіча на 15 лютага паводле паведамлення праваабаронцы Алены Танкачовай: «Без ежы 12-ы дзень. Без вады з учарашняга вечара. Ад «кансультацыі» турэмнага псіхолага адмовіўся. Лічыць, што няма прычын з ёй размаўляць, бо ад яе не залежыць выкананне ягоных патрабаванняў. Сёння былі два агляды доктара сістэмы МУС: слабасць, губляе ў вазе (больш за 7 кг з моманту пачатку галадоўкі). Прасіў выдаць яму даведку аб бягучым стане здароўя. Не выдалі. Патрабуе афармлення тастамента. Пастара і грамадзянскага доктара пакуль не дапусцілі. Пагроза здароўю і жыццю робіцца відавочнай. Патрабаванні Мацкевіча законныя, разумныя, лагічныя, своечасовыя: завяршыць следства, перадаць справу ў суд, забяспечыць доступ пастара, доктара і натарыуса». Уладзімір Мацкевіч арыштаваны 4 жніўня 2021 года і застаецца пад вартай у СІЗА № 1 Мінска. Следчыя органы інкрымінавалі яму «арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), аднак за гэты час не было прад’яўлена ніякіх істотных доказаў ягонай віны, расследаванне справы зацягваецца, а тэрміны ўтрымання пад вартай падаўжаюцца.
IV. Пераслед за нацыянальную сімволіку.
1. У ноч з 31 на 1 лютага ў Мінску затрыманы Анатоль Латушка, стрыечны брат былога міністра культуры, палітыка Паўла Латушкі. Анатоля Латушку абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за маляванне праз трафарэты ў пад’ездах жылога дома герба «Пагоня». Паводле інфармацыі сваякоў, Анатоля Латушку збівалі ў Цэнтральным РУУС, калі патрабавалі сказаць пароль ад тэлефона. Анатоль Латушка ўтрымліваўся ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля быў пераведзены ў СІЗА № 1.
2. 1 лютага ў Мінскім раённым судзе за малюнкі сэрцаў і надпіс «Жыве Беларусь!» на плафоне асвятлення ў ліфце асудзілі Наталлю Сляпцову, рашэнне суда – штраф 150 базавых велічынь або 4800 беларускіх рублёў (1860 долараў ЗША).
3. 4 лютага Суд Полацкага раёна і Полацка вынес прысуд у крымінальнай справе паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачваныя – Вольга Трунова і Святлана Фірсава, якія з 13 да 30 лістапада 2020 года з выкарыстаннем балончыкаў з фарбай чырвонага і белага колераў наносілі надпісы і бел-чырвона-белыя выявы на слупах электраперадачы, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце, расклейвалі аркушы паперы з чырвонай палоскай на белым фоне. Рашэнне суда: Святлане Фірсавай – штраф 200 базавых велічынь, Вользе Труновай – штраф 190 базавых велічынь.