У перыяд 14–31 снежня 2021 года вынесены прысуды ў 8 крымінальных палітычна матываваных справах у дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў – прысуджаны тэрміны ад 1,5 да 20 гадоў зняволення; распачаты 3 новыя крымінальныя справы; завяршылася следства ў справе мастака Алеся Пушкіна, матэрыялы справы перададзены для накіравання ў суд; працягнулася тэндэнцыя асуджаць на некалькі тэрмінаў у адміністрацыйных справах; адбыліся масавыя звальненні за грамадзянскую пазіцыю з устаноў культуры і навучальных устаноў; працягнуўся пераслед за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 14 снежня ў Гомелі ў будынку СІЗА ў закрытым рэжыме вынесены прысуд Сяргею Ціханоўскаму: 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сяргей Ціханоўскі – блогер, выканаўца песні «Муры», што стала гімнам пратэстаў 2020–2021 гадоў. Сяргея Ціханоўскага асудзілі паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Гродне ў выніку правакацыі на перадвыбарчым пікеце жонкі – Святланы Ціханоўскай, ён быў яе даверанай асобай.
2. 14 снежня ў судзе Савецкага раёна Мінска вынесены прысуд у крымінальнай справе музыкаў фэнтэзі-фолк гурта «Irdorath» Уладзіміра Калача і Надзеі Калач. Прысуд: па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У 2020 годзе музыкі ўдзельнічалі ў мірных маршах пратэсту, іх затрымалі 2 жніўня 2021 года, прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і навучанні або іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Уладзіміра Калача і Надзею Калач і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 года.
3. 17 снежня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме вынесены прысуд у справе Эдуарда Пальчыса. Эдуард Пальчыс – блогер, публіцыст, папулярызатар гісторыі, грамадскі дзеяч, адзін з арганізатараў акцый і канцэртаў «БНР 100», «БНР 101» у Мінску і Гродне. У 2014 годзе заснаваў партал 1863x.com, пісаў тэксты пад псеўданімам «Джон Сільвер», заклікаў пераасэнсоўваць гісторыю і сучаснасць Беларусі. Эдуарда Пальчыса судзілі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Прысуд: 13 гадоў пазбаўлення волі.
4. 20 снежня Эдуард Бабарыка, які кіраваў краўдфандынгавымі платформамі «Ulej» і «MolaMola», не выйшаў на волю пасля заканчэння 18 месяцаў утрымання пад вартай паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, палітвязня Эдуарда Бабарыку падазраюць у ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці») і ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў») Крымінальнага кодэкса. Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Цяпер ён застаецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.
5. 22 снежня 2021 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме агучылі прысуд у крымінальнай справе ў дачыненні актывістаў анархісцкага руху, прысуды – ад 18 да 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава абвінавацілі ў здзяйсненні актаў тэрарызму (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса) і незаконным абарачэнні зброі (ч. 2 і ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса), а Аліневіча і Дубоўскага – таксама ў незаконным перамяшчэнні праз мяжу забароненых рэчываў (ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса). Сярод асуджаных Ігар Аліневіч, якому прысудзілі 20 гадоў зняволення. Ігар Аліневіч – аўтар кнігі «Еду ў Магадан», публіцыст, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Р**** С******» і Беларускім ПЭНам.
6. 22 снежня Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні мастака Алеся Пушкіна. Матэрыялы справы перададзены для накіравання ў суд. Алеся Пушкіна абвінавачваюць паводле Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («Наўмысныя дзеянні для рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб») і арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара, падчас следства прэтэнзіі ўзніклі да цыкла карцін «Беларускі супраціў», гэты цыкл мастак ствараў, пачынаючы з 90-х гадоў XX стагоддзя. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаны заключэнні больш як 40 экспертных даследаванняў, вынікі псіхолага-лінгвістычнай, мастацтвазнаўчай, лінгвістычных, камп’ютарна-тэхнічных, псіхолага-псіхіятрычных экспертыз.
7. 23 снежня 2021 года арыштаваны Алег Груздзіловіч – журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?». Алега Груздзіловіча змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. 28 снежня Алегу Груздзіловічу выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Алегу Груздзіловіч – журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?» пра падзеі вакол тэракта ў мінскім метро, што адбыўся 11 красавіка 2011 года. Кніга была выдадзена ў 2012 годзе ў серыі «Бібліятэка Свабоды». Летам 2020 года асвятляў масавыя пратэсты ў Беларусі. У жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС. 16 ліпеня 2021 года быў затрыманы разам з журналістамі «Р**** С******» Інай Студзінскай і Алесем Дашчынскім, змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Яго вызвалілі пасля 10 дзён зняволення і галадоўкі, але пакінулі падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ.
8. 24 снежня стала вядома, што распачата крымінальная справа ў дачыненні заснавальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса, яго справу будуць разглядаць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада. 17 лістапада яго судзілі за несанкцыянаваны пікет, але суд адправіў справу на дапрацоўку. Праз трое сутак пасля затрымання Белавуса не вызвалілі, а 19 лістапада зноў судзілі і прызначылі 15 сутак арышту. Перад тым паведамлялася, быццам прадпрымальніка затрымалі за перасылку кнігі Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Нацыянальная ідэя», якую ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай.
9. 28 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены прысуд у крымінальнай справе музыкам з гурта «Irdorath» Антону Шніпу, Пятру Марчанку, яго жонцы Юліі Марчанцы (Юніцкай). Прысуд: па 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Музыкаў затрымалі 2 жніўня 2021 года, прызналі вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
II. Адміністрацыйныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 13 снежня ў Мінску затрымалі і пакаралі 6 суткам студэнта юрфака БДУ, музыку гурта «Галантерея» Ілью Сіўцова. 21 снежня Ілью Сіўцова выклікалі ў дэканат БДУ, каб ён напісаў тлумачальны ліст. Але на выхадзе яго затрымалі і пакаралі 15-сутачным арыштам.
2. 17 снежня ў Маладзечне затрымалі актывіста праваабарончага цэнтра «Вясна» і арганізатара культурніцкіх мерапрыемстваў Алеся Капуцкага, абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 31 снежня стала вядома, што Алеся Капуцкага арыштавалі яшчэ на 15 сутак.
3. 18 снежня ў Мінску затрыманы гукарэжысёр Андрэй Лапс, 20 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна ён пакараны арыштам на 15 сутак за «непадпарадкаванне распараджэнню службовай асобы (арт. 23.4 Крымінальнага кодэкса)».
4. 28 снежня ў судзе Пінскага раёна другі раз судзілі дырэктара дома культуры з вёскі Ахова Аляксандра Дземчука, яму зноў прысудзілі 15 сутак арышту паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях за «непадпарадкаванне распараджэнню службовай асобы». 23 снежня Аляксандра Дземчука арыштавалі на 15 сутак паводле таго ж артыкула – 22 снежня ён узлез на дуб, каб перашкодзіць камунальным службам знішчаць дубы на могілках. За абарону дрэваў Аляксандр Дзямчук асуджаны на 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
5. 30 снежня краязнаўцу Ігара Бараноўскага з Брэста аштрафавалі на 20 базавых велічынь (580 руб.) за рэпосты з канала «Б**сат», прызнананага экстрэмісцкім.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. У Аляксандра Фядуты, літаратуразнаўцы, сябры Беларускага ПЭНа, які ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць. Аляксандр Фядута абвясціў медыцынскую забастоўку – адмаўляецца прымаць таблеткі ў знак пратэсту супраць абмежаванняў у ліставанні. Аляксандра Фядуту затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 красавіка ў Маскве, абвінавацілі паводле крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
2. На Міколу Дзядка працягвае ціск адміністрацыя магілёўскай следчай турмы № 4, яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва». Мікола Дзядок – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага сусвету», блогер, аўтар газеты «Новы час», актывіст анархічнага руху. Кніга «Фарбы паралельнага сусвету» выйшла ў 2017 годзе ў серыі «Беларуская турэмная літаратура», заснаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна». Кніга напісана на падставе досведу, атрыманага аўтарам падчас першага палітычна матываванага зняволення, калі Мікола Дзядок правёў за кратамі 4,5 года з 2010 да 2015-га (г. зв. «справа анархістаў») і быў прызнаны палітвязнем. У 2017 годзе Мікола Дзядок стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Р**** С******» і Беларускім ПЭНам за твор, напісаны ў зняволенні.
IV. Забарона на прафесію і звальненні паводле ідэалагічных матываў
У снежні стала вядома, што з устаноў культуры і ўніверсітэтаў звальняюць сотні людзей «паводле згоды бакоў» або не працягваюць працоўных кантрактаў. Звальняюць за грамадзянскую пазіцыю тых, хто ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе або падпісваў лісты супраць гвалту ці ў абарону студэнтаў, змяшчаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках тэксты з крытыкай дзейнай улады або выявы нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Асноўная частка звальненняў адбудзецца ў першай палове студзеня. Не ўсе, каго звальняюць, імкнуцца падзяліцца інфармацыяй з праваабаронцамі або незалежнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, бо маюць спадзеў уладкавацца на афіцыйную працу ў Беларусі.
V. Пераслед за нацыянальную сімволіку
1. 20 снежня ў Полацку затрымалі «гаспадара бел-чырвона-белай хаты» Анатоля Каханчыка. 20 снежня актывіста выклікалі позвай у міліцыю, адтуль ён ужо не вярнуўся. 21 снежня Анатоля Каханчыка ўжо другі раз пакаралі за несанкцыянаванае пікетаванне арыштам на 25 сутак паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне). Анатоль Каханчык абвясціў «сухую» галадоўку і трапіў у шпіталь. У 2020 годзе Анатоль Каханчык пафарбаваў сваю хату ў вёсцы Алёшча ў бел-чырвона-белы колер, а на акне павесіў «Пагоню». Некалькі разоў Анатоля Каханчыка папярэджвалі, каб ён перафарбаваў хату, але ён выявіў прынцыповасць: аднавіў расфарбоўку нават пасля таго, як невядомыя зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу.
2. 27 снежня Анатоля Шалковіча зноў асудзілі на 15 сутак. Гэта чацвёрты 15-сутачны арышт Анатоля Шалковіча запар – агулам яму прысудзілі 60 сутак арышту. Анатоля Шалковіча затрымалі 11 лістапада, у дзень, калі яму споўнілася 65 гадоў, арыштавалі на 15 сутак за тое, што ён вырабляў дома нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. З таго часу Анатоль Шалковіч не выйшаў на волю. «Пакаяннае відэа» з удзелам Анатоля Шалковіча зрабілася мэмам: ён тлумачыў, што любіць спалучэнне белага з чырвоным, бо любіць памідоры са смятанай.
VІ. Закрыццё СМІ, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, што асвятлялі падзеі ў сферы культуры
1. У снежні 2021 года выйшаў апошні нумар газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова». У 2021 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў заснавальніка газеты – Таварыства Беларускай мовы (ТБМ), адну са старэйшых няўрадавых арганізацый Беларусі, заснаваную ў 1989 годзе. Газета «Наша слова» выходзіла з 1990 года.
2. Улады заблакавалі сайт выдання «Свободные новости Плюс». Яшчэ ў жніўні 2020 года рэдакцыя спыніла выхад газеты на паперы праз пераслед, цалкам перайшла ў анлайн. Цяпер Sn-plus.com з Беларусі можна чытаць толькі праз VPN або праз каналы ў сацыяльных сетках: Telegram, Facebook.