• Навiны
  • “Гэта даўно ўжо не проста імя – сімвал змагання”

“Гэта даўно ўжо не проста імя – сімвал змагання”

Апошняе абнаўленне: 15 снежня 2021
“Гэта даўно ўжо не проста імя – сімвал змагання”
racyja.com
Ганаровы старшыня і сябра Беларускага ПЭНа Уладзімір Някляеў пра прысуд Мікалаю Статкевічу

14 снежня быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу — яго пакаралі 14-цю гадамі пазбаўлення волі. Таксама ўчора абвясцілі прысуд Арцёму Сакаву — 16 гадоў за кратамі, расіяніну Дзмітрыю Папову — 16 гадоў, Уладзіміру Цыгановічу — 15 гадоў, Ігару Лосіку — 15 гадоў і Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У кастрычніку з-за кратаў Мікалай Статкевіч даслаў ліст з тэкстам пад назвай “Сэнсы жыцця”.

Сябра Беларускага ПЭНа і яго ганаровы старшыня Уладзімір Някляеў піша:

Мікола Статкевіч… Гэта даўно ўжо не проста імя – сімвал змагання. Ён з вядомага, слаўнага роду старажытнай беларускай шляхты, афіцэр, рыцар, які ні ў чым і ніколі не паступіўся кодэксам гонару і годнасці, верны сын Беларусі, гатовы ахвяраваць дзеля Айчыны асабістай свабодай, жыццём, чалавек неверагоднай моцы характару і мужнасці, чыстага сумлення… – і за ўсё гэта яго на 14 гадоў у турму! І гэта пасля 8 гадоў, якія ён ужо адбыў за кратамі! І калі гэта не помста за нязломнасць, за мужнасць, за гонар і годнасць, тады што гэта такое?..

Цябе не зламалі! Твой дух на муку не змалолі!

Праз Плошчу, праз краты ты крочыш дарогай да Волі!

Па гэтай дарозе гісторыі коціцца кола…

І прыйдзе твой час – і твая перамога, Мікола!