• Заявы
  • Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні пяці новых палітзняволеных

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні пяці новых палітзняволеных

Апошняе абнаўленне: 29 лістапада 2021
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі аб прызнанні пяці новых палітзняволеных
Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, з трывогай адзначаем працяг рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў у сувязі з пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і актаў катаванняў і жорсткасці з боку сілавых ведамстваў, а таксама ў межах ажыццяўлення дэструктыўнай палітыкі ў дачыненні да грамадзянскіх правоў і свабод.

У прыватнасці, мы з трывогай адзначаем, што крымінальны закон працягвае адвольна ўжывацца дзеля зняволення людзей, якія з пратэсных матываў спынялі на кароткі час рух на чыгунцы, не ўжываючы разбурэнняў і не ставячы ў небяспеку пасажыраў і транспарт. Адсутнасць такой небяспекі неаднаразова пацвердзілі ў судовых пасяджэннях сведкі абвінавачвання. Справы гэтай катэгорыі прааналізавалі юрысты-праваабаронцы.

Так, рашэннем суда Віцебскага раёна ад 11 кастрычніка 2021 года да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК быў асуджаны Сяргей Іваноў.

Па сваёй сутнасці ягоныя дзеянні ўтрымоўваюць прыкметы блакавання транспартных камунікацый (шляхам стварэння перашкод, усталявання пастоў ці іншым спосабам), аднак для кваліфікацыі іх як крымінальнага злачынства неабходны надыход пэўных наступстваў, якія адсутнічаюць у інкрымінаваных яму эпізодах. Прыкметы наўмыснага разбурэння, пашкоджання ці прывядзення іншым спосабам у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі ці сувязі ці іншага транспартнага абсталявання, якія маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю або іншыя цяжкія наступствы, у справе адсутнічаюць. Такім чынам, яны не могуць кваліфікавацца як крымінальна каральнае дзеянне.

Важна адзначыць, што падкладанне на чыгуначныя шляхі прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху чыгуначнага транспарту, з’яўляецца толькі адміністрацыйным правапарушэннем.

Акрамя таго, Сяргею Іванову паводле арт. 309 КК неабгрунтавана прызначаны максімальна жорсткі від пакарання пры наяўнасці альтэрнатыўных, на максімальны тэрмін.

Суды па-ранейшаму не ўлічваюць акалічнасці, якія выключаюць крымінальную адказнасць абвінавачаных па палітычна матываваных справах.

Рашэннем суда Фрунзенскага раёна г. Мінска 11 лістапада 2021 года асуджаны: Яўген Коржаль і Цімафей Мажанкоў да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, Аляксей Ігнаценка — да трох гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі (далучана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па папярэднім прысудзе) паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса за “пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкаджэння ягонай законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці”. 11 жніўня 2020 года абвінавачаныя, убачыўшы, што супрацоўнікі міліцыі збіваюць дубінкамі і нагамі чалавека, які ляжаў на тратуары пад пад’ездам шматпавярховага дома, скінулі ўніз на газон драўляныя дзверы, пасля чаго збіванне чалавека спынілася.

У адпаведнасці з арт. 34 Крымінальнага кодэкса, кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Гэтае права належыць асобе незалежна ад магчымасці пазбегнуць замаху або звярнуцца па дапамогу да іншых асобаў ці органаў улады. Не з’яўляецца злачынствам дзеянне, зробленае ў стане неабходнай абароны, то бок пры абароне жыцця, здароўя, уласнасці, жылля, правоў асобы, якая абараняецца, ці іншай асобы, інтарэсаў грамадства ці дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення асобе, якая замахваецца, шкоды, калі пры гэтым не было дапушчана перавышэння межаў неабходнай абароны. Перавышэннем межаў неабходнай абароны прызнаецца відавочная для асобы, якая абараняецца, неадпаведнасць абароны характару і небяспецы замаху, і толькі калі асобе, якая замахваецца, без неабходнасці наўмысна прычыняецца смерць ці цяжкае целавае пашкоджанне.

У дадзенай сітуацыі ў абвінавачаных адсутнічала магчымасць звароту ва ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы дзеля абароны пацярпелай асобы, якую збівалі, ад злачынных замахаў супрацоўнікаў міліцыі; дзеянні “пацярпелых” супрацоўнікаў міліцыі відавочна парушалі канстытуцыйныя правы на недатыкальнасць асобы і забарону на жорсткае, нялюдскае, зневажальнае абыходжанне, што паставіла абвінавачваных у стан неабходнай абароны, які выключае крымінальную адказнасць.

Таксама па палітычна матываваных крымінальных справах неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, “утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях”. “Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачанні, то бок пасля прад’яўлення абвінавачання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад’яўлення абвінавачання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як “грамадская небяспека”… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання”.

З 28 верасня 2021 года пад вартай утрымліваецца Марыя Успенская. У той дзень супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі ў межах правядзення спецыяльных мерапрыемстваў “па адпрацоўцы адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці”, трапілі з пашкоджаннем дзвярэй у кватэру Марыі Успенскай, дзе адзін з іх загінуў у перастрэлцы з мужам Марыі Успенскай — Андрэем Зельцэрам. Паводле распаўсюджаных Следчым камітэтам звестак, затрыманне Марыі Успенскай было звязанае з падазрэннем ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Разам з тым, відэасюжэт з кватэры пацвярджае той факт, што непасрэднай ролі ў той перастрэлцы Марыя Успенская не выконвала, толькі ажыццяўляла відэаздымку дзеянняў мужа; іншыя акалічнасці таго здарэння: неспадзяваны і нечаканы для Андрэя Зельцэра і Марыі Успенскай замах прадстаўнікоў улады на недатыкальнасць жылля, імклівасць канфлікту — выключаюць абгрунтаваныя абвінавачванні ў любых формах саўдзелу паводле папярэдняй змовы.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”,

“Палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця бы адзін з наступных фактараў: …

  1. b) пазбаўленне волі было заснаванае на фальсіфікацыі доказаў інкрымінаванага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі ці складу правапарушэння або яго здзяйсненні іншай асобай;
  2. c) працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, вінаваціцца або было прызнаная вінаватай.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Сяргея Іванова, Яўгена Коржаля, Цімафея Мажанкова, Аляксея Ігнаценкі і Марыі Успенскай палітычна матываваным, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.2 (b,c) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць палітзняволеную Марыю Успенскую,
  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да Сяргея Іванова, Яўгена Коржаля, ЦімафеяМажанкова, Аляксея Ігнаценкі прысуды пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд, іх вызваленні з ужываннем іншых мер стрымання, што забяспечваюць яўку ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

“Прававая ініцыятыва”;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Human Constanta.