Перастварыла па-беларуску англамоўныя тэксты пра Беларусь Тыматы Снайдэра ды іншых даследчыкаў, у тым ліку самы вялікі англамоўны тэкст пра беларускую літаратуру (і пра Беларусь увогуле) Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» (Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day), а таксама мастацкія творы Вірджыніі Вульф, Уільяма Голдынга, Тэнэсі Уільямса, Дэна Браўна, Пола Остэра, Гаральда Пінтэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, Маргарэт Этвуд і іншых брытанскіх і амерыканскіх аўтараў. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў» і «ARCHE».
Супольна з Ілонай Урбановіч і Змітром Саўкам пераклала «Гладыятара», мультфільмы «Шрэк», «Шрэк-2» і інш. У 2010-2015 гг. перакладала фільмы для тэлеканала «Белсат», у тым ліку «Гіцляў», «Ідэальнага мужа», «Сямейку Смітаў», «Медсястру Бэці», «Рычарда ІІІ».
У 2011 г. узнагароджаная прэміяй часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісвет» за найлепшы пераклад у галіне прозы.
15 студзеня 2021 года Вольгу Калацкую затрымалі і змясцілі ў ІЧУ г. Мінска на Акрэсціна, потым у турму № 8 г. Жодзіна і, урэшце, у СІЗА-1 г. Мінска. Спачатку яна праходзіла як падазраваная па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пазней Вольгу Калацкую абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з мірных акцый пратэсту яна двойчы дала поўху прапагандысту дзяржаўнага канала СТБ Рыгору Азаронку. Да суда Вольга Калацкая знаходзілася за кратамі.
У сакавіку 2021 года крымінальную справу разглядаў Фрунзенскі суд Мінска. 24 сакавіка суддзя А. Скуратовіч пакарала перакладчыцу двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (г. зв. «хатняй хіміі»).
У траўні 2021 года Следчы камітэт адмяніў пастанову аб спыненні вытворчасці па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. У выніку Вольга Калацкая зноў падазраваная па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу Калацкую выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
За кратамі Вольга Калацкая вяла турэмны дзённік, які друкавала ў сацыяльных сетках.
11 снежня 2022 года скончыла адбываць двухгадовае пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі».