У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і зняволення грамадзян краіны паводле шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:
- Алег Філіпаў быў асуджаны 14 кастрычніка 2021 г. да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч. 2 арт. 368 КК за надпісы на жылым доме ў Брэсце;
- Міхаіл Прач асуджаны паводле 341, 391 КК за нанясенне надпісаў і абразу суддзі да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Валерый Ясечак асуджаны паводле 368 КК за абразу прэзідэнта да 2 гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Аляксандр Жданаў, асуджаны паводле 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Яўген Шпількаў, асуджаны паводле 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Сяргей Хацкевіч, асуджаны паводле 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Вадзім Цішкевіч, асуджаны паводле 369 КК за публічную абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 8 месяцаў абмежавання волі, накіраваны ва ўстанову адкрытага тыпу для адбывання пакарання;
- Адам Цяслюк змешчаны ў СІЗА па абвінавачванні паводле арт. 369 КК;
- Міраслаў Федаровіч змешчаны ў СІЗА па абвінавачванні паводле арт. 369 КК.
У сувязі з гэтым мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Алега Філіпава, Міхаіла Прача, Валерыя Ясечка, Аляксандра Жданава, Яўгена Шпількава, Сяргея Хацкевіча, Вадзіма Цішкевіча, Адама Цяслюка, Міраслава Федаровіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, а менавіта — артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усё раней заведзеныя паводле гэтых артыкулаў крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
“Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Lawtrend;
“Прававая ініцыятыва”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Ідэнтычнасць і права.