• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 27 верасня – 3 кастрычніка 2021

“Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 27 верасня – 3 кастрычніка 2021

Апошняе абнаўленне: 5 кастрычніка 2021
“Я хачу, каб беларусы не баяліся думаць, гаварыць, крытыкаваць, гуляць і любіць”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 27 верасня – 3 кастрычніка 2021
малюнак Анастасіі Міронцавай
"І слухае моўчкі радзіма –  усё словы, і словы, і словы..."  Карлас Шэрман  

Спампаваць pdf-версію 52-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Кірыл Салееў

Кірыл Салееў, гукарэжысёр Тэатра юнага гледача, музыка, два тыдні таму трапіў за краты. Яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але сутнасць абвінавачванняў пакуль невядомая.

Андрэй Колас, гісторык і выкладчык курсаў “Мова Нанова”, быў затрыманы 27 верасня па фармальнай прычыне “праверка паляўнічай зброі” і асуджаны на 10 сутак.

Анатоль Кудласевіч, бард і пісьменнік, быў затрыманы 29 верасня пасля разгрому яго кватэры. Пасля яго аштрафавалі на 2900 рублёў за бел-чырвона-белы сцяг у акне.

Вярхоўны суд 1 кастрычніка ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў.


Жыццё ў няволі

Канстанцін Севярынец

Канстанцін Севярынец, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст і журналіст, тата Паўла  Севярынца, памёр ад каранавіруса уначы 1 кастрычніка. Паўла не адпусцілі на пахаванне бацькі.

Наталлю Хершэ з калоніі перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве. У калоніі вязні ходзяць у сталовую, на працу, могуць выходзіць на закрытую тэрыторыю калоніі, а не знаходзяцца ўвесь час у камеры, як у турме.

Алесь Пушкін у лісце паведамляе, што адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, што яму давялося правесці 5 сутак у карцэры, а таксама, што раздаў каля сотні партрэтаў зняволеных. Ён дзеліцца планамі пра супольную выставу з мастакамі, якія зазналі турму, а таксама працуе над стварэннем п’есы пад рабочай назвай “Чорны бусел”.

Антон Шніп

Ігара Банцэра пераводзяць з «хіміі» ў калонію “за парушэнне рэжыму”. 

Марыя Калеснікава падрабязна расказвае пра свой побыт у турме, свае прынцыпы і веру ў беларускі народ.

Антон Шніп, зняволены музыка гурта Іrdorath, мае намер ажаніцца са сваёй дзяўчынай у СІЗА на Валадарскага, але адказу на лісты аб прадстаўленні сустрэчы з дзяўчынай ад Следчага Камітэту дасюль няма. Дзейнасць адвакаткі Шніпа прыпынілі да 15 кастрычніка – верагодна, улады маюць намер пазбавіць яе адвакацкай ліцэнзіі.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Беларускі ПЭН апублікаваў “Маніфест Няпэўнага Часу”, які ўлучае найважнейшыя прынцыпы існавання і дзейнасці арганізацыі ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі пасля жніўня 2020 года.

Вось некаторыя тэзісы з Маніфеста:

Беларускі ПЭН бачыць сваёй місіяй будаваць прастору дзеля развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, бараніць грамадзянскія і культурныя правы і свабоды Людзей Слова.

Беларускі ПЭН лічыць літаратуру і культуру падмуркам устойлівай дэмакратычнай сістэмы.

Беларускі ПЭН выкарыстоўвае падыход, заснаваны на правах чалавека.

Беларускі ПЭН, як і раней, змагаецца супраць праяў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.

Беларускі ПЭН ацэньвае існы стан рэчаў у Беларусі як сітуацыю тэрору і заклікае рэжым неадкладна спыніць яго.

У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН імкнецца да канструктыўных мадэляў паводзін: узаемапавагі, салідарнасці, негвалтоўнасці, празрыстасці, паслядоўнай абароны ўласных каштоўнасцей і правоў.

Беларускі ПЭН лічыць найважнейшым прынцыпам сваёй дзейнасці беларусацэнтрычнасць. Усё, што мы робім, мы робім з думкамі пра Беларусь і для Беларусі. 

Кніга “Дзевяноста шосты” Сяргея Навумчыка

Кніга «Дзевяноста шосты» Сяргея Навумчыка, сябра Беларускага ПЭНа, выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе».

Вольны хор заспяваў у падтрымку спартоўцаў.

Выстава масак Анастасіі Рыдлеўскай “Дзе твой твар” адчынілася ў прасторы кавярні “Вершы” ў Мінску.

Акцыя мастака Міхаіла Гуліна стартуе ў межах Фестывалю мастацтва ў публічнай прасторы «Адкрыты горад» у Любліне – трое сутак ён правёў у «чэраве кіта».

«Тут і кантэкст ізаляцыі ў час каронавіруса, і экстрэмальны досвед палітзняволеных, і ізаляцыя Беларусі. Мы ўсе цяпер – у чэраве монстра, па вялікім рахунку. І колькі год будзе доўжыцца гэтае зняволенне, не вядома.»

Анлайнавая дыскусія “(Не)жаночае аблічча беларускай прозы”, арганізаванае ў рамках прэміі Гедройця Беларускім ПЭНам.

Кніга “Трэці Эдэм” Валянціны Аксак

Выйшла кніга Валянціны Аксак “Трэці Эдэм”.

Выйшла кніга «Вялікая Любавіцкая сінагога ў Віцебску» пра «шагалаўскую» сінагогу –– яе, лічаць даследчыкі, наведвала сям’я мастака.

Выстава “Антыцелы. Маладое мастацтва з Беларусi” праходзіць у Гамбургу з 1 па 10 кастрычніка. 

Вольга Якубоўская “Балада пра барацьбу”

Вольга Якубоўская “Балада пра барацьбу”

У Беларусі пачала працаваць «Вольная мова» — праект вольных размоў на роднай мове.

«Мова Нанова» цяпер і ў Вільні. Арганізатары — спікеры, якія раней праводзілі заняткі ў Беларусі.

Гурток беларускіх традыцыйных спеваў адчыніўся ў Вільні пад кіраўніцтвам Святланы Чакушкі, спявачкі гурта Miareža.

Журы падвялі вынікі Літаратурнага конкурса “Экслібрыс” імя Ніла Гілевіча. Сёлетняй пераможцай стала паэтка Яніна Равяка.

Абвешчаныя кароткія спісы Прэміі Цёткі.


Галасы асобаў

Ядвіга Рай

Ядвіга Рай, паэтка, выкладчыца ва “Універсітэце залатога веку”:

“Жыццёвы экзамен такі: цябе пакрыўдзілі — прабач, а калі табе нешта далі — старайся аддаць крышачку больш. Гэта закон балансу, які існуе ўсюды, у любых адносінах”.

Тарас Тарналіцкі, кінакрытык, пра пераход фестываля “Лістапад” пад кантроль чыноўнікаў:

Тарас Тарналіцкі

“З самага пачатку “Лістапад” быў прыватнай ініцыятывай. Цяпер фестываль стаў цалкам дзяржаўны. Хоць раней яго праводзілі ў тым ліку і за кошт рэспубліканскага бюджэту, але праводзіла яго незалежная арганізацыя [АРТ Карпарэйшн]. “АРТ Карпарэйшн” спрабавалі шукаць баланс паміж афіцыёзам і сапраўдным мастацтвам. Думаю, што нічога гэтага ўжо не будзе, нічога добрага ад гэтага фестывалю я дакладна не чакаю”.


Міжнародная салідарнасць

Марыя Калеснікава

Марыі Калеснікавай прысудзілі прэмію імя Вацлава Гавэла за свабоду слова.

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, зладжанай Libereco, Філіз Полат (Германія) выказала намер апекавацца лёсамі Пятра і Юліі Марчанка з гурта Irdorath. 

“Вольныя Купалаўцы” выступілі ўжывую – упершыню за паўтара года – на фестывалі «Напрамак Усход» у Беластоку

Філіз Полат

У Бразіліі адкрылася мультымедыйная выстава «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча».

Аўтарытэтны расійскі філалагічны часопіс «НЛО» ў апошнім выпуску змясціў блок «Бел-чырвона-белыя сэрцы слоў», прысвечаны сучаснай беларускай паэзіі. Укладальнік – паэт, перакладчык і літаратурны крытык Уладзімір Каркуноў.

Акцыя «Music is not a crime» прайшла каля беларускай амбасады ў Кіеве – ўкраінскія дудары гурта «Fram» у падтрымку беларускага гурту «Irdorath».


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стану на пачатак кастрычніка ў Беларусі больш за 710 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц. 

Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У кастрычніку 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Андрэй Пятроўскі, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні (5 кастрычніка); Аляксандр  Нурдзінаў, мастак (11 кастрычніка); Анжаліка  Борыс, старшыня “Саюза палякаў Беларусі” (14 кастрычніка) і Павел Мазько, дызайнер адзення (21 кастрычніка).

Адрасы для лістоў:

Андрэю Пятроўскаму – Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1;

Аляксандру  Нурдзінаву – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8;

Анжаліцы  Борыс – Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А;

Паўлу Мазько – СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.