Наўрад ці хто стане спрачацца, што за дзесяць год свайго існавання прэмія імя Ежы Гедройця зрабілася найважнейшай і найпрэстыжнейшай сярод беларускіх незалежных літаратурных узнагародаў, стала істотным сродкам падтрымкі нашых пісьменнікаў і прыкметным спосабам прыцягнення ўвагі да самога айчыннага пісьменства. Аднак сярод дэклараваных мэтаў прэміі ад моманту яе абвяшчэння былі “паглыбленне польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры”, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, спрыянне выхаду на міжнародны ўзровень творчасці беларускіх пісьменнікаў.
Ці можна праз дзесяць год сцвердзіць, што гэтыя мэты былі хоць часткова дасягнутыя? Хто з лаўрэатаў, прызёраў ці шортлістэраў прэміі быў перакладзены, зацікавіў нашых заходніх суседзяў і ці паспрыяла гэтаму ўручэнне прэміі? Хто ў сённяшняй Польшчы здольны перакладаць і выдаваць беларускую літаратуру? Якая літаратура цікавая польскаму (і любому іншаму замежнаму) чытачу? Перафразуючы вельмі стары анекдот, Гедройць – “роскошь” або “средство продвижения”?
Гэтыя ды іншыя пытанні мы будзем абмяркоўваць з лаўрэатам прэміі Гедройця Сяргеем Дубаўцом, першай намесніцай старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Тацянай Нядбай і перакладчыкам беларускай літаратуры на польскую мову Янам Максімюком. Мадэратар – Андрэй Хадановіч.
Далучайцеся да дыскусіі заўтра (5 кастрычніка) а 19.00 на youtube-канале ПЭНа па спасылцы альбо ў нашых сацсетках.