• Навiны
  • ПЭН Амерыкі падтрымлівае рэзалюцыю амерыканскага Кангрэсу з асуджэннем рэпрэсій у Беларусі

ПЭН Амерыкі падтрымлівае рэзалюцыю амерыканскага Кангрэсу з асуджэннем рэпрэсій у Беларусі

Апошняе абнаўленне: 30 верасня 2021
ПЭН Амерыкі падтрымлівае рэзалюцыю амерыканскага Кангрэсу з асуджэннем рэпрэсій у Беларусі
Рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў дэманструе нязменную салідарнасць амерыканцаў з беларускім народам

Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі Стыў Коэн (D-TN) і Рэспубліканскай партыі Джо Уілсан (R-SC) прадставілі ў Палаце прадстаўнікоў ЗША рэзалюцыю, якая асуджае беларускі рэжым і жорсткае падаўленне прадэмакратычнага руху, якое доўжыцца ўвесь апошні год. Рэзалюцыя “асуджае абуральны наступ беларускіх уладаў на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў жніўні 2020 года”.

У рэзалюцыі асуджаюцца “рэпрэсіі Аляксандра Лукашэнкі супраць мірных дэманстрантаў, журналістаў, дзеячаў культуры, праваабаронцаў, актывістаў, палітычных дзеячаў і крытыкаў урада”. Рэзалюцыя асвятляе, у прыватнасці, нападкі на грамадзянскую супольнасць, уключаючы ліквідацыю Беларускага ПЭН-цэнтра 9 жніўня 2021 года.

“Кангрэс неаднаразова дэманстраваў, што не завагаецца перад тварам аўтарытарызму ў Беларусі. Мы ад усёй душы падтрымліваем гэтую рэзалюцыю і яе выразны сігнал падтрымкі дзеячаў культуры, журналістаў, інтэлектуалаў і грамадскіх дзеячаў, якія становяцца мішэнню беларускіх уладаў нават за межамі краіны”,

– сказала дырэктарка ПЭН Амерыкі ў Вашынгтоне Надзін Фарыд Джонсан.

“Прайшло ўжо больш за год пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, якія спарадзілі гэтыя натхняючыя масавыя пратэсты. Тэрор рэжыму Лукашэнкі павінен скончыцца. Толькі беларускі народ можа вызначаць будучыню краіны, у якой ён зможа гаварыць, пісаць і выказваць сябе так, як ён хоча”.

Рэзалюцыя таксама заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, процідзеяння цэнзуры ў Інтэрнэце, а таксама да таго, каб адміністрацыя Байдэна аказала падтрымку ахвярам катаванняў і прыцягнула да адказнасці парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі.

PEN Амерыкі падтрымала рэзалюцыю, нароўні з такімі арганізацыямі, як Amnesty International USA, Камітэт па абароне журналістаў і “Рэпарцёры без межаў”.

Арыгінал заявы на сайце ПЭН Амерыкі.