Спампаваць pdf-версію 49-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Марыі Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў абмежавання волі, Максіму Знаку – 10 гадоў. Іх прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: змова з мэтай захопу ўлады, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва ім.
Адбылося затрыманне ўдзельнікаў фэсту «Аршанская бітва», які ў апошнія гады праводзіцца або падпольна, або без шырокай рэкламы. Юрку Копціка – шматгадовага арганізатара фэсту, аршанскага краязнаўцу і журналіста, і яшчэ дваіх асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту.
Супрацоўнікаў культцэнтра “Корпус” пакаралі суткамі за непадпарадкаванне міліцыянтам: Аляксандра Багданава і Максіма Крука арыштавалі на 10 сутак, а Лізавету Неўмяржыцкую — на 8 сутак.
Вадзіма Ермашука, блогера, асудзілі яшчэ на 15 сутак – у дадатак да 25, якія ён адбывае з 19 жніўня.
Алесю Мінаву, маладому літаратару і настаўніку беларускай мовы і літаратуры, прад’яўлена абвінавачванне па частцы 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях).
Вікторыю Лёвіну пакаралі штрафам 2320 рублёў (80 базавых) за валасы, пафарбаваныя ў бел-чырвона-белы.
Аляксея Бусла, гукарэжысёра і музыку гурта Favourite Mirror, затрымалі раніцай 9 верасня падчас «хапуна» на дваравым маршы ў мінскай Кунцаўшчыне. Яго збівалі пасля затрымання і катавалі электрашокерам, а потым арышатавалі на 15 сутак. Разам з ім арыштавалі яго маці.
Міколу Папеку, паэта, адправілі адбываць пакаранне на “хімію” за 400 кіламетраў ад дома, даўшы на зборы толькі 2 дні – тэрмінам на 2 гады за справу, празваную “карагоднай”.
Кацярына Пытлева, журналістка, тэлевядоўца, паэтка, якая звольнілася з дзяржаўнага тэлебачання ў 2020 годзе і з’ехала за мяжу, дзе працуе над незалежным медыйным праектам Malanka Media, паведаміла пра вобшук 7 верасня ў мінскай кватэры, дзе яна жыла са сваёй сям’ёй. “Зламалі дзверы, парэзалі калонкі, малатком разбілі фігуркі вожыкаў, парэзалі вясельныя фота, распатрашылі вінілавую калекцыю і парассыпалі крупы і муку па ўсёй кватэры”.
У Беларусі заблакавалі сайт “Радыё Рацыя”. Доступ да рэсурсу абмежаваны на падставе прынятага рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. На гэтым Радыё ўжо 15 год выходзяць дзясяткі праграмаў, прысвечаных беларускай гісторыі, музыцы, літаратуры.
Ліквідуецца ІCOMOS – арганізацыя, якая ў Беларусі займалася захаваннем помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны.
Жыццё ў няволі
Ігару Банцэру, палітзняволенаму гарадзенскаму панк-музыку і актывісту, дадалі яшчэ 10 содняў ШІЗА. Такім чынам, агулам у штрафным ізалятары ён правядзе ўжо 40 дзён – у поўнай ізаляцыі і без перадач. Перад тым, як трапіць у штрафны ізалятар «за парушэнне рэжыму», на Ігара ўзмацніўся ціск з боку адміністрацыі «хіміі» ў Віцебску, дзе ён адбывае пакаранне. Гучалі адкрытыя пагрозы, што музыка будзе мець праблемы і паедзе на «зону». Знаёмыя звязваюць гэта з тым, што ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Марыя Калеснікава і Максім Знак упершыню за год атрымалі спатканне са сваімі татамі.
Ад Наталлі Хершэ першы раз за чатыры месяцы прыйшоў ліст. Цяпер яна знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу – туды змяшчаюцца за парушэнне парадку адбывання пакарання. Наталля адчувае сябе няблага, харчаванне трошкі палепшылася, але бракуе садавіны і гародніны. Мае праблемы з валасамі – яны сталі танчэйшыя і выпадаюць – Наталля мяркуе, што справа ў недахопу жалеза. Яна чытае і піша скаргі на тое, з чым не згодная.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Мастацкае прысвячэнне Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку ад cactuss.art.
У Беластоку з’явіцца нядзельная Школа беларускай традыцыі для дзетак.
Беларускі музыка Алесь Ясінскі выканаў на баяне кампазіцыю “Муры”.
У беларускай царкве ў бельгійскім Антвэрпэне пачалі працу над манументам памяці Вітольда Ашурка.
Мурал, прысвечаны Марыі Калеснікавай, з’явіўся ў Санкт-Пецярбургу, але яго амаль адразу ж зафарбавалі.
Мастацкі праект Ігара Кашкурэвіча «Размова з духам камня» адкрыўся 10 верасня ў рамках фестывалю «Арт-Мінск-2021».
У амерыканскім горадзе Уітан, штат Іллінойз, на Фестывалі культур беларусы Чыкага прадставілі беларускую экспазіцыю.
Анлайн-выстава “Крык” пра падзеі 2020 года і смелых людзях, дзякуючы якім сталі магчымымі перамены.
Спектакль “Палаючыя дзверы” прадстаўляе магутнае выказванне Свабоднага тэатра ў салідарнасці з тымі, хто адмаўляецца маўчаць.
Вызначаны доўгі спіс прэтэндэнтаў на прэмію Гедройця 2021.
Да Дня народзінаў Святланы Ціханоўскай➡️
Антаніна Сцебур, магістарка сацыялогіі, куратарка і даследчыца, аўтарка публікацый аб сучасным мастацтве, напісала тэкст – спробу разгледзець, якім чынам нармалізууецца рэпрэсіўны парадак і ўбачыць, які мы можам адначасова аказваць падтрымку і працягваць выключаць кагосьці з публічнай прасторы, пазбаўляць яго ці яе голасу. Аўтарка тэкста падкрэслівае важнасць падобных меркаванняў, паколькі дзякуючы ім, фарміруецца крытычная оптыка, адчувальнасць у адносінах да прыгнечаных, чые галасы не чутныя, таму што ў іх больш няма сіл змагацца за сябе.
Праблема раскрываецца праз сітуацыю з фота выставай “Секвецныi”, якая адбылася ў Музеі Заіра Азгура ў ліпені 2021 года: на ёй быў прадстаўлены фотаздымак Віктара Баразны – цяперашняга рэктара Акадэміі мастацтваў, пад чыім кіраўніцтвам адбываліся рэпрэсіі супраць выкладчыцкага складу і студэнцтва, але не было працаў Віктара Каленіка, фатографа, бацькі Марыі Каленік, палітзняволенай студэнткі Акадэміі мастацтваў, хаця фота абодвух маглі там быць, згодна з канцэпцыяй выставы. Антаніна Сцебур выказвае думку, што ўключэнне ў выставу Віктара Каленіка магло стаць актам салідарансці і клопату ў дачыненні да калегі, пазбаўленага голасу. Уключэнне працаў Віктара Баразны, які і без таго мае моцную, з пункту гледзішча ўлады, пазіцыю, а таксама доступ да грамадскіх пляцовак і медыя, але неўключэнне працаў Віктара Каленіка аўтарка тэксту бачыць актам цэнзуры да сённяйшняй палітычнай сітуацыі. Такім чынам адбываецца “заліпанне” ў існуючых рэпрэсіўных адносінах, нараджаецца несправядлівасць, адчужэнне, узмацняецца выключэнне выключаных.
Галасы асобаў
Таццяна Шчытцова, прафесарка ЕГУ, галоўная рэдактарка філасофска-культуралагічнага часопіса Topos, філосафка:
“Мы зараз маем справу з прапагандай, якая вырабляе вельмі перакручаную карціну свету. Гэтая карціна свету – прадукт свядомасці ці свядомасцяў, у якіх няма прасторы для ўяўлення. І гэта заканамерна, бо ізаляцыя, у якой апынуўся сёння рэжым, ператварае палітычную свядомасць у бункер. І ў гэтым бункеры ёсць толькі адна праграма – самарэабілітацыя пасля траўмы. Гэта ўсё, на што зараз накіраваны прапагандысцкі дыскурс. Гэта, вядома, іншая траўма, зусім не тая, якая ўдарыла па грамадстве і прывяла да масавых пратэстаў. Для апанентаў траўма заключаецца зусім у іншым – у адсутнасці падтрымкі большасці. І ў гэтым стане палітычная свядомасць можа прайграваць толькі праграму па самарэабілітацыі”.
Уладзімір Някляеў, паэт, пісьменнік, грамадскі дзяяч, сябра Беларускага ПЭНа, пра прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку:
“У крымінальнай справе Калеснікавай і Знака няма нічога крымінальнага і не можа быць, бо яны проста ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі згодна з Канстытуцыяй. Паколькі законы ў нас цяпер не дзейнічаюць, а дзейнічае права, так скажам, асабістага подпісу пад судовым вырашэннем, ніхто не чакаў, што будзе ўлічана, што людзі не парушалі законаў. Гэта сведчыць толькі пра адно — пра пасылы на Захад пра гатоўнасць рэжыму да нейкіх перамоў, зменаў у сваёй палітыцы ў адносінах да грамадства. Насамрэч рэжым не збіраецца гэтага рабіць і ўсяляк дэманструе, што грамадства будзе пад прэсам катаванняў і здзекаў да той пары, пакуль не прызнаюць правату”.
Міжнародная салідарнасць
Магістранты кафедры сцэнiчнага мастацтва Эстонскай акадэміі музыкі і тэатра ў лютым 2021 года паказалі пстаноўку “Абуджэнне Беларусі” – яны выбралі гэтую тэму дзеля свайго творчага праекта. Цяпер з’явілася відэа пастаноўкі з беларускімі субтытрамі.
Раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыю», забаронены ў Беларусі, паставяць у Deutsches Schauspielhaus ў Гамбургу ў красавіку 2022.
Працы беларускага мастака Алеся Пушкіна цяпер можна паглядзець на выставе Sztuka Polityczna («Палітычнае мастацтва») у Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» у Варшаве, разам з працамі 27 іншых вядомых мастакоў свету. Выстава арганізаваная дацкім мастацкім холам ЛЭСЁ ў супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Польшчы і іншымі культурнымі арганізацыямі.
Юля Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч удзельнічаюць у літаратурным фестывалі The Festival of World Literature у Заграбе, у анлайнавым фармаце. Напярэдадні фестываля інтэрв’ю з Юляй Цімафеевай выйшла ў баснійскім медыя Dnevnik.ba.
Беларускія арганізацыі Беласточчыны прынялі заяву ў знак салідарнасці з МГА «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”», а таксама выказалі пратэст супраць рэпрэсій і лікваідацыі шэрагу беларускіх НДА, такіх як Беларускі ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў.
У Варшаве 7 верасня адбыўся паказ фільма “Кураж”, прысвечаны Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.
На вокладцы расейскай «Новай газеты» – ілюстрацыя, прысвечаная Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
У верасні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Максім Знак, юрыст, літаратар і музыка (4 верасня); Аляксандр Васілевіч, менеджар культуры (14 верасня) і Даніла Ганчароў, мастак па святле (27 верасня).
Адрасы, на якія можна дасылаць віншаванні:
Максіму Знаку і Аляксандру Васілевічу – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;
Даніле Ганчарову – Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.