На прэмію за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе, намінавалася 31 кніга. У доўгі спіс увайшлі 12 з іх:
- Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
- Сяргей Астраўцоў. Спадар Свабода. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
- Сяргей Балахонаў. Бог кахання Марс. Мінск, Янушкевіч, 2020
- Ева Вайтоўская. Гарэзлівы пацалунак. Мінск, Янушкевіч, 2020
- Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
- Валеры Гапееў. І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік. Мінск, Электронная кнігарня, 2020
- Сяргей Календа. Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020
- Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020
- Алесь Паплаўскі. Гульні з нулявымі сумамі. Мінск, Галіяфы, 2020
- Юльяна Пятрэнка. Харунжы. Verbera Ventorum. Мінск, Кнігазбор, 2020
- Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
- Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
Згодна са статутам Прэміі доўгі спіс (12 кніг) абіраўся сябрамі журы на пасяджэнні шляхам адкрытага галасавання (пасля абмеркавання) простай большасцю галасоў.
У склад журы сёлетняй прэміі Гедройця ўвайшлі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019), Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (2020).
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.
Сачыць за навінамі прэміі можна на яе старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected].