• Навiны
  • Пайшоў з жыцця гісторык Уладзімір Ляхоўскі

Пайшоў з жыцця гісторык Уладзімір Ляхоўскі

Апошняе абнаўленне: 7 верасня 2021
Пайшоў з жыцця гісторык Уладзімір Ляхоўскі

Пайшоў з жыцця адзін з найлепшых беларускіх гісторыкаў свайго пакалення, даследчык, лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча за кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. — 1-й палове XX ст. (да 1939 г.)” (2012 г.) Уладзімір Ляхоўскі.

Уладзімір Ляхоўскі, на маю думку, выдатны даследчык беларускай гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя. Найперш часоў Беларускай народнай рэспублікі, Слуцкага збройнага чыну. Усе беларускія аўтары, якія займаліся гэтымі тэмамі, заўсёды знаходзілі ў Ляхоўскім дасведчанага дарадцу, гісторыка, які валодаў унікальнай дакументальнай інфармацыяй па тым перыядзе. Я і дызайнер Зміцер Герасімовіч асабіста пераканаліся ў гэтым, калі працавалі над праектам «Краіна Беларусь. Ілюстравана гісторыя». Ведаю, што Уладзіміра Ляхоўскага вельмі шанавалі за бліскучую эрудыцыю і грамадзянскую пазіцыю студэнты з факультэта міжнародных адносін БДУ. Шчырыя спачуванні сям’і, сябрам і калегам Уладзіміра Ляхоўскага. Няхай яго душы будзе ўтульна там, у Нябеснай Беларусі”,

– адгукнуўся сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Арлоў.

Беларускі ПЭН глыбока смуткуе з прычыны заўчаснага зыходу таленавітага творцы і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра.