На Беларусі ад некалькі тыдняў ідзе беспрэцэдэнтная атака на ўсё беларускае. Кожны дзень даходзяць да нас звесткі аб чарговых ператрусах, арыштах або прысудах па сфабрыкаваных справах. Шмат рэдакцый незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацый ужо ліквідаваныя. Іншыя стаяць перад такой самай перспектывай.
Мы, ніжэйпадпісаныя, выказваем рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацый, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў. Усе незалежныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія ў сваіх статутных мэтах маюць развіццё культуры, беларускай мовы, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў маюць права на існаванне.
Цяжка пераацаніць заслугі вышэйназваных арганізацый, тым не менш нас, беларусаў у Польшчы, непасрэдна закранае перш за ўсё ліквідацыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэтае згуртаванне здаўна дзейнічае на карысць беларусаў па-за межамі Беларусі, арганізуе З’езды беларусаў свету, у якіх заўсёды ўдзельнічала шматлікая дэлегацыя з Польшчы. Па ініцыятыве ЗБС «Бацькаўшчына» у Рэспубліцы Беларусь быў прыняты закон «Аб суайчынніках за мяжой».
Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» заўсёды цікавілася справамі беларусаў у Польшчы і падтрымлівала нас па меры магчымасцяў. У гэты цяжкі момант прагнем выказаць нашу ўдзячнасць, салідарнасць і веру, што ЗБС «Бацькаўшчына» адродзіцца і надалей будзе працаваць на карысць беларусаў ва ўсім свеце.
Яраслаў Іванюк, Фонд Kamunikat.org
Яўген Вапа, Беларускі Саюз у Польшчы
Марына Ляшчэўская, Фонд Беларусь 2020
Павал Станкэвіч, Фонд Тутака
Уршуля Іванюк, Аб’яднанне АБ-БА
Тамаш Суліма, Аб’яднанне Беларускіх Журналістаў
Марцін Рэмбач, Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь