Выключаны з універсітэта ў 1969 за патрабаванне навучання па-беларуску, ён не зламаўся. Ягоныя філасофскія вершы змянілі беларускую літаратуру.
Алесь Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў Сяльцы, што ў Бярозаўскім раёне. У 1966 г. паступіў на філфак БДУ, у 1968-м разам з іншымі студэнтамі-філолагамі падпісаў ліст на імя Машэрава з патрабаваннем выкладаць па-беларуску. Праз нейкі час быў выключаны з БДУ.
Аўтар зборнікаў «Адраджэнне», «Назаўжды», «Шлях—360» ды інш.
Перакладаў з літоўскай, латышскай, балгарскай, англійскай ды інш.
«Памёр вялікі чалавек, гарачы патрыёт, геніяльны паэт і філосаф, імя якога ўжо ўпісана залатымі літарамі ў нашу гісторыю. Гэта каласальная страта для Беларусі. Мы яшчэ доўга будзем асвойваць і асэнсоўваць плён ягонай творчасці. Спадчына, якую ён пакінуў, — гэта наш нацыянальны набытак»,
— напісана з нагоды смерці паэта на старонцы выдавецтва «Тэхналогія» ў Facebook.
Доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына так адгукнулася на смерць паэта:
«Памёр Алесь Разанаў. Для мяне не толькі герой маёй першай дысертацыі, але і чалавек, з якім звязана шмат асабістага. Здаецца, я ўжо ўсё сказала і ў кнізе, і ў артыкулах пра яго.
Чарговая дзірка ў душы.
Разанаў — гэта сапраўдны чалавек Адраджэння, бо ён не толькі паэт, але і мастак, і філосаф. Але чым бы ён не займаўся, ён заўсёды на галаву апярэджваў сваіх сучаснікаў. Калі тыя апявалі парадак, ён займаўся паэзіяй чыстай красы, калі малявалі правадыроў, ён ствараў загадкавыя «Яйкаквадраты», а калі рабілі са слова служку, то ён пісаў у вечнасць філасафемы.
На мой погляд, Разанаў — гэта самы велічны праект беларускай культуры. Праект не ў сучасным значэнні гэтага слова, якое стала атаясамлівацца з фінансамі, а ў першасным. Я ўжо не раз казала, што гэтае слова перакладаецца як «кіданне наперад». Дык вось мне здаецца, што Разанаў — ён таксама закінуты наперадзе свайго часу, і тыя, што жывуць цяпер, не зусім разумеюць веліч чалавека, які знаходзіцца побач з імі».
Крыніца: budzma.org
Вялікая, непапраўная страта не толькі для беларускай паэзіі, але для сусветнай літаратуры. Шчыра спачуваем родным і блізкім, смуткуем з усімі прыхільнікамі таленту паэта.
Развітанне пройдзе ў суботу.