Спампаваць pdf-версію 44-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Культурна-асветніцкае аб’яднанне палякаў Беларусі Poloniczka ліквідаванае за “дзейнасць, якая супярэчыць статуту, і распаўсюджванне яе супрацоўнікамі інфармацыі, якая дыскрэдытуе Беларусь”.
Міжанродны кінафестываль “Лістапад”, які праходзіць штогод з 1994, сёлета будзе праводзіць “Беларусьфільм”, а не Цэнтр візуальных мастацтваў Art Corporation. Летась “Лістапад” быў адменены “праз неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча”, пра што арганізатары даведаліся са СМІ.
Судовае пасяджэнне па ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтра перанесена на 9 жніўня.
Універсітэт імя Ніла Гілевіча, зарэгістраваны ў 2018 як прыватная навучальная ўстанова, ад 1 жніўня спыніў сваё існаванне па рашэнні Мінюста.
Кліп гурта “Дай дарогу!” «Баю-бай» прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам. Гурт пакуль што закрыў доступ да яго, а саліст Юры Стыльскі пакінуў Беларусь.
16 чалавек, сярод якіх удзельнікі беларускага музычнага фэнтэзі-фолк-гурта «Irdorath» падчас святкавання дня народзінаў 3 жніўня затрымалі ўзброеныя людзі. Уладзімір Калач, Надзея Калач, Пётр Марчанка, Юлія Юніцкая, Павал Шмыга, Антон Шніп і Зміцер Шыманскі праходзяць у якасці падазраваных па артыкуле 342 КК – “Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак”: мінулым летам музыкі гралі падчас нядзельных маршаў. Марыя Падаляк, Аляксандр Сінкевіч, Дзмітрый Шыманскі, Яўген Срэценскі, Міхаіл Аракчэеў і Аляксей Палаўчэня былі арыштаваныя на 15 сутак.
Уладзіміра Мацкевіча, філосафа і метадолага, стваральніка сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт», і Таццяну Вадалажскую, метадолага і сацыёлага, каардынатарку “Лятучага ўніверсітэта”, затрымалі 4 жніўня пасля вобшуку, праведзенага КДБ. Яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Уладзіміра Мацкевіча падазраюць у арганізацыі ці ўдзеле ў дзеяннях, што парушылі грамадскі парадак.
Новыя прысуды па “карагоднай справе”: 11 чалавек атрымалі ад 2 да 3 гадоў “хіміі” і “хатняй хіміі”, адзін – Ігар Лаптовіч – 2.5 гады калоніі. 7 з 12 падсудных цалкам не прызналі віну.
Да Дзмітрыя Дзмітрыева, фатографа “Новага Часу”, 5 жніўня прыйшлі сілавікі, пасля яго арыштавалі на 15 сутак.
Улады распаўсюджваюць дакумент, у якім сабраныя імёны каля 400 асобаў, што выказаліся супраць фальсіфікацый і гвалту, звольніліся ў знак пратэсту, удзельнічалі ў забастоўцы ці выказвалі сваю нязгоду іншым спосабам, заклікаючы не браць гэтых людзей на працу. Таксама распаўсюджваюцца іх асабістыя звесткі.
Сяргей Верамеюк, музыка, якога ў чэрвені асудзілі на 15 содняў, затрымаўшы за дзень да абароны дыплома, пакінуў Беларусь. На 9 жніўня ў яго была позва ў ваенкамат.
Ігар Банцэр змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 сутак нібыта за парушэнне рэжыму.
Са школьнай праграмы па рускай літаратуры для 11 класаў прыбралі нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Яе імя цяпер не згадваецца ў пераліку «рускамоўнай літаратуры Беларусі». Таксама ў новай праграме адсутнічаюць творы іншага нобелеўскага лаўрэата – Аляксандра Салжаніцына, які пісаў пра ГУЛАГ.
Жыццё ў няволі
Віктар Бабарыка, мецэнат культуры Беларусі, бізнэсовец, палітык, палітзняволены, у Наваполацкай калоніі працуе апальшчыкам у пякарні – гэта значыць, ён падкладвае дровы ў печ.
Марыі Калеснікавай у СІЗА прапаноўвалі выступіць на БТ з інтэрв’ю накшталт таго, якое знялі з Раманам Пратасевічам. Марыя адказала, што пагадзілася б даць інтэрв’ю супрацоўніку АНТ Марату Маркаву пры ўмове, што яна раскажа «шакавальную праўду пра выкраданне, следства і беззаконне ў турме».
Творчы супраціў і культурны актывізм
Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад перакладу трэцяй кнігі прыгод Гары Потэра – «Гары Потэр і вязень Азкабана».
Выйшла кніга «Не адчайваемся» Васіля Грыня – чытаючы яе, адкрываеш розныя бакі беларускай душы.
Малюнак пра сітуацыю з беларускай легкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай, якую беларускі НАК хацеў гвалтоўна выслаць з Токіа ў Беларусь.
Беларусы вачамі мастачкі vera.bei. Партрэт Віталя Шышова ад ананімнага мастака.
Выдавецтва “Янушкевіч” запусціла ў продаж новы наклад кнігі “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча, якая з 8 красавіка знаходзілася на экспертызе на прадмет наяўнасці ў ёй “прыкмет экстрэмізму”.
У новым выпуску YouTube-перадачы «Каля культуры» Мікіта Моніч распавёў пра першых беларускіх музейшчыкаў.
Анлайн-сустрэча з пісьменнікам і сябрам Беларускага ПЭНа Альгердам Бахарэвічам адбылася 4 жніўня на запрашэнне беларусаў Шатландыі ды Скарынаўскага кніжнага клуба.
Гурт «Гарадскі Вал» прэзентуе трэк, прысвечаны Марыі Калеснікавай, музыкам усіх дваровых канцэртаў і Аляксею Санчуку.
Маргарыта Ляўчук чытае верш Ганны Златкоўскай пра тугу па дому, куды немагчыма пакуль вярнуцца.
Прэм’ера песні і кліпа гурта Intelligency “Беларуская малітва”.
У Мінску запусцілі праект пра любоў да роднага горада – экскурсіі за «Дзякуй». Кожны тыдзень хлопцы з каманды А-100 праводзяць бясплатныя экскурсіі па самых невідавочных мясцінах горада, распавядаючы пра месцы ды іх гісторыю.
Канцэрт да дня народзінаў Алеся Пушкіна, мастака.
Фестываль “Тutaka”, які прайшоў 6 і 7 жніўня, – гэта музыка беларускай рэвалюцыі, а таксама спосаб паказаць беларускую культуру і мастацтва ў поўнай разнароднасці.
Галасы асобаў
Марыя Калеснікава з СІЗА заклікала Лукашэнку спыніць гвалт:
«Я заклікаю перастаць змагацца з уласным народам, прыслухацца да беларусаў і пачаць новы дыялог. Спыніце гвалт! Спыніце абсурдныя судовыя працэсы! Не разбурайце эканоміку і паспяховыя прадпрыемствы! Выпусціце людзей з турмаў!»
“Рэальнасць маіх раманаў заўсёды нараджалася з жывога кантакту з людзьмі. Беларусы ж і жывуць так, нібы вязні нейкага страшнага, прыдуманага хворым аўтарам тэксту. Крывая, вусцішная рэчаіснасць, абсурд і злосны смех на кожным кроку.
Якой яшчэ мусіць быць літаратура, народжаная тут?”
Кацярына Андрэева:
“Мая задача – захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасціся ў мяне. Не стаць часткай выродлівага [турэмнага сьвету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прастору вакол сябе”.
Максм Знак у інтэрв’ю з-за кратаў:
“Год таму я шмат працаваў дзеля дабра і на падставе закону. Таму ў мяне чыстае сумленне наконт вартасці маіх дзеянняў. Ці варта шкадаваць, што ты пайшоў у склеп і выявіў пажар, ці лепш ніколі не адчыняць дзверы і жыць у спакойным няведанні? Гэта не лепш, вядома. Я пра гэта не шкадую”.
Міжнародная салідарнасць
У польскай Galeria Wieża Ciśnień праходзіць выстава “Жыве Беларусь”, прысвечаная актуальным праблемам Беларусі.
Польскія музыкі запісалі песню памяці Вітольда Ашурка.
Інтэрв’ю з Вольгай Шпарагай, філосафкай, сяброўкай Беларускага ПЭНа, выйшла ў самай буйной шведскай газеце Dagens Nyheter.
Анталогія «Адзін год у Беларусі» на шведскай мове выходзіць у Швецыі. Яе складаюць тэксты (вершы, эсэ, інтэрв’ю ды лісты, напісаныя падчас пратэстаў) 14 беларускіх аўтараў і аўтарак: Святланы Алексіевіч, Крысціны Бандурынай, Альгерда Бахарэвіча, Ганны Комар, Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай, Андрэя Курэйчыка, Уладзіміра Лянкевіча, Віктара Марціновіча, Марыі Мартысевіч, Вальжыны Морт, Дзмітрыя Строцава, Юліі Цімафеевай, Сашы Філіпенкі ды Вольгі Шпарагі.
Еўрапейская рада перакладчыкаў мастацкай літаратуры (CEATL), Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і Еўрапейская пісьменніцкая рада (EWC) заклікаюць урады еўрапейскіх краін аказаць падтрымку дэмакратычнаму руху ў Беларусі і забяспечыць неабходную дапамогу творцам.
Інтэрв’ю з Ганнай Комар і Дзмітрыем Строцавым ў нарвежскай газеце Klassekampen.
Выстава “Крык сцішаных” адкрылася ў Газе 7 жніўня на знак салідарнасці з беларускімі творцамі, якія супрацьстаяць дыктатуры.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
У жніўні 8 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ала Шарко, менеджарка культуры, праграмная дырэктарка Прэс-клуба (24 жніўня) і Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня).
Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы.