• Навiны
  • Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Сіўчыкаў

Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Сіўчыкаў

Апошняе абнаўленне: 21 ліпеня 2021
Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Сіўчыкаў
На 64-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет пісьменнік і выдавец, сябра Беларускага ПЭНа Уладзімір Сіўчыкаў.

Уладзімір Сіўчыкаў нарадзіўся 3 траўня 1958 году ў Жодзіне. Пісменнік, перакладчык, мастак, выдавец.

Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча. Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна..

Пасля службы ў войску быў мастаком-афарміцелем у Мінскім палацы чыгуначнікаў. У 1981 годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ, удзельнічаў у згуртаванні «Беларуская Майстроўня». Падчас вучобы праходзіў стаж у Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, вывучаў грузінскую мову і літаратуру.

Пасля атрымання дыплому працаваў рэдактарам аддзелу літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка». З 1990 году — прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага раману, з 1994-га — дырэктар выдавецтва «Радыёла-плюс». З пачатку нулявых як індывідуальны прадпрымальнік займаўся ўласнай выдавецкай справай.

Удзельнік літаратурна-грамадскага таварыства «Тутэйшыя», сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У друку выступаў з 1982 году. Аўтар кніг апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант», кніг прозы «Лісты да брата», «Бювар», «Уладзевы гісторыі», кнігі паэзіі «Высакосны год», кніг вершаў дзецям «Кошык Велікодны», «Багоўка».

Укладальнік і адзін з аўтараў альбомаў «Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова», а таксама «Рыцары Пагоні і Арла». Укладальнік зборнікаў дэтэктываў «Кінжал з крыламі» і «Карона Вітаўта Вялікага».

У перакладзе Уладзіміра Сіўчыкава з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Надара Думбадзэ «Закон вечнасці», шэраг вершаў і паэмаў у «Анталогіі грузінскай паэзіі» ў 2 тамах.

Аўтар творчых партрэтаў беларускіх і замежных мастакоў — Вінцэнта Ван Гога, Язэпа Драздовіча, Аляксея Марачкіна, Івана Міско, Ігара Рымашэўскага і іншых.

Шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Мікалаевчіа ад Беларускага ПЭНа.

Развітанне з творцам пройдзе 22 ліпеня ў будынку мінскага крэматорыя.

Паводле Радыё Свабода.