Ганна Комар – паэтка, перакладчыца, пісьменніца.
Аўтарка паэтычных зборнікаў “Страх вышыні” і “Recycled”. Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Пераклад» за зборнік вершаў Чарлза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час». Уганараваная прэміяй за свабоду слова 2020 Нарвежскага саюза пісьменнікаў (разам з Дзмітрыем Строцавым).
Дар’я Бялькевіч – беларуская паэтка, арганізатарка культурных мерапрыемстваў.
Скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Беларускі калегіюм (спецыяльнасць «філасофія і літаратура»). Друкавалася ў часопісах «Маладосць», «Полымя» і «Дзеяслоў». У 2021 выдала першую кнігу вершаў пад назвай «Слёзы на вецер» (выдавецтва “Янушкевіч”).
Удзельніца розных літаратурных вечароў Беларусі, Украіны і Расіі, фестываля «Вершы на асфальце», “Мистецького фестиваля «Ї» (Тэрнопаль, Украіна), пераможца слэмаў «Сильное слово» (2014) і слэма Беларускага калегіюма (2015), адна з арганізатараў паэтычных вечароў «Плохиехорошие стихи», «Дорогой поэт» і паэтычнага конкурса «Рухавік». Намінантка на прэмію «Залаты апостраф. Дэбют» часопіса «Дзеяслоў» (2017). Фіналістка беларуска-нямецкага конкурса сучаснай паэзіі фонда Роберта Боша для маладых паэтаў (2017). Удзельніца Рэзідэнцыі маладога літаратара ў Вільні (2017).
Творы перакладаліся на рускую, нямецкую і ўкраінскую мовы. Некаторыя вершы Дар’і Бялькевіч увасабляюцца ў песнях, такія музыкі як Пётр Клюеў, UZARI, Ketevan, Lear, гурт «Дрымон», Palina спяваюць песні на тэксты ці пераклады паэткі.
Кася Іофе (раней Кацярына Глухоўская, нар. 2 чэрвеня 1995 г., Мінск) – паэтка, псіхолаг, перакладчыца.
Друкуецца з 2009 г. Вершы перакладзеныя на іншыя мовы, апублікаваныя ў літаратурных часопісах, альманахах, сумесных і ўласных зборніках, на паэтычных парталах. Раннія вершы ўзятыя на песні гуртоў «S°unduk», «Адарвірог», «Апоўначы», «Isna Trio», «Агатка». Фіналістка паэтычных конкурсаў ім. Ларысы Геніюш (2009), ім. Чэслава Мілаша (2011), «Брамамар» (2014). Творчасць адзначаная ўзнагародай «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» (2020).
Сярод іншага:
- Перакладае з польскай, рускай, беларускай моў, здараюцца пераклады з нямецкай і ідыш. Удзельніца міжнароднай перакладчыцкай творчай праграмы Rozstaje.art (Гараец, 2021).
- Актывістка таварыства «Беларусы ў Кракаве», арганізатарка культурных мерапрыемстваў і паэтычных спатканняў ад European Solidarity Corps i навуковай фундацыі Nausika. Закладальніца Беларускага саду ў Кракаве.
- Вядзе заняткі з арт-тэрапіі ў псіхіятрычным шпіталі імя доктара Ёзафа Бабіньскага (Szpital Kliniczny im. dr. Józefa Babińskiego w Krakowie). На валанцёрскіх асновах праводзіць анлайн-кансультацыі для ахвяр гвалту ў Беларусі.
- Сябра Шматкультурнага Цэнтру Кракава па дапамозе бежанцам і мігрантам, Квіровага Цэнтру Культуры ў Кракаве, Кракаўскай Школы Паэзіі імя Александра Фрэдры, мінскіх ініцыятыў “Ідэнтычнасць і Права”, “ИМЕНА”, “Human Constanta”, мінскага КД Open Soul па дапамозе людзям з цяжкімі хранічнымі псіхічнымі разладамі.
- Cтудэнтка магістратуры па літаратурнай крытыцы і юдаістыцы на Ягелонскім універсітэце, Кракаў.