• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Мы заўсёды будзем наперадзе”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 5-11 ліпеня

“Мы заўсёды будзем наперадзе”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 5-11 ліпеня

Апошняе абнаўленне: 13 ліпеня 2021
“Мы заўсёды будзем наперадзе”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 5-11 ліпеня
ілюстрацыя Вольгі Якубоўскай
“Нельга выціснуць з нас нашу культуру. Таму што ў яе аснове заўсёды нашы глыбінныя, першародныя ўяўленні пра дабро і зло. Усё тое, што аднойчы прыйшло да нас з дотыкам матчыных рук, з голасам бацькі, з першымі казкамі ды песнямі, і засталося назаўжды. Наўрад ці можна зраўнаваць гэта з асфальтам. А чым цямней, тым больш прыкметным і яскравым становіцца святло, на якое мы немінуча выйдзем”. Уладзімір Пугач

Спампаваць pdf-версію 40-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Віктар Бабарыка, фота Ramil Nasibilin/BelTA/Handout (Reuters)

Віктару Бабарыку, былому прэтэндэнту ў прэзідэнты, мецэнату, які моцна падтрымліваў развіццё беларускай культуры, 6 ліпеня прысудзілі 14 гадоў зняволення

Сяргею Волкаву, актору Палескага тэатра, прысудзілі 4 гады зняволення

Даніла Ганчароў, мастак па святле, які быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за забастоўку, 9 ліпеня пакараны двума гадамі калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у групавых дзеннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і саўдзеле ў такім злачынстве (ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК). 

Павел Ларчык

Павел Ларчык, музыка, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за гвалт над супрацоўнікам міліцыі. 

8 ліпеня трох рэдактараў (Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько, Андрэя Скурко) і бухгалтарку (Вольгу Раковіч) незалежнага выдання «Наша Ніва» затрымалі на 72 гадзіны пасля ператрусаў. Усе затрыманыя праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх).

Сілавікі таксама прыйшлі ў рэдакцыі «Брестской газеты», Orsha.eu і баранавіцкага выдання Intex-Press

9 ліпеня вобшукі працягваліся ў дзясятка журналістаў і журналістак незалежных медыя па ўсёй краіне. 

Зміцер Лукашук

Упраўленне юстыцыі пачало правяраць гродзенскую грамадскую арганізацыю «Трэці сектар», якая займаецца асветніцкай дзейнасцю. Установа мусіць прадаставіць мноства дакументаў за некалькі гадоў дзейнасці.

Зміцер Лукашук, журналіст, аўтар кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя”, прызнанай экстрэмісцкай, аўтар тэкстаў да песень, з’ехаў з Беларусі пасля закрыцця карэспандэнцкага пункта Euroradio ў Беларусі і хвалі ператрусаў ды затрыманняў журналістаў. 

Мінюст распачаў пазапланавую праверку міжнароднай грамадскай арганізацыі Згуртаванне «Бацькаўшчына», якая супрацоўнічае з беларускай дыяспарай болей чым з 20 краін свету, спрыяе захаванню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжванню сувязяў паміж Беларуссю і яе суайчыннікамі.

Янка Лайкоў

У Брэсце ліквідаванае агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, якое займалася ў тым ліку і развіццём культурнай сферы. 

Янка Лайкоў, паэт, звольніўся з выдання “Літаратура і мастацтва” праз ціск за яго грамадскую пазіцыю.

Музычны фестываль The Vёska перанесены на лета 2022 года – згодна з пастанаўленнем Мінгарвыканкама, на масавых мерапрыемтсвах можна выкарыстоўваць толькі пасадачныя месцы.  


Сімволіка

Не спыняюцца вобшукі і затрыманні за сімволіку, якая перыядычна робіцца фармальнай падставай для арышту актывістаў і актывістак. Сярод канфіскаваных падчас вобшукаў рэчаў трапляюцца беларускія кнігі – яны падпадаюць у катэгорыю “друкаваная прадукцыя дэструктыўнага накірунку”.


Жыццё ў няволі

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская два месяцы знаходзіцца пад хатнім арыштам. Праз адваката стала вядома, што яе стан здароўя значна пагоршыўся.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Сын Паўла Севярынца з партрэтам

5 ліпеня распачаўся тыдзень беларускай культуры, які святкуецца ва ўсім свеце ва ўсемагчымых формах: чытанне верша “А хто там ідзе?” на розных мовах, літаратурныя чытанні і прэзентацыі кніг беларускіх аўатараў і аўтарак, спеўны сход і караоке беларускіх песень, майстар-класы, інсталяцыі, канцэрты, прагляд фільмаў і спектакляў. Да праграмы таксама далучыліся гурт “Стары Ольса”, Купалаўцы з праектам “Я гавару”, Рускі драматычны тэатр Літвы са спектаклем «Трэцяя змена» рэжысёра Андруса Дар’яла паводле п’есы Паўла Пражко, бразільскія музыкі і шмат хто яшчэ. 

Беларусы Ўроцлава ў межах Тыдня беларускай культуры правялі флэшмоб: “ажывілі” карціны з коцікамі Вольгі Якубоўскай. 

Павел Севярынец са зняволення даслаў сыну яго партрэт.


Галасы асобаў

Сяргей Волкаў

Сяргей Волкаў у сваім апошнім слове:

“Законы, усталяваныя людзьмі, не могуць супярэчыць законам сумлення. Праўда – адна, тым часам як хлусня мае тысячы масак”.

Анжаліка Агурбаш, спявачка, супраць якой адкрылі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі:

Анжаліка Агурбаш

“Я выступаю супраць гвалту. Гэта мая грамадзянская пазіцыя. Я беларуска, дзе б я ні знаходзілася, маё сэрца і мая душа заўсёды будзе з беларускім народам. Я не магу быць абыякавай да таго, што адбываецца цяпер у Беларусі. Рэпрэсіўная машына настолькі зварʼяцела, што ні за што саджае столькі людзей у турмы, рэпрэсіўная машына не шкадуе ані жанчын, ані дзяцей, ані старых людзей”.


Міжнародная салідарнасць

Апублікаваны тызер фільма MINSK пра падзеі жніўня 2020 у Беларусі, знятага расійскім рэжысёрам Барысам Гуцам.

Паэт Дзмітрый Строцаў стаў лаўрэатам прэміі Vaclav Havel Library Foundation за 2021.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У ліпені 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. Гэта Мікалай Сасеў, выкладчык танцаў (16 ліпеня); Іван Вярбіцкі, мастак і дызайнер (17 ліпеня), Аляксей Санчук, музыка (18 ліпеня) і Віктар Лосік, капірайтэр (22 ліпеня). 

Адрасы для лістоў: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А – Аляксею Санчуку ды Мікалаю Сасеву; ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1 – Івану Вярбіцкаму; СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 – Віктару Лосіку.