Ва ўрачыстай імпрэзе ўзялі ўдзел сябры арганізацыі, а таксама іхнія калегі з іншых творчых і праваабарончых НДА, сябры і паплечнікі Карласа Шэрмана, некаторым з якіх былі прысвечаныя старонкі “Блуканца”.
Перадусім вядоўца імпрэзы і адна з каардынатарак выдання Марыя Мартысевіч падзякавала партнёрам, без якіх кніга не магла б з’явіцца. Гэта Святлана Алексіевіч, Фонд «Вяртанне», Беларуская фундацыя імя Пётры Крэчэўскага і Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Галава прадстаўніцтва ЕС спадар Дзірк Шубель выступіў на прэзентацыі “Блуканца”:
“Такія асобы як Карлас Шэрман аб’ядноўваюць нацыі. А культурныя масты, якія ён пабудаваў паміж Усходняй Еўропай і Лацінскай Амерыкай (…) важныя не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёна”,
– зазначыў ён у сваёй прамове.
Кніга выйшла яшчэ ў снежні 2020 года, але праз шэраг акалічнасцяў прэзентацыя адбылася толькі ўлетку 2021 года. Намесніца старшыні Беларускага ПЭНа і адна з каардынатарак выдання “Блуканца” Таццяна Нядбай, падкрэсліла, што падзею наўмысна спалучылі з “уваходзінамі” ў абноўленую сядзібу Беларускага ПЭНа. Бо само памяшканне – жывая памяць пра Шэрмана як арганізатара літаратурных падзей у 1990-х.
“Карлас вельмі дбаў пра тое, каб пісьменнікі мелі свой кут”,
– падзяліўся ўспамінам ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа Уладзімір Някляеў.
Марыя Мартысевіч падзякавала ўсім, хто ствараў кнігу. Паслямову да кнігі напісаў Сяргей Шапран. Ён і Ганна Янкута пры ўдзеле іншых сябраў Беларускага ПЭНу ўклалі каментары да мемуараў. Рэдактарамі выступілі Віктар Жыбуль і Ігар Кулікоў, вокладку аформіў Анатоль Лазар, надрукавала наклад выдавецтва “Медысонт”.
Да кнігі далучаная віртуальная галерэя , якая замяняе традыцыйныя ілюстрацыі ўнутры кнігі і будзе папаўняцца. Гэта адначасова мемарыяльная старонка Карласа Шэрмана ў інтэрнэце, даступная на чатырох мовах: па-беларуску, руску, англійску і іспанску. З папяровым выданнем яе звязвае QR-код, але старонка даступная і з інтэрнэту. Сайт рыхтаваўся ў цеснай супрацы з сям’ёй Карласа Шэрмана – Тамарай і Таццянай Ніканавымі.
У планах Беларускага ПЭНу – выданне яшчэ аднаго тому аўтарства Карласа Шэрмана, іспанска-беларускага збору ягонай паэзіі, у тым ліку будзе рыхтавацца да друку перадсмяротная кніга вершаў “Вока дня”, якая пакуль застаецца ў рукапісе, паведаміла Марыя Мартысевіч.
Адмыслова да дня прэзентацыі водгук на кнігу “Блуканец” апублікавала сябра ПЭНа, пісьменніца і праваабаронца Паліна Сцепаненка:
“Страшна нават падумаць, што ўспаміны Карласа Шэрмана маглі не пабачыць свет. Кніга-брыльянт. “Блуканец” – мемуары незвычайнага чалавека з незвычайным лёсам”.
Беларускі ПЭН шчыра дзякуе за цікавасць да спадчыны Карласа Шэрмана. Спадзяемся на працяг размовы пра кнігу ў блізкай будучыні, у больш спрыяльных для культуры абставінах, у межах фестываляў і дыскусійных праграм на публічных пляцоўках.
Запрашаем набываць кнігу “Блуканец” у мяккай ці цвёрдай вокладцы онлайн у кнігарні “Тэхналогія”, а таксама офлайн у кнігарнях Мінска.
Фотаздымкі Віялеты Саўчыц