На 15 снежня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 146.
Паэт і бард Валеры Пазнякевіч асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»).
Мастачку Аксану Шаляпіну асудзілі на 3 гады зняволення за дапамогу палітзняволеным.
Асуджаны Войцэх Грабіцкі, харэограф, які выкладаў танцы для людзей з інваліднасцю.
Арыштаваны Сяргей Салаш, якога КДБ назваў датычным да дзейнасці арт-прасторы «Склад бутэлек».
Нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі расказаў, як яго везлі з калоніі праз усю Беларусь з завязанымі вачыма. Перад выездам з калоніі ў яго канфіскавалі рукапісы.
Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута паведаміў, што перад выездам з калоніі ў яго канфіскавалі рукапісы.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 снежня стала вядома, што паэт і бард Валеры Пазнякевіч 14 жніўня 2025 года асуджаны судом Мінскага раёна паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія») у Магілёве. 20 лістапада 2024 года Валерыя Пазнякевіча затрымалі і асудзілі пасля даносу прарасійскай актывісткі і адміністрацыйнага арышту на 15 сутак за грамадска-палітычныя вершы, якія ён размяшчаў у сацыяльных сетках. Паэт кажа, што ад супрацоўнікаў міліцыі былі прэтэнзіі да мовы ягоных твораў: «Падчас ператрусу, што адбываўся ў маёй кватэры 20 лістапада 2024 года, маёр міліцыі Станкевіч Кацярына пацікавілася, чаму я пішу па-беларуску, а не па-руску». У 2025 годзе Валеры Пазнякевіч пяць разоў трапляў пад адміністрацыйны арышт за вершы і выказванні ў сацыяльных сетках. З лістапада 2024 года тэксты Валерыя Пазнякевіча праходзілі экспертызу, следчыя шукалі ў іх «экстрэмізм», асабліва пільную ўвагу выклікалі вершы «Мая Галгофа» і «Палёт Шагала». За 2024–2025 год Валеры Пазнякевіч заплаціў дзяржаве за выказванні ў інтэрнэце 115 базавых велічынь штрафу (4830 рублёў = 1660 долараў).
2. 8 снежня стала вядома, што мастачку Аксану Шаляпіну асудзілі на 3 гады зняволення за дапамогу палітзняволеным. Аксана Шаляпіна арыштавана 24 чэрвеня ў Мінску паводле крымінальнай справы на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за дапамогу палітвязням, суд распачаўся ў лістападзе 2025 года.
3. 12 снежня стала вядома, што Войцэх Грабіцкі, харэограф, які выкладаў танцы для людзей з інваліднасцю, асуджаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
4. 12 снежня стала вядома, што 12 лістапада ў Барысаве арыштаваны грамадскі актывіст Сяргей Салаш, якога КДБ назваў датычным да дзейнасці арт-прасторы «Склад бутэлек», абвешчанай «экстрэмісцкім фарміраваннем».
II. Адміністрацыйны пераслед дзеячаў культуры
9 снежня стала вядома, што ў Магілёве выйшаў на волю пасля двух адміністрацыйных арыштаў па 15 сутак рэканструктар і кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч (Пастухоў). У лістападзе сацыяльныя сеткі клуба «Барысфен» і асабістыя старонкі кіраўніка былі прызнаны «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.
III. Бесчалавечнае абыходжанне падчас прымусовага вывазу з краіны
Нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі распавёў, як яго везлі з калоніі праз усю Беларусь да мяжы з Літвой з завязанымі вачыма: «Мы паехалі праз усю Беларусь з усходу на захад. Нагадаю, што я сядзеў у калоніі ў Горках № 9, яна знаходзіцца практычна на мяжы з Расіяй – 14 кіламетраў. Я ехаў з завязанымі вачыма. Павязку мне нацягнулі так, што праз яе можна было штосьці ўбачыць. Прынамсі, я зразумеў, што гэта кірунак на захад. Зразумеў, калі мы праязджалі каля Мінска, калі ехалі па кальцавой дарозе, зразумеў, калі выехалі на Віленскую трасу, што мы едзем у кірунку Вільні. Пад’ехаўшы да Вільні, зрабілі невялікі перапынак. І ў лесе мы чакалі чатыры гадзіны, пакуль пад’едуць іншыя машыны з іншымі людзьмі, якія былі прызначаныя для такога дзіўнага вызвалення – амністыі ці чагосьці іншага. Бо мне нічога не казалі, ці гэта амністыя, ці нейкая экстрадыцыя, ці штосьці яшчэ. Дагэтуль мне нічога пра гэта не сказалі, ніякіх папер я не падпісваў. Проста кудысьці везлі. Абыходзіліся вельмі далікатна, упершыню за многія гады. Хаця спачатку я быў у кайданках і з завязанымі вачыма, але было зразумела, што мы набліжаемся ўсё бліжэй і бліжэй да волі».
IV. Канфіскацыя рукапісаў у палітзняволеных літаратараў
1. 13 снежня нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі паведаміў, што ў яго канфіскавалі рукапісы перад тым, як вывезлі з калоніі: «З нашай калоніі вывезлі толькі мяне. Вывозілі пасля вобшуку, пасля таго, як адабралі рукапісы дзвюх маіх кніжак. Яны засталіся там: усе лісты, усе паперы, мае зацемкі па крымінальнай справе. Усё гэта фактычна не дазволілі забраць з калоніі. Ніводнай паперы адтуль я вывезці не змог».
2. 14 снежня палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута паведаміў, што перад вывазам з калоніі ў яго канфіскавалі рукапісы: «Былі канфіскаваны мае рукапісы. Там не было палітычных запісаў, там не было і дзённікаў. Там не было ніякай інфармацыі, якая тычылася майго зняволення. Там быў напісаны кінасцэнарый, дзве п’есы і два сшыткі з вершамі».
V. Рэпрэсіі ў музычнай сферы
8 снежня «экстрэмісцкімі» былі абвешчаны кліпы гурта Dymna Lotva, размешчаныя на YouTube: «Смерць цалуе ў вочы», «Buried Alive», «Адышоўшым», «Перемен!» (кавер «Кино»)», «Жыві!», «Мяне больш няма».
VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх ініцыятыў
5 снежня КДБ абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» івэнт-агенцтвы Terra Group Event і SSL Production, а таксама арт-прастору Skład Butelek («Склад бутэлек») у Варшаве.