• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Беларусь перадусім!” Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 34

“Беларусь перадусім!” Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 34

Апошняе абнаўленне: 1 чэрвеня 2021
“Беларусь перадусім!” Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 34
“Адзін жыве, каб проста жыць і жылі яго дзеці, – і гэта нармальна, а іншы кіруецца нейкімі большымі вымярэннямі. Агідна будзе, калі мы ўласнымі рукамі для сябе і дзяцей выбудуем турму”, – Аляксандр Ждановіч.

Спампаваць pdf-версію 34-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Павел Севярынец

Паўлу Севярынцу 25 траўня прысудзілі сем гадоў калоніі. У судзе Павел скандаваў “Верым! Можам! Пераможам!”, за гэта ён быў пакараны. 

У Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ 21 чалавека, сярод іх – Сяргей Волкаў, актор Палескага драматычнага тэатра. Сяргей быў затрыманы, меркавана, паводле “Пінскай справы” і з 5 траўня знаходзіцца ў СІЗА г. Баранавічы.

Юліі Чарняўскай прад’яўленае абвінавачванне, аднак яе адвакатцы забаранілі апублічваць любую інфармацыю.

Аляксандр Ждановіч

У Аксаны Зарэцкай, спецыялісткі па этыкеце і культуры, сябры Каардынацыйнай Рады, 26 траўня адбыўся вобшук, пасля яна была запрошаная на размову “аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў” і адпушчаная.

Аляксандра Ждановіча, актора і тэлевядучага, звольнілі з Нацыяанальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага “за здзяйсненне амаральнага ўчынку, несумяшчальнага з магчымасцю працягу працы ў тэатры”. Сам артыст лічыць, што прычына звальнення – яго грамадзянская пазіцыя. У лістападзе 2020 года актора асудзілі на дзевяць сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. 

У краязнаўчым музеі Віцебска забаранілі выставу фотамастака і краязнаўца Віктара Барысенкава “Самое время вспомнить”, прысвечаную страчанай спадчыне Віцебска. 

Віцебская кавярня “Бісквіт”, дзе ладзіліся шматлікія культурніцкія імпрэзы, ад 31 траўня спыняе працу. Прычыны закрыцця звязваюць з канцэртам Алеся Дзянісава “Леаніды вяртаюцца…”. Алесь Дзянісаў быў затрыманы і збіты 11 жніўня 2020 года. 18 сакавіка яго выклікалі на допыт у Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.


Сімволіка

Стэфанія Ціхінская, рэжысёрка і мастачка, 24 траўня была асуджаная на 10 сутак за бел-чырвона-белыя сэрцайкі ў акне.

Барыс Хамайда

26 траўня адбылося пахаванне Вітольда Ашурка ў Бярозаўцы. На ўездзе стаялі патрульныя машыны і не пускалі людзей з сімволікай. 

Барыс Хамайда, актывіст, які ў цэнтры Віцебска распаўсюджвае беларускую літаратуру, газеты і часопісы пад бел-чырвона-белым парасонам, зноў затрыманы 27 траўня. 

Актывістаў і актывістак, якія раней былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці за правядзенне “несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”, спрабуюць прыцягваць да адказнасці паўторна, часта па абсалютна неабгрунтаваных абвінавачваннях.


Творчы супраціў і культурны актывізм

Мастацтва памяці Вітольда АшуркаSergei Ski; allkimiya; Вольга Якубоўская.

Мастацтва, якое адлюстроўвае іншыя падзеі: Андрэй Жалязка …пролетая над гнездом кукушки…, 25.05.2021; Vera MoPer, аэрапорт будучай БеларусіВольга Якубоўская, Мэру Рыгі Марціньшу Стакісу

Вялікі анлайнавы канцэрт Вольнага хору з праграмай “Муры” адбыўся 27 траўня.  

Канцэрт памяці Вітольда Ашурка

БТ выключылі з Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. 

У падтрымку рэпрэсаваных культурных дзеячоў, беларускі пісьменнік Саша Філіпенка ахвяраваў на дабрачынны аўкцыён тры выданні сваіх раманаў, якія падпіша персанальна для пераможцы аўкцыёну.


Галасы асобаў

Ганна Севярынец пасля прысуду Паўлу:

Ганна Севярынец

“Нягледзячы на тое, што цяпер навокал вялікая колькасьць пакутаў, што вельмі цяжка ўтрымацца ўнутры сябе ад нянавісці, злосці, праклёнаў, калі я рэфлексую, разважаю, то непазбежна прыходжу да шкадавання. Мне вельмі шкада людзей, якім даецца жыццё, і яны марнуюць яго на страх, на ўчынкі, за якія ў сне будзе сорамна, у старасці будзе сорамна. Ніхто з іх не зможа сказаць: мы будзем расказваць сваім унукам, што мы рабілі 25 траўня 2021 году. Для нашых дзяцей і ўнукаў гэта будуць легендарныя расповеды. А ніхто з іх не зможа сказаць: я, унучак, 25 траўня 2021 году выносіла прысуд Севярынцу”.


Міжнародная салідарнасць

Шэраг арганізацый, такіх як ПЭН-Масква і асацыяцыя “Вольнае слова”,  Міжнародны ПЭН-клуб ПЭН АмерыкаНацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны выступілі ў абарону затрыманага журналіста і блогера Рамана Пратасевіча. 

Падрабязны агляд беларускага пратэставага мастацтва склала Ія Ківа – украінская паэтка і перакладчыца.

Падборка працаў Joep Bertrams – класіка еўрапейскай карыкатурыстыкі – прысвечаных нашай краіне.

У Дрэздэне праходзіць выстава “Маўклівасць. Гучная цішыня” з удзелам беларускіх паэтаў.У берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta выйшлі кнігі Юлі Цімафеевай “Мінскі дзённік” і Альгерда Бахарэвіча “Яны ўжо прайгралі” ў нямецкіх перакладах. Анлайнавая прэзентацыя прайшла 28 траўня.  

Фільм «Кураж» кінарэжысёра Аляксея Палуяна, які расказвае пра падзеі пратэставага лета-2020, намінаваны на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм» Берлінскага кінафестывалю.

Святлана Алексіевіч і Анджаліна Джалі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі на сустрэчы, якую зладзілі Беларускі фонд культурнай салідарнасці разам з Amnesty International.


Павіншуйце палітвязня з днём нараджэння

1 чэрвеня – Дзень Народзінаў Марыі Каленік, палітзняволенай студэнткі і будучай дызайнеркі.

Марыя была затрымана 12 лістапада ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ёй прад’яўлена абвінавачванне. 

Сястра Марыі расказвае, што дзяўчына востра ўспрымае несправядлівасць:

«Яна, як і многія, супраць фальсіфікацыі выбараў і супраць гвалту, супраць дыктатуры – і гэтую пазіцыю яна адкрыта выказвала.  Мы атрымалі ад яе тры лісты. Бабулі яна піша, што ні пра што не шкадуе, што верная сваім прынцыпам і каштоўнасцям, што не падае духам. Піша, што вельмі сумуе».

Каб павіншаваць Марыю лістом ці паштоўкай, пішыце на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.