• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, блогера Рамана Пратасевіча

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, блогера Рамана Пратасевіча

Апошняе абнаўленне: 24 мая 2021
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня, блогера Рамана Пратасевіча
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Як нам стала вядома, 23 траўня 2021 г. у выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Rynair у Нацыянальным аэрапорце г. Мінска, прадстаўнікамі спецслужбаў Беларусі быў затрыманы вядомы блогер Раман Пратасевіч.

Паводле даступнай нам інфармацыі Раман Пратасевіч абвінавачваецца ўладамі Беларусі ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч.1 арт. 342 КК  (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч.3 арт. 130 КК (распальванне сацыянальнай розні).

На падставе гэтага Раман Пратасевіч быў унесены ў нацыянальны спіс тэрарыстаў, абвешчаны ў міжнародны вышук. Запыт аб ягонай экстрадыцыі таксама быў накіраваны ўладамі Беларусі ўладам Польшчы.

Вядома, што разам з Раманам Пратасевічам былі затрыманыя яшчэ некалькі грамадзянаў Беларусі і Расіі, але прычыны іх затрымання і прад’яўленыя ім абвінавачванні на момант напісання дадзенай заявы нам не вядомыя.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае:

Пераслед блогера Рамана Пратасевіча ажыццяўляецца ўладамі Беларусі ў перыяд востарага крызіса з правамі чалавека ў краіне, які пачаўся пасля абвешчання прэзідэнцкіх выбараў у траўні мінулага году і працягваецца дагэтуль. Дадзены крызіс суправаджаецца бепрэцэдэнтнымі палітычнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянаў краіны, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы чалавек – мужчын і жанчын, пенсіянераў і студэнтаў, прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага грамадства. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што яны маюць іншыя погляды на развіццё краіны, патрабуюць правядзення сумленных выбараў і забеспячэння правоў чалавека для ўсіх без выключэння грамадзянаў Беларусі.

Публічная дзейнасць Рамана Пратасевіча з’яўляецца нічым іншым, як мірнай рэалізацыяй свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека – свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, выказвання свайго меркавання і інш.

Згодна з міжнароднымі стандартамі свабоды выказвання меркавання, ніхто не можа падвяргацца любога роду абмежаванням, пазбаўленню правоў ці санкцыям па прычыне ўласных меркаванняў ці перакананняў.

Асоба можа быць пакараная за выказванне свайго меркавання, якое пагражае нацыянальнай бяспецы, калі Урад можа прадэманстраваць:

  • што выказванне меркавання мае на мэце заклікі да гвалтоўных дзеянняў;
  • можа прывесці да такіх гвалтоўных дзеянняў;
  • маецца прамая і непасрэдная сувязь паміж дадзенымі выказваннямі і верагоднасцю ці ўзнікненнем такіх гвалтоўных дзеянняў.

Як намі неаднаразова адзначалася, масавыя стыхійныя сходы грамадзян, якія пачаліся пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў, насілі ў асноўным мірны характар і не суправаджаліся дзеяннямі, якія можа кваліфікаваць, як масавыя беспарадкі.

Абвінавачванне Рамана Пратасевіча ў распальванні сацыяльнай розні ў дачыненні да чыноўнікаў, міліцыі і іншых службовых асобаў з’яўляеццца, па нашым меркаванні, нічым іншым, як пераследам за крытыку дзеючай улады. Артыкул 130 КК прызваны найперш абараняць ад распальвання варажнечы ўразлівыя групы грамадства, а не прадстаўнікоў дзяржаўнай улады ад няхай сабе і жорсткай крытыкі ў іх адрас. Намі неаднаразова ўдакладнялася, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады не з’яўляюцца асобнай сацыяльнай групай.

Акрамя таго, згодна з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды выказвання меркавання, недапушчальна пакаранне за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы ці яе сімвалаў, урада, дзяржаўных устаноў ці дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразы не скіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці можа пацягнуць такія дзеянні.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед Рамана Пратасевіча палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а яго самога палітычным зняволеным ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.
  2. Вызвалення ўсіх адвольна затрыманых у выніку гвалтоўнай пасадкі авіярэйса Афіны-Вільнюс у Нацыянальным аэрапорце г. Мінска грамадзянаў Расіі і Беларусі.
  3. Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр.