Людзі Слова ў няволі (32)
Пошук

Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні Аляксандра Кардзюкова палітычным зняволеным


Супольная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

25 лютага 2021 года судовая калегія Брэсцкага абласнога суда прызнала Аляксандра Кардзюкова вінатым у замаху на забойства у сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці і ў супраціве асобе пры выкананні ёй абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанага з выкарыстаннем гвалту.

На падставе ч.1 арт. 14, п.10 ч.2 арт. 139 КК А. Кардзюкову прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 9 гадоў, на падставе ч.2 арт. 363 КК – пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады. Канчаткова – 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Памерлы Генадзь Шутаў прызнаны вінватым у супраціве асобе пры выкананні ёй абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанага з выкарыстаннем гвалту. Прысуд у дачыненні да яго ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона вынесены без прызначэння пакарання.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, прааналізаваўшы вынесены судом прысуд і іншыя даступныя крыніцы інфармацыі, а таксма абапіраючыся на заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ “Вясна” па дадзенай крымінальнай справе, адзначаем наступнае:

Як ужо неаднаразова адзначалася раней, мы лічым недапушчальным і незаконным прыцягненне ваенаслужачых Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь для выканання неўласцівых ім паліцэйскіх функцый па падаўленні пратэстаў грамадзян краіны.

Аналіз законаў, якія вызначаюць парадак удзелу вайскоўцаў у мірны час у выкананні задач, не звязаных з абароннымі, прыводзіць нас да высновы аб тым, што ўзброеныя сілы могуць прыцягвацца да выканання такіх задач у строга вызначаным парадку і ў абмежаванай меры, для выканання функцый аховы асобных аб’ектаў і тэрыторый, аказання дапамогі насельніцтву.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй, нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам. Такім чынам, Сакрэтны неапублікаваны ўказ прэзідэнта ад 2012/02/23 года №99-З “Аб зацвярджэнні Палажэння аб дзяржаўнай сістэме рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі” не можа мець значэння для ацэнкі правамернасці ўзаемных дзеянняў грамадзян і вайскоўцаў і не можа быць падставай для ўскладання абавязкаў на грамадзян або абмежавання іх правоў. Да таго ж намі неаднаразова заяўлялася  пра тое, што ў Беларусі адсутнічалі масавыя беспарадкі пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года, а мелі месца ў асноўным мірныя пратэсты, удзельнікі якіх неабгрунтавана падвяргаліся жорсткаму абыходжанню і катаванням, якія да гэтага часу не расследаваныя.

Прысудам суда ўстаноўлена, што 11.08.2020 г. у Беларусі быў «устаноўлены высокі ўзровень пагрозы масавых беспарадкаў», у сувязі з чым да аховы грамадскага парадку былі прыцягнутыя вайскоўцы Узброеных Сіл. У тым ліку – капітан Гаўрылаў Р. В. і прапаршчык Галіцын А. І. з сіл спецыяльных аперацый (былыя паветрана-дэсантныя войскі). Названыя вайскоўцы былі ўзброеныя двума баявымі пісталетамі з 16 патронамі на кожнага, апранутыя ў грамадзянскую вопратку і рэалізоўвалі задачу – змяшацца з удзельнікамі пратэстных акцый і выяўляць сярод іх «арганізатараў і завадатараў» магчымых беспарадкаў. У сувязі з гэтым вайскоўцы з баявой зброяй мімікрыравалі пад удзельнікаў пратэстаў: пляскалі ў далоні, уцякалі пры набліжэнні супрацоўнікаў міліцыі і т. п.

У 22.33 паміж абвінавачанымі і пацярпелымі адбыўся хуткаплынны (працягласцю да 1 хвіліны) канфлікт, вынікам якога стала гібель Г. Шутава і цялесныя пашкоджанні ў пацярпелых, а таксама прастрэленыя гаўбечнае і аконнае шкло побач стаячага будынка з трапленнем кулі ў столь жылой кватэры.

Прааналізаваўшы вынесены прысуд, мы прыходзім да высновы, што крымінальны пераслед А. Кардзюкова і Г. Шутава мог мець на мэце дэманстратыўна жорсткае спыненне пратэстнай актыўнасці, апраўданне парушэння парадку нясення службы і прымянення зброі суб’ектамі сілавых ведамстваў. Ацэнка доказаў па розных аспектах справы альбо праведзена павярхоўна і няпоўна, альбо няправільна, з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Прымяненне ўнутранага заканадаўства ў справе і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязацельства ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці. Такім чынам, парушана права абвінавачаных на справядлівае судовае разбіральніцтва.

У адпаведнасці з п. 3.2 Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

А) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

Б) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.

У сувязі з гэтым, мы заяўляем аб прызнанні Аляксандра Кардзюкова палітычным зняволеным і патрабеум ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

  1. Неадкладнага перагляду вынесенага ў дачыненні да А. Кардзюкова Брэсцкім абласным судом прысуду пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд.
  2. Вызвалення А. Кардюкова з-пад варты з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд, з улікам адсутнасці падставаў для прымянення больш строгай.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

“Ініцыятыва FORB”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);

Беларускі ПЭН-цэнтр.