Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з доўгім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду. У яго ўвайшлі:
- Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
- Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
- Вольга Гапеева “Словы, якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
- Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
- Марыя Мартысевіч “Як пазбыцца Маматута”. Выдавецтва “Koska”, Мінск.
- Ванда Марцінш Душ Рэйш “Мора мары”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
- Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск; выдавецтва “Вясна”, Прага.
Па статуце прэміі ў доўгі спіс можа ўвайсці ад 6 да 10 кніг, сябры журы вылучылі 7 кніг.
“Найперш хацелася б падзякаваць паэтам за працу, за пошук, за шчырасць, за тое, што беларуская паэзія застаецца надзвычай багатым і пярэстым феноменам. Чытаючы кнігі сёлетніх намінантаў, я не магла не заўважыць гэтых пошукаў, не сфармуляваць для сябе важных назіранняў, гэта надзвычай урадлівая глеба. Парадавала таксама, што ўжо на этапе лонг-ліста ў журы ўзніклі спрэчкі, якія патрабавалі прафесійнай дыскусіі: заўсёды добра, калі ёсць аб чым спрачацца”,
— дзеліцца сваімі ўражаннямі сябра журы, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.
У 2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу “Толькі вершы”.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Беларускага Харытатыўнага Траста.
Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected].