• Навiны
  • Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра Уладзімір Папковіч

Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра Уладзімір Папковіч

Апошняе абнаўленне: 11 красавіка 2021
Пайшоў з жыцця сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра Уладзімір Папковіч
10 красавіка ў Віцебску на 87-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет выбітны паэт і перакладчык, выкладчык ВДУ Уладзімір Папковіч.

Настаўнік, паэт, перакладчык — доўгія дзесяцігоддзі ён заставаўся адным з цэнтраў прыцягнення культурнага асяроддзя Віцебшчыны, увасабленнем інтэлігентнай разважлівасці і непадробнай цікаўнасці да жыцця і творчасці сяброў, калег і вучняў.

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года ў вёсцы Дварэц Вілейскага павета Віленскага ваяводства. Скончыў факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, працаваў выкладчыкам нямецкай мовы, інжынерам-перакладчыкам.

З 1966 года жыў у Віцебску. Працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў СШ №20, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме. Ад 1982 года — старэйшы выкладчык, у 1998-2005 гадах — загадчык кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Неаднаразова ладзіў для сваіх студэнтаў навучальныя вандроўкі ў Германію, падтрымліваў цёплыя стасункі з многімі былымі навучэнцамі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Творы Уладзіміра Папковіча з’явіліся ў друку ў 1962 годзе. Першы зборнік вершаў — “На досвітку” — выйшаў у 1978 годзе. Аўтар больш як 10 кніг паэзіі, шматлікіх перакладаў вершаў і прозы з нямецкай мовы на беларускую. Пераклаў на нямецкую мову паэму “Тарас на Парнасе”, вершы Давіда Сімановіча. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1981 года. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Лаўрэат прэміі “Сузор’е муз” імя Уладзіміра Караткевіча. Уладзімір Папковіч быў сябрам журы першай Прэміі імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.

Беларускі ПЭН-Цэнтр прыносіць шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Антонавіча і смуткуе разам з сябрамі, калегамі і ўсімі прыхільнікамі таленту паэта.

Развітанне адбудзецца ў Віцебску ў панядзелак, 12 красавіка, ў рытуальнай зале “Свеча” па вуліцы Петруся Броўкі, 50/4 з 18:00 да 20:00. Родныя просяць не прыносіць вянкоў у сувязі з тым, што нябожчыка збіраюцца крэміраваць, а пахаванне адбудзецца пазней.

Паводле «Народных навін Віцебска»