
Сёлета пераможцам стаў доктар гісторыі, пісьменнік і журналіст Сяргей Абламейка з кнігай “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі”. У этапнай кнізе аўтар па-новаму асэнсаваў працэс нараджэння мадэрнай беларускай нацыі за апошнія больш чым 200 гадоў.
31 сакавіка (серада) а 19.00 пройдзе анлайн-уручэнне прэміі з удзелам лаўрэата Сяргея Абламейкі. На эфір таксама завітаюць пісьменнікі і сябры рады Беларускага ПЭНа Уладзімір Арлоў і Таццяна Нядбай.
Сяргей Абламейка ў прамым эфіры прачытае лекцыю паводле сваёй кнігі, раскажа тыя факты, якія ў кнігу не ўвайшлі, і адкажа на пытанні гледачоў.
Далучыцца да эфіру можна па спасылцы.
Прэмія Францішка Багушэвіча – гэта штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.