• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 29 сакавіка 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітвязняў
Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Максіму Ялканаву, Радзіону Медушэўскаму, Ігару Лаптановічу, Мікіту Дранцу (дадаткова арт. 285 КК), Паўлу Шпетнаму (дадаткова арт. 285 КК), Даніле Чулю (дадаткова арт. 285 КК), Аляксандру Казлянку (дадаткова арт. 285 КК), Андрэю Марачу (дадаткова арт. 285 КК), Аляксею Галаўко (дадаткова арт. 285 КК) і па ч.2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі) Івану Соўпелю, Андрэю Хвескаўцу, Аляксандру Шандыбе, Сяргею Шаламіцкаму, Аляксандру Шаламіцкаму, Льву Цяліпку, Якаву Шафарэнку, Даніле Бандаруку (дадаткова па ч.1 арт. 339 КК), Паўлу Мазько, а таксама аб накіраванні для адбыцця пакарання асуджаных па ч.1 арт. 342 КК Іллі Піражкова (асуджаны судом Леніскага р-на г. Мінска да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і Віктара Таўгеня (асуджаны судом Маладзечанскага раёна да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Максіма Ялканава, Радзіона Медушэўскага, Віктара Таўгеня, Ігара Лаптановіча, Мікіту Дранца, Паўла Шпетнага, Данілы Чуля, Аляксандра Казлянкі, Андрэя Марача, Аляксея Галаўко, Івана Соўпеля, Андрэя Хвескаўца, Аляксандра Шандыбы, Сяргея Шаламіцкага, Аляксандра Шаламіцкага, Льва Цяліпкі, Якава Шафарэнкі, Данілы Бандарука, Паўла Мазько, Іллі Піражкова, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па ч. 1 арт. 342 КК (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Максіма Ялканава, Радзіона Медушэўскага, Віктара Таўгеня, Ігара Лаптановіча, Мікіты Дранца, Паўла Шпетнага, Данілу Чуля, Аляксандра Казлянку, Андрэя Марача, Аляксея Галаўко, Івана Соўпеля,Андрэя Хвескаўца, Аляксандра Шандыбу, Сяргея Шаламіцкага, Аляксандра Шаламіцкага, Льва Цяліпку, Якава Шафарэнку, Данілу Бандарука, Паўла Мазько, Іллю Піражкова і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

“Ініцыятыва FORB”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”.