Затрыманні, прысуды, пераслед
Юрася Дзешука, журналіста з Бярозаўкі, аштрафавалі на 1450 рублёў за тое, што ён нібыта крычаў «Жыве Беларусь» на судзе над Вітольдам Ашуркам. На відэа з залі суда бачна, што ён знаходзіўся там як журналіст і здымаў Вітольда пасля прысуду.
Вадзіму Дзмітранку, архітэктару, якога затрымалі 15 лістапада падчас разгону на плошчы Перамен і вінавацяць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, пагражае да 8 гадоў зняволення. Пасля затрымання ў лістападзе яго моцна збілі, так што ён быў дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені, драпінамі, выцятасцямі ды іншымі траўмамі.
1 сакавіка суд Віцебска пакараў 23-гадовага віцябляніна годам пазбаўлення волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу за тое, што ён “дастаў з насценнага кранштэйна будынка крамы флагшток з дзяржаўным сцягам Беларусі і дэманстратыўна кінуў яго на зямлю”.
Вольга Такарчук, якая вядзе YouTube блог на 30000 падспісчыкаў, зноў затрыманая 2 сакавіка ў Мінску. Яе адпусцілі пад падпіску. Папярэдні раз Вольгу затрымалі 25 студзеня за адзіночны пікет, падчас якога яна выпускала з акна бчб балонікі.
Міхась Зізюк, паэт, затрыманы 3 сакавіка ў Навагрудку. Ён быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у экскурсіях па горадзе, якія сталі праходзіць пад наглядам міліцыі і чыіх удзельнікаў потым сталі затрымліваць. 4 сакавіка Міхась атрымаў штраф 30 базавых велічынь за “распаўсюд незарэгістраваных улётак” і выйшаў на волю.
У Гродна працягваецца суд над актывістам, музыкам гурта Mister X Ігарам Банцэрам, якога судзяць за перформанс. Ігар не прызнае віну, адмовіўся ад адваката і абвясціў сухую галадоўку. Суд адхіліў хадайніцтва Ігара, каб суд вёўся па-беларуску.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра “Вясна” па арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
12 сакавіка журналіста Рамана Васюковіча будуць судзіць за ўвоз у Беларусь кнігі “Беларускі Данбас”.
Анастасія Перавошчыкава, жыхарка Гомеля, якая распрацавала сцяг Навабеліцкага раёна г. Гомеля, знаходзіцца ў зняволенні з канца студзеня 2021. Яе судзілі 6 разоў запар, кожны раз на 15 сутак. Па месцы жыхарства Анастасіі і ў доме яе дзядулі былі праведзеныя вобшукі, у выніку якіх канфіскаваная ўся тэхніка.
Ціск, звальненні, забароны
З Аксанай Плікус, актрысай Гродзенскага драматычнага тэатра, якая прымала ўдзел у запісы ў падтрымку звольненых калег, а таксама ўдзельнічае ў творчых імпрэзах, якія адбываюцца на альтэрнатыўных пляцоўках, не працягнулі кантракт – 31 сакавіка яе апошні працоўны дзень.
2 сакавiка заблакавала рахункi Iгара Казмерчака, уладальнiка крамы беларускiх нацыянальных сувенiраў i рэдактара сайта orsha.eu.
2 сакавіка быў сарваны запіс канцэрта гурта “Дай дорогу!”. Міліцыя наведала адзін з мінскіх клубаў за гадзіну да пачатку запісу, усім прысутным было загадана разысціся пад пагрозаю затрымання АМАПам. У Брэсце каманда таксама не можа выступіць: улады адмовілі гурту ў выдачы гастрольнага пасведчання. Музыкаў можна падтрымаць, зрабіўшы ахвяраванне.
3 сакавіка Першую намесніцу старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай выклікалі на допыт у Следчы Камітэт у сувязі са справай Прэс-клуба. Таццяна выйшла адтуль, падпісаўшы дакумент аб неразгалошванні.
Крама нацыянальнай сімволікі Symbal.by, у тым ліку анлайн-крама, 3 сакавіка спыніла сваю працу. Пераслед крамы пачаўся ў чэрвені 2020, калі краму на праспекце Машэрава патрабавалі зачыніць праз нібыта парушэнні санітарных нормаў, а людзей, што стаялі ў чарзе, каб набыць тавары і падтрымаць краму, затрымлівалі. Былі канфіскаваныя 419 цішотак з надпісам «ПсихоЗ%». Нягледзячы на шматлікія праверкі, якія прайшлі ў тым ліку ў кампаній і прадпрымальнікаў-партнёраў Symbal.by, і на тое, што мытня не выпусціла з Беларусі і не вярнула ў краму больш як 200 пасылак з замовамі замежных пакупнікоў, анлайн-крама працягвала працаваць да 30 студзеня 2021, калі чатырох супрацоўнікаў крамы затрымалі проста на працы і прысудзілі ім 15 і 20 сутак адміністратыўнага арышту.
Віктар Шадурскі, дэкан факультэта міжнародных зносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аднаго з найбольш ліберальных факультэтаў краіны, звольніўся са сваёй пасады. Сам Віктар заўжды заступаўся за студэнтаў і адстойваў іх інтарэсы.
Часопісы «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуда», якія выдае Наша Ніва, забаранілі прадаваць у «Белсаюздруку». Рэдакцыя звярнулася да чытачоў з просьбай набыць часопіс у іх офісе, і за два дні, дзякуючы салідарнасці людзей, разышлося больш нумароў, чым раней прадавалася за месяц.
Moving Art Festival, незалежны фестываль мастацтваў, які меў адкрыцца 6 сакавіка ў памяшканні MAF, якое належыць заводу “Гарызонт”, перанесены, таму што ўласнік абмежаваў доступ да памяшкання.
Сімволіка
Сваё экспертнае меркаванне датычна “вайны сцягоў” выказалі былы кіраўнік інстытута сацыялогіі Беларускай акадэміі навук, а цяпер навуковы супрацоўнік дэпартаменту сацыяльных навук у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце Генадзь Коршунаў, а таксама дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Ластоўскі ў матэрыяле Deutsche Welle.
Сярод шматлікіх выпадкаў рэпрэсій за бел-чырвона-белую сімволіку выдзяляецца наступны. Ілля Квачэнка, жыхар менскага кварталу «Пірс», павесіў на балконе бел-чырвона-белы сцяг. 3 сакавіка каля яго дома з’явіліся невядомыя, ён адмовіўся адчыняць дзверы і здымаць сцяг, а праз нейкі час пад’ехаў эвакуатар і забраў яго аўтамабіль. Раніцай 4 сакавіка Іллю выклікалі ў РАУС, а 5 сакавіка яму прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту.
Дырэктар ляснога гадавальніка Барысаўскага лясгаса атрымаў загад ад дырэктара лясгаса: каб ніводнага белага цюльпана на іх пунктах продажу не было.
Творчы супраціў
Былы дырэктар Музею гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, з якім у студзені 2021 года не працягнулі кантракт за падтрымку пратэстаў, запускае гістарычную праграму на Youtube, і ў першым выпуску расказвае пра першых пасяленцаў Магілёўшчыны.
Праца карыкатурыста karikatu.rama, прысвечаная справе Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч.
“Отказ от алкоголя в знак солидарности – шаг, который позволит сохранить нам трезвость ума в сложный период и помнить о том, как всё было на самом деле”, – каментуе аўтар свой твор.
Аповед пра ўмовы ўтрымання ў Гродзенскай турме, праілюстраваны малюнкамі аўтара.
У новым выпуску праекта “Словы мацней” музыка гурта «Гарадскі вал» і перакладчык Раман Абрамчук чытае ўрывак з апавядання Максіма Гарэцкага «Усебеларукі з’езд 1917-га года».
4 сакавіка прайшоў вялікі анлайн-канцэрт класічнай музыкі KEDUK / RADUNSKI, на якім выступіў таксама вядомы беларускі оперны спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з Вялікага тэатра оперы і балета разам з шэрагам іншых вядучых артыстаў, і які быў вымушаны эміграваць у ЗША.
Анастасія Булыбенка, зняволеная па справе студэнтаў 12 лістапада, з СІЗА дасылае маці разам з лістамі малюнкі і піша:
«Я ні кропелькі не баюся, павер. Гатовая да абсалютна любога развіцця падзей».
Беларускія медыкі стварылі ініцыятыву для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.
Беларусы сталі ў шахматным парадку на Катэдральнай плошчы Вільні з рэпрадукцыямі вядомых твораў пратэставага мастацтва, каб “дагрукацца да сэрцаў з дапамогай мастацтва”. Так прайшла акцыя “Жывая выстава”.
Галасы асобаў
Юры Стыльскі, лідар гурта “Дай Дорогу!”:
“Цяпер калі ты не падтрымліваеш тое, што адбываецца [з боку ўладаў], значыць, ты непажаданы. Нічога страшнага, усё ў парадку: адпачнём. Мы можам граць анлайн-канцэрты, як нядаўна і рабілі. А на падтрымку штаноў знойдзем. Цяпер, вядома, кавід перашкаджае, а ў цэлым нас чакаюць і ва Украіне, і ў Расіі”.
Таццяна Грыневіч-Матафонава, чыя скрыпка стала адным з сімвалаў леташніх пратэстаў, была вымушаная з’ехаць ад пераследу ў Стамбул і працягвае там беларускую справу:
“Каб нас заглушыць, над плошчай уключалі гучную музыку савецкіх гадоў, тады танцавалі пад яе – вальс, факстрот. Знаходзілі спосаб. Было добра, душэўна. Хоць і страшна, бо вакол амапаўцы, туды-сюды шныпараць бусікі. Жанчыны потым казалі: бывала, такая навальваецца роспач, што разгоняць або арыштуюць, але ўлучалася скрыпка, усе падхоплівалі „Купалінку“, адчай адступаў”.
Андрэй Хадановіч, вядомы паэт і перакладчык, аўтар беларускага перакладу песні “Муры”, якая стала адным з гімнаў беларускага пратэсту:
“Усё ў нас будзе добра. Варта проста не згубіць дарогі і дайсці, бо да мэты можа быць нашмат бліжэй, чым сёння падаецца”.
Вольга Бабкова, літаратарка, вольная купалаўка, гісторык-архівістка, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра:
“Я заўсёды думала: як у 1942-1943 гадах, калі пачалося знішчэнне мінскага гета на Нямізе, увесь горад працягваў жыць сваім жыццём? Людзі хадзілі ў філармонію, якая адчынілася, у кіно… А побач цяклі рэкі крыві. Людзі не маглі не ведаць, што там адбывалася. Горад увесь прапітаны крывёю. Цяпер я іду міма Валадаркі, ведаючы, што там сядзіць мая сяброўка, але я прыходжу дадому, гатую вячэру, п’ю каву і нават магу ўсміхнуцца… Столькі пакутаў вакол, але мы прыцягваем жыць. Зразумела, жыць не гарманічным жыццём, не шчаслівым жыццём… Але жывём, хоць і дыхаць цяжка”.
Міжнародная салідарнасць
Украінскія калегі пры падтрымцы Украінскага ПЭН-клуба зрабілі падрабязны агляд і аналіз рэпрэсій у дачыненні да беларускіх пісьменнікаў, блогераў, журналістаў – у межах праекта EmptyChairPeople.
Беларусы Уроцлава правялі тэатралізаваную акцыю супраць удзелу БТ у «Еўрабачанні».
На мінулым тыдні ў Вене ў знак салідарнасці з бастуючымі рабочымі Беларусі адкрылася выстава сучаснага мастацтва “Таемны музей працоўнага руху”.
Марыя Калеснікава стала адной з лаўрэаткак Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу.
У варшаўскай галерэі «Кардэгарда» распачалася фотавыстава «Беларусь: марш свабоды».
Спампаваць pdf-версію 22-га выпуску маніторынга культурнага супраціву