Затрыманні, прысуды, пераслед
Музыкі Алег Карпенка, Сяргей Іваноў і Дзяніс Птушка, удзельнікі кавер-гурта OK-band, які таксама меўся выступаць на канцэрце пад Смалявічамі 13 лютага, асуджаныя на 15 сутак, як і музыкі гурта “РСП”: Дзяніс Тарасенка, Павел Гарадніцкі, Андрэй Осіпчык і Аляксандр Кавалёў, а таксама музыкі Уладзь Лепяшынскі і Валерыя Суравіцкая. Усяго з затрыманых падчас канцэрта 44 чалавекі адбываюць па 15 сутак адміністратыўнага арышту, а 15 чалавек былі аштрафаваныя на 870 BYN, сумарна гэта 660 сутак арышту і 13 050 рублёў.
17 лютага дадому да музыкаў гурта “РСП” прыходзіла міліцыя, рабілі агляд – шукалі пратэставую сімволіку.
16 лютага прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні ў журналістаў і праваабаронцаў, агульная колькасць тых, да каго прыйшлі сілавікі, складае прынамсі два дзясяткі чалавек. Следчы камітэт патлумачыў гэта тым, што працягваецца “расследаванне крымінальнай справы па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Ігнат Сідорчык, паэт, рэжысёр і актор, палітвязень, які знаходзіўся за кратамі з 10 жніўня, абвінавачваны па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) выйшаў на волю з залі суда! Яму прысудзілі 3 гады абмежавання волі з адтэрміноўкай.
Крысціну Палтавец – мастачку, якая малявала буслоў і надпісы “Жыве Беларусь” на розных аб’ектах Скідзеля і раёна, і Андрэя Апанасовіча, які часам падвозіў яе на машыне, прызналі вінаватымі ў “апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці” і прысудзілі ім штрафы ў памеры 150 [4350 рублёў] і 100 [2900 рублёў] базавых велічынь адпаведна. У Крысціны канфіскавалі ровар, як “сродак, з дапамогай якога здзейснена злачынства”.
Ігар Банцар – лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта Mister X, грамадскі і культурніцкі актывіст, знаходзіцца за кратамі з 20 кастрычніка па крымінальнай справе паводле артыкула 339 КК (Хуліганства), з 5 лютага ён знаходзіцца ў карцары, ад яго амаль не даходзяць лісты, а сям’я хвалюецца за яго здароўе.
Паўлу Севярынцу, пісьменніку, палітыку, палітзняволенаму, яшчэ на 2 месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай.
Міколу Папеку, паэту, змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага па “справе карагоду” ў Брэсце.
Ціск, звальненні, забароны
Гарадзенскі бар ды арт-прастора «Третье место», якая ўдзельнічала ў агульнанацыянальным страйку, вымушана была зачыніцца 16 лютага: гарадскія ўлады запатрабавалі, каб арэндадаўца разарваў дамову з арандатарамі.
У Полацку экскурсіі, якія адбываюцца штонядзелю для жыхароў і гасцей гораду, праходзяць пад наглядам міліцыі.
Антон Грышкевіч, рэжысёр і выкладчык Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, які 25 студзеня падаў заяву аб далучэнні да агульнанацыянальнага страйку, звольнены.
Тамару Вяршыцкую, заснавальніцу музея габрэйскага супраціву ў Навагрудку, супрацоўніцу Навагрудскага краязнаўчага музея, звальняюць. Гэтаксама на пачатку красавіка не працягваюць кантракт старшай навуковай супрацоўніцы музея Галіне Кавальчук. Жанчыны мяркуюць, што прычына звальнення – экскурсіі, якія яны ладзілі па нядзелях і якія наведвалі асобы, асуджаныя па артыкуле 23.34.
Вольгу Семчанка, супрацоўніцу Магілёўскага драматычнага тэатра, звольнілі 18 лютага. Восенню 2020 года Вольгу некалькі разоў судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту.
Старонка ў інтэрнэце “Цудоўнай крамы” і яе ўладальніка Ігара Казмерчака былі ўзламаныя ў ноч з 18 на 19 лютага. Лагатыпы старонак былі замененыя на чырвона-зялёныя сцягі, былі апублікаваныя абразлівыя надпісы.
Сімволіка
Штраф за нацыянальны сцяг ва ўласным двары, суд за здымак у інтэрнэце, 10 сутак за фота з бчб сцягам, суд за мурал з вершнікам, штраф 580 рублёў за бчб сцяг на падворку ўласнай хаты, 7 сутак арышту за «чырвоную хвалю» на балконе, 15 сутак за бчб шторы, 12 сутак за барэльеф з Пагоняй на доме – і гэта далёка не ўсе пакаранні за нацыянальную сімволіку ў Беларусі.
Ігар Случак і Аліна Нагорная, актывісты, вядомыя змаганнем за пашырэнне беларускай мовы ў публічнай сферы, паведамляюць, што некалькі месяцаў запар да іх дома прыходзіла міліцыя і фатаграфала сцяг на падворку, а 21 лютага сцягі над іх домам скралі.
Творчы супраціў
Новы выпуск відэапраекта “Словы мацней”: музыка Леанід Паўлёнак чытае верш Уладзіміра Жылкі “Палімпсест”.
Беларускі фонд культурнай салідарнасці бярэцца за выпрацоўку стратэгіі культурных рэформаў для новай Беларусі. Узначаліць стратэгічны кірунак дзейнасці ў фондзе Мікалай Халезін, арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра і праграмны дырэктар Creative Politics Hub.
Дзеячы і дзяячкі культуры запісалі відэазварот у падтрымку Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай.
Ціхан Клюкач, палітзняволены, дасылае малюнкі з турмы.
Запіс канцэрта гурта “Мутнаевока”, музыкі якога былі ці знаходзяцца ў зняволенні, быў паказаны 20 лютага ў рамках серыі “Артысты Перамогі”. Падтрымаць артыстаў.
Натхняльныя малюнкі Vera MoPer з серыі “Калі мы пераможам”.
Руфіна Базлова, мастачка з Гродна, якая жыве ў Празе, стварае вышыванкі па матывах беларускіх пратэстаў.
9 дакументальных фільмаў пра рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі.
У Гародні дзейнічае незалежны тэатральны рух “Асобы”, які з’явіўся пасля звальнення з драматычнага тэатру актораў у мінулым годзе і да якога далучыліся акторы лялечнага тэатру і прадстаўнікі вольнай гарадзенскай сцэны.
З нагоды Дня роднай мовы больш за 80 экспертаў у галіне беларускай мовы і культуры, навукоўцаў, літаратараў ды іншых вядомых дзеячаў культуры падпісалася пад Адкрытым лістом, які апісвае становішча, у якое трапілі наша мова і нацыянальная культура, і акрэслівае ўмовы для самога існавання, адраджэння і росквіту беларускай мовы і культуры ў сучаснай Беларусі.
Галасы асобаў
Вінцук Вячорка, мовазнаўца і палітык, пра беларускую мову:
“Сапраўдная катастрофа прысутнасці беларускай мовы ў свядомасці беларусаў адбылася з панавання Лукашэнкі і лукашызму. Калі ў 1999 годзе 74% усіх жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднай, то за 10 гадоў – усяго 53%, аж на 20% меней. Гэта абсалютна нечуваны, беспрэцэдэнтны бадай што для ўсяго свету спад, радыкальная змена ў свядомасці на працягу нават не пакалення, а паловы пакалення ці трэці пакалення. Так, як правіла, не бывае, каб людзі мянялі сваю моўную свядомасць і моўныя паводзіны. Гэта значыць, што яны прыстасаваліся да новай моўнай палітыкі дзяржавы”.
Ганна Севярынец, пісьменніца, літаратуразнаўца, настаўніца, пра стратэгію перамогі:
“Калі ўлетку падавалася, што вось-вось нехта стане апошняй сняжынкай, і лавіна нашай перамогі сыдзе, то цяпер у выніку лютага супраціву сістэмы і таго, што мы недзе пралічыліся, гэтая сняжынка можа ўпасці альбо на гэты бок, альбо на той. У нас цяпер няма нічога ні звонку, ні знутры, мы ўсе на гэтых шалях. І кожны з нас можа дадаць сваю сняжынку на наш бок, на бок дабра і святла, а можа і туды. І пераможа цяпер той кот, які не адвядзе вачэй, і той чалавек, які вытрымае позірк, які вытрымае гэтае супрацьстаянне”.
Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык і рэжысёр, звольнены з Акадэміі мастацтваў за ўдзел у забастоўцы, за што падаў на ўніверсітэт у суд, які прайграў:
“Я адчуваю, што праўда на маім баку. Мне радасна ведаць, хто менавіта ўстаў супраць мяне, а хто падтрымаў. Вось гэтая падтрымка велізарнай колькасці людзей (дзякуй вам за яе!). У гэтым ёсць мая перамога.
Нам усім патрэбныя гэтыя суды, нам усім трэба рэалізоўваць сваё права на праўду і справядлівасць. Таму што гэта маральныя катэгорыі, якія мы адчуваем сэрцам, якія не адмяніць рашэннямі судоў”.
Апошняе слова Кацярыны Андрэевай, журналісткі, аўтаркі кнігі “Беларускі Данбас”, якую (разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай) асудзілі на два гады зняволення за трансляцыю, падчас якой яны паказалі жорсткі разгон акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі 15 лістапада:
“У мяне ёсць маладосць, любімая прафесія, поспех, вядомасць, а галоўнае – чыстае сумленне. І свае сілы я хачу накіраваць выключна на стварэнне ў Беларусі, на служэнне ёй. Беларусі, дзе не будзе месца палітычным рэпрэсіям, дзе не будуць пераследаваць за сумленную журналістыку, за праўду”.
Ігар Бабкоў, філосаф, пісьменнік:
“Беларусь сёння — ёсць лабараторыяй будучыні, у якой шукаюцца адказы на самыя важныя пытанні сучаснага жыцця. Як аказалася, у гэтых адказах маем патрэбу не толькі мы, але і ўвесь свет”.
Святлана Воцінава, звольненая галоўная рэдактарка часопіса “Маладосць”:
“Так, я страціла калектыў, у якім мы ўсе былі аднадумцамі. Але я зразумела, што я пазбавілася ад цяжару, які суправаджаў гэтую працу, ад гэтага маральнага прыгнёту, ад гэтых усіх невырашальных праблем…”
Міжнародная салідарнасць
Праваабарончыя і культурніцкія міжнародныя арганізацыі асуджаюць дзеянні беларускіх уладаў і патрабуюць спынення рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры, а таксама журналістаў, праваабаронцаў і беларускай грамадзянскай супольнасці.
- Заява Міжнароднага ПЭН-клуба
- Заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў
- Заява Amnesty International
- Заява International Media Support
- Заява ПЭНа Нарвегіі
- Заява праваабарончай арганізацыі ARTICLE 19
- Заява ПЭНа Амерыкі
- Заява ПЭНа Масквы і Асацыяцыі “Свабоднае слова”
Выставу “Страна для жизни” ладзяць беларусы Санкт-Пецярбургу з 20 лютага па 12 сакавіка. Яна паказвае, як “абяцаная дзяржава сацыяльнай справядлівасці ператварылася ў ‘Краіну для Жыцця’”.
Дэпутатка Еўрапарламента Карын Карлсбра (Шведская ліберальная партыя) падтрымала ініцыятыву Беларускага фонда культурнай салідарнасці аб пазбаўленні Белтэлерадыёкампаніі магчымасці ўдзельнічаць у Еўрабачанні-2021.
Песня «Муры» загучала па-чэшску ў падтрымку беларусаў.
У Вільні праходзіць выстава фатографак жаночага беларускага пратэсту.
Да Дня роднай мовы беларусы запісваюць відэа вершы, а дыпламаты ЕЗ, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША і Японіі абралі беларускія словы, якія ім найбольш даспадобы, на якія найбольш адгукаецца сэрца гэтымі днямі.
Рознае
Паэт Юлій Ільюшчанка расказаў пра жудасныя ўмовы ў ізалятары горада Жодзіна, куды ён трапіў на 25 сутак:
“У мяне пацверджаны кавід, а значыць, ён ва ўсіх, хто са мной сядзеў у Жодзіне. Нас фактычна прымусова заражалі. Першыя 3-4 дні ў камеры не адчынялі фортку, мы проста дыхалі і пацелі як селядцы”.
Amnesty International распавядае пра тое, як дзяржаўныя рэпрэсіі, якія рушылі за пратэстамі супраць вельмі спрэчнага перавыбрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта, уздзейнічаюць на культурнае жыццё ў Беларусі.
Спампаваць pdf-версію 20-га выпуску маніторынга культурнага супраціву