Маршруты, якія сёлета распрацоўваліся для жывой сустрэчы з аматарамі вандровак і літаратуры, праз складаныя ўмовы 2020 года ў Беларусі і свеце былі перанесеныя ў онлайн. Праект прысвячаецца 90-годдзю класіка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
“На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсць на зямлі…”
Першы адрас Уладзіміра Караткевіча – Орша, вуліца Уладзіміра Караткевіча (Касманаўтаў) 10.
Відэаэкскурсію вядзе пісьменніца, праваабаронца, аршанская суседка сваякоў класіка Паліна Качаткова.
Вы правандруеце па аршанскай вуліцы да дому бацькоў Караткевіча, дзе пісьменнік быў у гады юнацтва і куды вярнуўся за год да смерці. Школа №1, дзе вучыўся пісьменнік, – будынак пачатку XX стагоддзя ў стылі “мадэрн”. Зазірнеце ўдом Караткевіча, пабачыце пуню, на гарышчы якой была напісаная аповесць “Дзікае паляванне Караля Стаха”. Вас чакае спуск з гары на бераг Дняпра да ліпаў 1914 года, апяяных адным з вершаў Караткевіча.
“Караткевіч для ўсіх нас зрабіў значна больш, чым звычайны чалавек…”
Наступныя нашы адрасы Уладзіміра Караткевіча знаходзяцца ў Мінску. Гэта вуліца Карла Маркса, 36 – і вуліца Мікалая Чарнышэўскага, 7.
У наватарскім жанры лаканічных відэа-показак мясціны, дзе жыў і працаваў Уладзімір Караткевіч, калі быў ужо вядомым і ўсенародна любімым беларускім літаратарам, вам прадставіць пісьменнік, мастак і сусед Уладзіміра Караткевіча па пад’ездзе па абодвух згаданых адрасах Адам Глобус.
Яшчэ дзве экскурсіі, якія падрыхтавалі паэт і гісторык Антон Рудак (Мінск) і паэт, перакладчык, даследчык літаратуры Вячаслаў Лявіцкі (Кіеў), з’явяцца неўзабаве. Сачыце за абнаўленнямі!