• Навiны
  • Культурныя правы
  • Перажыць складаныя часы і верыць у лепшае – 10 выпуск дайджэста пра культуру ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

Перажыць складаныя часы і верыць у лепшае – 10 выпуск дайджэста пра культуру ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

Апошняе абнаўленне: 15 снежня 2020
Перажыць складаныя часы і верыць у лепшае – 10 выпуск дайджэста пра культуру ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу
“Можна бессэнсоўна маўчаць”, але мы адкрываем праўду штодня – ствараем мастацтва на волі і за кратамі, мастацтва, вольнае ад кратаў. 

Затрыманні і суды

Аляксей Сапрыкін, актор, актывіст, затрыманы ў нядзелю 6 снежня, атрымаў 15 сутак арышту. 

Мікіта Самарын

Мікіту Самарына з Гародні вінавацяць у парушэнні 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). 11 снежня суд Гародні прысудзіў яму чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу і 500 рублёў кампенсацыі, якую ён мусіць выплаціць пацярпеламу. 

Мікіту затрымалі 6 кастрычніка за тое, што ён пырснуў пярцовым балончыкам у бок тых, хто гвалтоўна затрымліваў людзей, пазней ён хаваўся. Мікіту жорстка збівалі і здзекваліся, пры катаваннях хлопцу нажом адрэзалі доўгія валасы, а таксама пырскалі ў вочы газавым балончыкам. Мікіта працяглы час займаўся рамонтам старых аўтамабіляў, з’яўляецца сябрам клуба рэканструктараў рэтрааўтамабіляў „Вінтаж”. Не раз удзельнічаў у фотасэсіях і гарадскіх фэстах.

Уладзіславу Макавецкаму, віцебскаму мастаку, які знаходзіцца пад вартай з 26 лістапада, пагражае да 6 гадоў турмы – ён абвінавачваецца ў гвалце ў дачыненні супрацоўнікаў унутраных спраў (арт. 364 КК). 

Паводле абвінавачання, 6 верасня падчас сутыкнення пратэстоўцаў з міліцыяй на вуліцы Праўды Макавецкі замахнуўся гумовай міліцэйскай палкай, якую падняў з зямлі, у бок супрацоўніка і выказваў нібыта вусныя пагрозы. Уладзіслаў Макавецкі заявіў, што не прызнае віны. 

Наталля Хершэ

Наталля Хершэ, беларуска, якая апошнія 12 гадоў жыла ў Швейцарыі і прыляцела ў Беларусь увосень, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што адбываецца ў краіне, была затрыманая на жаночым маршы ў Мінску 19 верасня. За тое, што Наталля сарвала балаклаву з амапаўца, яе асудзілі на 2,5 гады зняволення. Наталля – таксама мастачка. У Швейцарыі ў яе была выстава, партрэты, намаляваныя ёю, убачаць і ў Беларусі. Гісторыя Наталлі тут

Паўлу Хадзінскаму, фатографу з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, 9 снежня за фота ў Instagram прысудзілі 10 сутак арышту па п.1 арт. 23.34. Справу яшчэ па адным фота даслалі на дапрацоўку. 

Затрыманыя ў нядзелю, 13 снежня:

Аляксей Крышталь, джазавы кантрабасіст, які выступаў з Паўлам Аракелянам на дваровых канцэртах, атрымаў 12 сутак арышту. 

Лера Лазук (Турчынава), мастачка.

Каця Чэкатоўская, драматургіня, акторка. Гэта Каціна другое затрыманне, першы раз яна атрымала штраф. 14 снежня суд прысудзіў Каці 17 сутак адміністратыўнага арышту.


Ціск, звальненні, забароны 

Сучасны мастацкі тэатр, які восенню далучыўся да страйку, вымушаны спыніць працу, таму што ўжо два месяцы ім не падпісваюць “гастрольку” (гастрольнае пасведчанне), без якога яны не могуць паказваць спектаклі.  

Сяргей Клімаў

Сяргея Клімава, дырэктара Нясвіжскага замка, дзякуючы якому замак са стану заняпаду ператварыўся ў абавязковую для наведвання турыстычную каштоўнасць, цішком звольнілі, не патлумачыўшы прычынаў. 

Двух мінчукоў, Андрэя Мароза і Вікторыю Ляшчынскую, забралі з кватэр за сцягі на вокнах і 7 снежня ім прысудзілі 13 сутак, а сцягі пастанавілі знішчыць. У Мінску за сцягі «бел-чырвона-белых колераў» у вокнах і на балконах склалі ўжо больш за 20 пратаколаў і накіравалі справы ў суд, бо сцягі на вокнах, па меркаванні МУС і судоў, – гэта масавае мерапрыемства, пікетаванне, якое караецца згодна з артыкулам 23.34, калі яно не было ўзгоднена.

Да Аляксея Барысава, жыхара Магілёва, міліцыя прыйшла з-за сцяга, які вісеў у яго на балконе. У выніку ў яго канфіскавалі не толькі сцяг, але і ўсе рэчы, дзе знайшлі БЧБ-сімволіку, а таксама ўсю тэхніку: ноўтбук, кампутар, тэлефон. 

Цяпер міліцыя цікавіцца жыхарамі дамоў, на чыіх вокнах вісяць бел-чырвона-белыя  навагоднія гірлянды

Да Кастуся Лісецкага, тэхнічнага рэдактара часопіса “Роднае слова” і бас-гітарыста гурта “Rechа”, прыйшла міліцыя праз фота сцяга ў яго акне, хаця сам сцяг там даўно не вісеў. Яму паставілі ўльтыматум: альбо ён падпісвае, што згодны з пратаколам і яму даюць позву ў суд, альбо затрымліваюць і прыпісваюць непадпарадкаванне. Кастусь быў вымушаны пагадзіцца, інакш дзеці засталіся б дома адны. 

Ірына Сухій, лідарка экалагічнага руху, фатографка, удзельніца праекта “Беларускі клімат”, атрымала пісьмовае распараджэнне ад камунальных службаў з патрабаваннем прыбраць з вокнаў сімволіку і папярэджаннем пра адказнасць. Пры гэтым на вокнах і балконе Ірыны няма сімволікі –  верагодна, камунальныя службы памыліліся кватэрай пры візуальным аглядзе дома.


Творчы супраціў 

Мастак Андрэй Пакроўскі прысвяціў новы твор арыштаванаму паэту, перакладчыку і музыку Уладзю Лянкевічу.

Новы арт ад Ганны Радзько ў суаўтарстве з Юліяй Ляшкевіч

Віка Багдановіч, мастачка, якую затрымалі 26 верасня і прысудзілі да 14 сутак, у Баранавічах рабіла замалёўкі пра жыццё за кратамі. Малюнкі і гісторыі, звязаныя з імі, – у матэрыяле citydog

Алена Каданава, беларуска, якая жыве ў Познані, запісала песню “Я выхожу” на верш беларускай паэткі Тані Светашовай.  Яна прысвечаная забойству Рамана Бандарэнкі.

“Вольны хор” заспяваў гімн “Магутны Божа” на мемарыяле “Яма” да Міжнароднага дня памяці ахвяраў генацыду, які адзначаецца 9 снежня. Пры гэтым спевакі трымалі ў руках расцяжку з надпісам “Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Артыкул 127. Генацыд”. 

Мемарыял “Яма” створаны ў памяць пра ахвяраў габрэйскага гета Мінска — самага вялікага на тэрыторыі СССР: у ім было каля 100 тысяч чалавек. Большасць іх загінулі ў Халакосце.

Андрусь Такінданг, музыка, які адседзеў 15 сутак за выступ на дваровым канцэрце, рабіў замалёўкі пра жыццё і побыт у зняволенні. 

Распачаўся праект “Традыцыйны строй”, рэалізаваны ўстановай “Этнатрадыцыя” супольна з Цэнтрам даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Праект “Традыцыйны строй” – гэта першая онлайн энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яна будзе змяшчаць каля 15 відэакліпаў ды шэраг майстар-класаў. Да кожнага відэакліпа будзе далучана адмысловая інфармацыя з дэталёвым тлумачэннем рэгіянальных адметнасцяў. Цяпер, калі беларусы актыўна цікавяцца сваёй культурай, гэты праект падаецца вельмі патрэбным і своечасовым. 

Новая праца Уладзіміра Цэслера.

Выкладчыкі і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва запісалі моцны відэазварот “У мяне ёсць мара”, які нікога не пакіне абыякавым. 

Трансляцыя запісу першага канцэрта гурта TonqiXod, які прайшоў у РТБД, адбыўся 12 снежня.  Падчас пратэстаў-2020 усе ўдзельнікі гурта былі затрыманыя, асуджаныя і прайшлі праз турму. Вакаліст і аўтар песень Уладзь Лянкевіч паўторна асуджаны (першы раз – 6 сутак, цяпер – 15 сутак). 

Усе сродкі, сабраныя падчас трансляцыі гэтага запісу, будуць перададзеныя музыкам з гурта. Падтрымаць можна тут.

Гурт “Разбітае сэрца пацана” мусіў граць дваровы канцэрт для жыхароў Масюкоўшчыны, але на месца канцэрта прыехалі сілавікі – забралі некалькіх хлопцаў. Канцэрт адбыўся анлайн.

Славуты “Вольны хор”, які цягам апошніх чатырох месяцаў падтрымліваў беларусаў у іх празе да свабоды, 12 снежня ўпершыню зладзіў вялікі анлайн-канцэрт. Хор заспяваў альбом “Годныя песні”, які складаецца з тых самых песень , што дапамагаюць перажыць  складаныя часы і даюць веру ў лепшае. 


Галасы асобаў

Ганна Радзько, беларуская мастачка-ілюстратарка, сваю пазіцыю датычна падзей, што адбываюцца ў Беларусі, выказвае праз мастацтва. На яе малюнках, вельмі пазнавальных адметным стылем, – палітзняволеныя, героі пратэстаў і ключавыя моманты беларускай гісторыі апошніх месяцаў.  Чытайце інтэрв’ю з Ганнай па спасылцы. 

Уладзь Лянкевіч

Уладзь Лянкевіч, музыка, паэт, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, які быў затрыманы 6 снежня і атрымаў 15 сутак арышту, паспеў паразважаць у эфіры Еuroradio пра тое, чаму сёння кожны творчы чалавек павінен далучыцца да працэсаў абуджэння нацыі, чым гэтыя працэсы падобныя да музыкі і чаму ў “напісанні” гэтай музыкі важны ўнёсак кожнага. Выпуск “Ідэі Х” з Уладзем Лянкевічам можна паглядзець па спасылцы

Аляксандр Памідораў, легендарны беларускі рок-музыка, які ў канцы лістапада звольніўся з «Радыё Рокс», а да гэтага спяваў у падтрымку бастуючых, выступаў на дваровых канцэртах і адседзеў суткі ў Жодзіна, пагутарыў з газетай “Наша Ніва” пра дзёрзкія размовы ў турме, пра музыкаў на баку ўлады і тое, як улада сама пафарбавала грамадства ў бел-чырвона-белы. 

“Ты разумееш, што такое сябры, і што нечага для кагосьці не зрабіў, хаця мог. Ужо па-іншаму будуеш адносіны з людзьмі, камунікуеш з незнаёмымі на вуліцы. Усведамляеш каштоўнасць размовы, вагу слова, вартасць звычайнай папяровай кнігі, важнасць падтрымкі, кошт свежага паветра, нават калі цябе вывелі пагуляць у каменную турэмную банку без даху і ты чуеш, што недзе ідзе цягнік, брэшуць сабакі, адчуваеш пах чыгуначнага мазуту. Разумееш важнасць таго, каб падтрымаць суседзяў і загнаць праз баландзёра перадачку з каморы ў камору і атрымаць у адказ удзячны стук”.

Каця Пытлева, былая вядоўца беларускага тэлебачання і радыё, якая звольнілася ў пратэст з падзеямі жніўня ў Беларусі і вымушаная была з’ехаць з Беларусі праз пагрозу пераследу, распавяла пра youtube-канал Malanka Media, на якім выходзяць навіны, аналітычныя праграмы, дакумэнтальныя фільмы і іншая праўдзівая інфармацыя пра Беларусь, а таксама пра рэпрэсіі, ціск і тое, хто цяпер працуе на БТ.

Ілля Чарапко-Самахвалаў, лідар гуртоў «Петля Пристрастия» і «Кассиопея», які быў затрыманы 22 лістапада і адседзеў 15 сутак, распавёў пра свой першы турэмны вопыт

“Мне даслалі шмат лістоў. Я не змог адказаць на ўсе, бо ў нас у камеры быў толькі адзін стрыжань. Я б хацеў усім падзякаваць за паштоўкі, за цёплыя словы — гэта дапамагло не толькі мне, але і маім сукамернікам, якія з задавальненнем слухалі лісты. Людзі дасылалі крыжаванкі, імі самімі складзеныя, размалёўкі. Пісалі і сябры, і незнаёмыя наогул. Салідарнасць мяне вельмі ўразіла”.

Вольга Барабаншчыкава

Вольга Барабаншчыкава, былая тэнісістка і спявачка, выказалася пра спробу ўладаў забараніць бел-чырвона-белы сцяг: 

“Яны могуць сарваць хоць усе сцягі з вокнаў мірных жыхароў, але ім ніколі ўжо не сцерці гэтых жудасных малюнкаў з нашай памяці. Ніколі не атрымаецца ўжо вярнуцца ў “так, як было”. Як было – не будзе. Будзе лепш! Значна лепш ♥️  Але інакш.

Бо мы прачнуліся, і даведаліся, што мы адно ў аднаго ёсць. І што нас шмат, і нам не напляваць. У нас ёсць пачуццё салідарнасці і ўласнай годнасці. Мы многае ведаем пра жыццё і тое, як быць павінна. Мы гатовыя выйсці з зоны камфорту, каб дапамагчы незнаёмаму, але свайму”.

Тарас Круцкіх (Тарналіцкі), беларускі кінакрытык, выйшаў на волю пасля 25 сутак арышту. Ён быў сярод затрыманых 15 лістапада, якіх прымусілі 12 гадзін стаяць на марозе ўздоўж сцяны Савецкага РУУСА. 

“Есть интересный фильм Рогожкина «Чекист» по поводу 1937 года, когда три человека зачитывали небольшую характеристику задержанного и решали, нужно ли его расстреливать. «Кто за? Все за. Расстрел». Здесь было все то же самое, только тебя сажали на «сутки». Так что это такая «лайтовая» версия 1937 года”.


Міжнародная салідарнасць

Расійскі гурт “Танцы мінус” прысвяціў сваю новую песню “За шагом шаг” памяці мастака Рамана Бандарэнкі.

Польскі музыка Барташ Шчэсны, натхніўшыся Беларуссю, прысвяціў песню To mój dom (“Тут мой дом”) усім, хто змагаецца за свае правы.

У Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня шэраг міжнародных недзяржаўных арганізацый заклікалі да адказнасці і спынення рэпрэсій у Беларусі, у тым ліку жорсткіх нападаў на сімвалы і на іншыя формы культурнага супраціву паэтаў, мастакоў, музыкаў і іншых асоб.  

Вечар беларускіх паэтак прайшоў 12 снежня ў Санкт-Пецярбургу. На ім гучалі вершы Вольгі Гапеевай, Насты Кудасавай, Крысціны Бандурынай, Дар’і Бялькевіч, Ганны Комар, Юлі Цімафеевай і Ксеніі Валенды. 

Найстарэйшы расейскі музычны партал zvuki.ru апублікаваў ужо шэсць музычных сэтаў у рамках акцыі “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ”, каб падтрымаць беларускіх творцаў і Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Паслухаць сэты і падтрымаць музыкаў можна тут


Рознае

Яўген Малікаў

Яўген Малікаў, літаратар і мастацтвазнаўца з Магілёва, які быў звольнены з БелГУТа, дзе ён працаваў 16 гадоў, праз актыўную грамадзянскую пазіцыю, падаў іск, каб абскардзіць сваё звальненне

На судовым паседжанні 11 снежня быў выяўлены шэраг недакладнасцяў з боку адміністрацыі ўніверсітэта, таму справа накіраваная на дапрацоўку. 


Спампаваць pdf-версію дзесятага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by