З нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека і ў святле нядаўніх высноў па Беларусі як Маскоўскага механізму АБСЕ, так і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, названыя ніжэй арганізацыі глыбока занепакоеныя працягам злоўжыванняў, якія здзяйсняюцца агентамі і прыхільнікамі ўрада Аляксандра Лукашэнкі і заклікаюць да адмовы ад практыкі падаўлення іншадумства, заклікаюць да расследавання, прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека і выплаце ўсіх неабходных і справядлівых кампенсацый.
Жорсткія рэпрэсіі ўяўляюць сабой абуральнае парушэнне правоў на свабоду выказвання меркаванняў і інфармацыі, асацыяцыі і свабоды мірных сходаў, якія абараняюцца міжнароднай супольнасцю, а таксама культурных правоў пратэстоўцаў, актывістаў апазіцыі і журналістаў, якія асвятлялі шырокамаштабныя і ў асноўным мірныя дэманстрацыі пасля вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Справаздача Маскоўскага механізму АБСЕ – вынік расследавання, запытанага дзяржавамі-членамі АБСЕ ў сувязі з трывожнай сітуацыяй у Беларусі – дакументы і даследаванні, праведзеныя бакамі, якія падпісалі гэтую заяву, паказваюць шырокія прыклады празмернага гвалту з боку міліцыі і сістэматычных катаванняў, адвольных затрыманняў мірных пратэстоўцаў і журналістаў, шматлікія пераследы па палітычных матывах, адключэнне і блакаванне Інтэрнэту, а таксама шэраг іншых жорсткіх актаў рэпрэсій супраць тых, хто ўдзельнічае ў пратэстах або дакументуе іх. 4 снежня Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет пацвердзіла многія з гэтых справаздач падчас інтэрактыўнага вуснага паведамлення і адзначыла, што ніякіх паляпшэнняў не адбылося з тых часоў, як Савет па правах чалавека правёў у верасні тэрміновыя дэбаты па Беларусі – наадварот, крызіс толькі пагоршыўся.
Гэтыя дадзеныя пацвярджаюць паведамленні беларускіх праваабарончых арганізацый і арганізацый па свабодзе прэсы, якія працягваюць дакументаваць парушэнні. Мы хацелі б звярнуць увагу на шэраг нядаўніх выпадкаў, якія сведчаць аб жахлівых і зацяжных рэпрэсіях.
11 лістапада Раман Бандарэнка, як паведамляецца, быў збіты да смерці, калі ён спрабаваў перашкодзіць зносу сімвалаў пратэсту ў папулярным двары, вядомым дэманстрантамі як “Плошча Перамен” у Мінску. У першапачатковай справаздачы міліцыі гаварылася, што Бандарэнка ў стане алкагольнага ап’янення падышоў да групы “занепакоеных грамадзян”, якія спрабавалі супрацьстаяць распаўсюджваць “антыўрадавую сімволіку”. Наступныя паведамленні мясцовых журналістаў і праваабарончых арганізацый, а таксама папярэднія выпадкі здзяйснення дзеянняў міліцэйскімі ў цывільным і акты гвалту супраць пратэстоўцаў ставяць пад сумнеў гэтую тэорыю і патрабуюць далейшага расследавання.
Гэты выпадак дэманструе як жорсткія напады на сімвалы і на іншыя формы культурнага супраціву паэтаў, мастакоў, музыкаў і іншых асоб, так і жорсткасць, якая ўжываецца да пратэстоўцаў падчас правядзення дзясяткаў тысяч арыштаў і жорсткае абыходжанне з імі падчас утрымання пад вартай, у тым ліку з ужываннем катаванняў.
Працягваецца беспрэцэдэнтны ціск на дзеячаў культуры: арышты падчас дваровых канцэртаў у падтрымку мясцовых супольнасцяў, звальненні з тэатраў, якія ў шэрагу выпадкаў суправаджаюцца забаронай на прафесію (забарона на працу ў іншых тэатрах), у дачыненні да музыкі бубнача Андрэя Санчука заведзеная крымінальная справа і яго ўтрымліваюць пад арыштам; уладальнік Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” Аляксандр Васілевіч больш за тры месяцы знаходзіцца пад арыштам, галерэя зачынена; паэт Дзмітрый Строцаў быў схоплены ў двары дома, з мяшком на галаве і ў кайданках дастаўлены ў КДБ; у дачыненні да графічнага дызайнера Раберта Вальдэса Касануэва, які больш за 30 гадоў жыве ў Беларусі са сваёй сям’ёй, рыхтуецца дэпартацыя і забарона на ўезд у Беларусь; многія прадстаўнікі творчых прафесій пад пагрозай рэпрэсій вымушаныя пакідаць Беларусь, сярод іх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Цэслер, Вольга Шпарага. Паводле звестак маніторынгу Беларускага ПЭН-цэнтра зафіксавана больш за пяцьсот выпадкаў ціску на дзеячаў культуры за 2020 год.
Акрамя таго, сярод 9 журналістаў, якія ў цяперашні час знаходзяцца пад следствам за сваю прафесійную дзейнасць, Кацярына Барысевіч, Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова ўтрымліваюцца за кратамі па крымінальных абвінавачваннях, акрамя тых, што прыцягнутыя па адміністратыўнай адказнасці. Барысевіч, журналістка TUT.by, у цяпер знаходзіцца пад следствам па ілжывым абвінавачванні ў “раскрыцці медыцынскай таямніцы” пасля таго, як у навінах працытавала лекара, які заявіў, што ў арганізме Бандарэнкі алкаголь не знойдзены, насуперак паведамленням міліцыі. Журналісткі тэлеканала “Белсат” Андрэева і Чульцова ўтрымліваюцца пад вартай па абвінавачванні ў арганізацыі масавага мерапрыемства, якое парушае грамадскі парадак, за тое, што вялі прамую трансляцыю гвалтоўнага разгону пратэстаў на Плошчы Пераменаў.
Гэтыя выпадкі ўяўляюць сабой толькі невялікую частку з больш чым 400 выпадкаў парушэнняў свабоды прэсы, якія мелі месца падчас пратэстаў, уключаючы фізічныя напады, затрыманні, знішчэнне і канфіскацыю абсталявання, а таксама адмову ў акрэдытацыі.
Урад Беларусі з’яўляецца ўдзельнікам Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), і задакументаваныя парушэнні супярэчаць некалькім артыкулам гэтай дамовы. Яны таксама парушаюць абарону, гарантаваную Канстытуцыяй Беларусі, і многія з іх могуць быць прызнаныя правапарушэннямі ў адпаведнасці з нацыянальным крымінальным заканадаўствам.
Аднак беларускія улады не расследавалі заявы аб правапарушэннях з боку праваахоўных органаў або іншых дзяржаўных агентаў, а супраць палітычных апанентаў ўрада было распачата больш за 900 спраў. Таму мы заклікаем улады Беларусі зрабіць наступнае:
- Неадкладна вызваліць журналістаў Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), Дар’ю Чульцову, музыку Аляксея Санчука і іншых, затрыманых за ажыццяўленне свайго права на мірныя сходы, свабоду слова і прэсы;
- Спыніць крымінальны пераслед і перагледзець судовыя рашэнні па ўсіх адміністрацыйных справах супраць журналістаў і іншых грамадзян, якія падвяргаюцца судоваму пераследу за выказванне свайго меркавання і распаўсюджванне інфармацыі;
- Правесці хуткае, грунтоўнае і непрадузятае расследаванне збіцця да смерці Рамана Бандарэнкі і ўсіх парушэнняў правоў журналістаў, актывістаў, дзеячаў культуры і іншых асоб, якія падвергліся гвалту, рэпрэсіям, катаванням і жорсткаму стаўленню падчас акцый пратэсту, каб прыцягнуць іх да адказнасці;
- Прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў справаздачы Маскоўскага механізму АБСЕ ў дачыненні да прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, абароны правоў чалавека і неабходнасці структурнай рэформы ў Беларусі;
- Забяспечыць Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і тым, у каго ёсць мандат для спецыяльных працэдур, доступ у краіну для правядзення маніторынгавых мерапрыемстваў, прадугледжаных у рэзалюцыі 45/1 Савета па правах чалавека.
Арганізацыі, якія падпісаліся пад заявай, будуць працягваць сачыць за сітуацыяй і патрабаваць неадкладнага прыняцця вышэйзгаданых мер і спынення падаўлення галасоў апазіцыі і сродкаў масавай інфармацыі.
ARTICLE 19
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў
Камітэт абароны журналістаў (CPJ)
ПЭН Амерыка
Міжнародны ПЭН
ПЭН Нарвегіі
Журналісты без межаў (RSF)
Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова (IFEX)
Беларускі ПЭН-цэнтр
Прачытаць заяву на сайце IFEX.