У сувязі з атрыманнем інфармацыі аб пачатку судовага разбіральніцтва ў судзе Фрунзенскага р-на г. Мінска ў дачыненні да Максіма Паўлюшчыка, абвінавачванага па ч.2 арт. 339 (хуліганства) і ч.2 арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам ці пацягнуўшае прычынне шкоды ў буйным памеры) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, абапіраючыся на выказаную намі раней пазіцыю па дадзенай справе ў заяве ад 29 кастрычніка 2020 г. яшчэ раз адзначаем наступнае.
Напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства.
Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены (месца забойства супрацоўнікамі міліцыі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага), у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх. Сам надпіс не ўтрымлівае нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Надпіс “Не забудзем” на асфальце тратуара не мог прывесці да значнага пашкоджання ці знішчэння дарожнага пакрыцця, і матэрыяльная шкода ад такога надпісу відавочна насіла сімвалічны характар.
Штучнае, на нашую думку, павялічэнне памеру шкоды прывяло да дадактовай кваліфікацыі дзеянняў абвінавачанага па ч.2 арт. 218 КК – наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам ці пацягнуўшае прычынне шкоды ў буйным памеры. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае дадзенай часткай артыкула 218, складае да 10 гадоў пазбалення волі.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Максіма Паўлюшчыка палітычна матываваным, а самога Максіма Паўлюшчыка палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Максіма Паўлюшчыка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;