• Заявы
  • Заява пратэсту супраць наступу на Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў

Заява пратэсту супраць наступу на Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў

Апошняе абнаўленне: 18 лістапада 2020
Заява пратэсту супраць наступу на Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў
12 лістапада ўлады Беларусі нанесьлі ўдар па адной з найстарэйшых моладзевых арганізацыяў краіны: рэпрэсіўныя органы затрымалі лідэраў і актывістаў Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў (ЗБС), у кватэрах сябраў студэнцкага аб’яднаньня ды ў офісе арганізацыі адбыліся ператрусы.

Сярод тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі – былыя і цяперашнія студэнты, прыхільнікі ЗБС: Ксенія Сырамалот, Алана Гебрэмарыям, Ягор Канецкі, Яна Арабейка і Кася Будзько. Затрыманая 12 лістапада ў Менску актывістка ЗБС і сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, прадстаўніца экс-кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта краіны Сьвятланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай у крымінальнай справе і знаходзіцца ў турме КДБ.

Высунутае ў якасьці падставы для затрыманьня і сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да сябраў ЗБС падозраньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх”) зьязўляецца відавочна безпадстаўным і ставіць гэтую справу ў адзін шэраг з сотнямі палітычна матываваных крымінальных справаў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанэнтаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму.

ЗБС – адна з найстарэйшых і найвядомейшых арганізацыяў беларускай моладзі. Задзіночаньне паўстала як антыкамуністычная моладзевая арганізацыя напрыканцы 1980-ых гадоў, у часы ўмацаваньня дыктатуры Лукашэнкі яднала дэмакратычную моладзь на глебе супраціву аўтарытарнаму рэваншу, за што напачатку 2000-х гадоў было пазбаўленае юрыдычнай рэгістрацыі. Аднак арганізацыя выстаяла перад шматлікімі рэпрэсіямі і захавала здольнасьць прыцягваць у свае шэрагі беларускую моладзь, для якой важныя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека.

Цяпер, у 2020 годзе, беларускае грамадзтва абудзілася – і рэжым адказаў на гэтае абуджэньне рэпрэсіямі: звальненьнямі з працы, адлічэньнямі з вучобы, нематываваным гвалтам супраць пратэстоўцаў, зьбіцьцём, катаваньнямі, арыштамі, штрафамі, крымінальнымі прысудамі, не спыняючыся нават перад адкрытымі забойствамі пратэстоўцаў. Рэжым перастаў зважаць нават на мінімальныя прававыя абмежаваньні свавольства, адкрыта стаўшы на шлях беззаконьня і тэрору супраць уласнага народу. Ціск і гвалт скіраваныя супраць усіх грамадзкіх інстытутаў, у тым ліку пад асобны ўдар патрапілі няўрадавыя арганізацыі. Сотні актывістаў НДА зазналі затрыманьні, арышты, ператрусы, зьбіцьцё і катаваньні.

Адмысловыя і жорсткія рэпрэсіі скіраваныя рэжымам супраць тых арганізацыяў, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, вядуць праваабарончую дзейнасьць, аказваюць дапамогу вязьням і ахвярам рэпрэсіяў.

Беларуская студэнцкая моладзь бярэ чынны ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў і зьяўляецца адным з рухавікоў забастовачнага руху, які разгортваецца цяпер у Беларусі ў знак пратэстаў супраць гвалту і сыстэмнага парушэньня законнасьці і правоў чалавека ў краіне.

У сукупнасьці ўсе вядомыя абставіны справы ЗБС адназначна ўказваюць на тое, што пагром Задзіночаньня наўпрост зьвязаны з палітычнай актыўнасьцю арганізацыі і яе лідэраў.

З улікам выкладзенага мы, прадстаўнікі праваабарончага руху Беларусі ды кааліцыйных і парасонавых аб’яднаньняў Беларускай грамадзянскай супольнасьці:

– выказваем рашучы пратэст супраць крымінальнага перасьледу ды іншых формаў рэпрэсіяў у дачыненьні да лідэраў, актывістаў ды прыхільнікаў Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў ды ўсіх іншых НДА, якія падпалі пад палітычны перасьлед;

– падкрэсьліваем, што дзейнасьць ЗБС, Каардынацыйнай рады ды іншых грамадзкіх фармаваньняў ды НДА зьяўляецца формай рэалізацыі свабоды асацыяцыяў (свабоды аб’яднаньняў), і ў такой якасьці знаходзіцца пад абаронай артыкула 36 Канстытуцыі Беларусі і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах;

– заяўляем, што перасьлед сябраў ЗБС мы разглядаем як праяву палітычных рэпрэсіяў, а саміх зьняволеных мы ўважаем за палітвязьняў;

– патрабуем неадкладнага вызваленьня актыістаў ЗБС ды ўсіх іншых палітвязьняў, а таксама спыненьня ўсіх узбуджаных крымінальных справаў супраць актывістаў няўрадавых арганізацыяў, журналістаў, блёгераў, праваабаронцаў, валянтэраў, назіральнікаў ды іншых удзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі;

– перасьцерагаем улады ад далейшага разгортваньня рэпрэсіяў і гвалту супраць грамадзянскай супольнасьці, які супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству, канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам краіны ў галіне правоў чалавека;

– выказваем падтрымку актывістам ЗБС і зычым ім стойкасьці ў выпрабаваньнях, якая дапамагала ЗБС быць адной з найбольш трывалых арганізацыяў беларускай грамадзянскай супольнасьці, здольнай да супраціву і разьвіцьця, нягледзячы на розныя формы рэпрэсіяў, якія былі скіраваныя супраць яе;

– заклікаем усе структуры беларускай грамадзянскай супольнасьці да салідарнасьці з тымі арганізацыямі ды ініцыятывамі, якія патрапілі пад перасьлед, да ўзаемнай дапамогі шляхам інфармацыйнай ды матэрыяльнай падтрымкі.

  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафзьвязаў
  • Беларуская нацыянальная плятформа ФГУ УП, Сакратарыят
  • Беларускі ПЭН-цэнтр
  • Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”
  • Беларускі хельсінкскі камітэт
  • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • Прававая ініцыятыва
  • ПЦ “Вясна”
  • Простае таварыства “Ініцыятыва Forb
  • Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend)
  • Human Constanta